Яго абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады, арт. 391 — абраза суддзі альбо народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя, ч. 1 арт. 368 — публічная абраза Лукашэнкі і ч. 1 арт. 293 — падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, паведамляе «Вясна».

Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч.

Па даных следства, Васіль Дземідовіч з верасня 2021 года па студзень 2022 года размяшчаў у дэструктыўных Telegram-каналах паведамленні з абразамі прадстаўнікоў улады, у тым ліку вышэйшых службовых асоб. Таксама ён выказваў пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўнай і судовай сістэм, пры гэтым публічна зневажаючы іх гонар і годнасць.

Паведамляецца пра 60 фактаў злачыннай дзейнасці.

Таксама следства сцвярджае, што мужчына «заклікаў грамадзян да дзеянняў, накіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі, знішчэннем адміністрацыйных будынкаў. У экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах ён шукаў людзей, гатовых здзяйсняць злачынствы, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

Cудовы працэс распачаўся 2 жніўня.

Падчас допыту абвінавачаны распавёў, што раскайваецца і шкадуе пра зробленае. Таксама дадаў, што ва ўсім вінаватыя эмоцыі, якім ён паддаўся, паверыўшы інфармацыі, размешчанай на «дэструктыўных рэсурсах».

Вядома таксама, што Васіль Дземідовіч раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?