У пачатку нулявых Цапкала быў датычны да прасоўвання за мяжой прэміяльнай беларускай гарэлкі. Гарэлку «Марк Шагал» з патрэтам мастака і гравюрамі Віцебска выпускаў завод «Мінск-Крышталь» па замове беларуска-французскага прадпрыемства «Вуадор».
Падрабязнасці гэтай гісторыі раней апісвалі Naviny.by. У 2002-м Цапкала зарэгістраваў на сябе дамен vodkachagall.com. Кампаніяй «Вуадор» кіраваў Анатоль Бандарчук. Высокаградуснага «Шагала» збіраліся пастаўляць у ЗША, Аўстралію, Вялікабрытанію і Японію.
Праўда, паспяховым той праект не стаў.
Французскі «Камітэт Марка Шагала» быў супраць выкарыстання імя мастака ў беларускіх гандлёвых марках. Яны лічылі, што гарэлка пад такім брэндам дыскрэдытуе авангардыста.
Камітэт падаў скаргу на Валерыя Цапкалу. Яе разглядаў Цэнтр па арбітражы і пасрэдніцтве Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Наколькі вядома, Цапкала адмовіўся ад вэб-сайта.
Прэс-сакратар палітыка Аляксей Урбан у 2020-м казаў журналістам Naviny.by, што вытворчасць гарэлкі так і не пачалася, а дамен Цапкала рэгістраваў па просьбе сяброў.
У 2009-м «Вуадор» прызналі банкротам і ліквідавалі.
Анатоль Бандарчук расказваў, што, калі Цапкала быў паслом у ЗША, ён дапамог зарэгістраваць гандлёвую марку, каб наладзіць продаж гарэлкі.
«Можа быць, я тады папрасіў яго зарэгістравацца замест мяне, але я не памятаю, таму што гэта было даўно, — згадваў ён пра дамен. — Я ўвесь час прасіў яго дапамагчы. Ён, так бы мовіць, быў далёкі ад гарэлкі, ён больш любіць віно».
У 2020-м Анатоль Бандарчук быў асноўным уладальнікам кампаніі Nordcom Global, якая спецыялізуецца на распрацоўцы і падтрымцы лічбавых платформаў, сістэм падтрымкі прыняцця кіраўнічых рашэнняў, а таксама сістэм абароны інфармацыі.
Бандарчук таксама заснавальнік дабрачыннай арганізацыі «Міжнародны фонд лічбавай спадчыны» з офісам у Кіеве. Мэта фонду — аблічбоўка і захаванне культурнай спадчыны чалавечай цывілізацыі, а таксама стварэнне ўмоў для яго далейшага даследавання.
Валерый Цапкала супрацоўнічаў з абедзвюма структурамі Анатоля Бандарчука, адзначалі журналісты. На сайце фонду ён быў пазначаны як кіраўнік назіральнай рады (цяпер сайт не даступны). На сайце Nordcom Global згадваецца ў ліку менеджараў экспертнай групы.
Чытайце таксама:
Што за фонд «Беларусь будучыні», заснавальнікам якога фігураваў Цапкала з ахвяраваннямі нібыта на чатыры мільёны даляраў?





