Андрэй Іванец
Паводле міністра, з верасня 2022-га ўсе ўстановы адукацыі, уключаючы прыватныя, будуць абавязаныя праходзіць дзяржаўную акрэдытацыю ўжо на першым годзе стварэння (або змены віду дзейнасці), не чакаючы першага выпуску.
Андрэй Іванец падкрэсліў, што бацькі, аддаючы дзяцей у такія ўстановы, павінны сачыць, ці выконваецца навучальны план, якая кваліфікацыя настаўнікаў, ці арганізаванае харчаванне, аказанне медыцынскай дапамогі. «Бацькам, каб быць упэўненымі ў сваіх укладаннях, варта пераканацца ў наяўнасці акрэдытацыі, вывучыць устаноўчыя дакументы, паглядзець умовы», — мяркуе міністр.
Таксама рыхтуецца праект закона «Аб ліцэнзаванні», які, на думку чыноўніка, адсячэ тых, хто праследуе выключна камерцыйныя мэты «на шкоду дзяржаве і асобы».
«У працэс ліцэнзавання будуць ўцягнутыя ўсе прыватныя ўстановы адукацыі — дзіцячыя садкі, школы, гімназіі, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці…
Гэта дазволіць кантраляваць выкананне стандартаў адукацыйнай дзейнасці, выкананне санітарных нормаў і правіл, праверыць гатоўнасць у частцы матэрыяльна-тэхнічнага, кадравага, вучэбна-метадычнага забеспячэння», — зазначыў міністр.
Прадугледжваецца прыпыненне ці нават спыненне ліцэнзіі, калі ўстанова не пройдзе дзяржаўную акрэдытацыю. Такім чынам, будуць узаемазвязаныя дзве асноўныя працэдуры: ліцэнзаванне (дае права на ажыццяўленне дзейнасці) і дзяржакрэдытацыя (дазваляе выдачу выпускнікам дакументаў аб адукацыі).
Праект плануюць разгледзець у другім чытанні на восеньскай сесіі, і пасля ўступлення закона ў сілу ўжо не атрымаецца па заяўным прынцыпе ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.
У адзіным дзяржрэгістратары юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў амаль паўсотні такіх арганізацый: 35 арганізуюць агульную сярэднюю адукацыю, 14 — дашкольную адукацыю. Дзяржакрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам дакументы аб адукацыі (пасведчанні, атэстаты), прайшлі толькі 13 устаноў.
На думку Іванца, акрэдытацыя і ліцэнзаванне «будуць фактарам дысцыплінавання».