Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заяўляў, што на фоне нестабільнай геапалітычнай сітуацыі ўкладанні ў золата стануць ідэальнай альтэрнатывай скупцы даляраў.
Расійскія прыватныя кампаніі, паверыўшы парадам, з сакавіка ставілі рэкорды па закупцы залатых зліткаў. Лік пайшоў на дзясяткі тон, павышаным попытам карысталіся зліткі вагой ад 1 кг.
Адным з рэкардсменаў па продажах стаў Сбербанк, які даў справаздачу аб продажы золата на 10,9 тоны. На цэлыя тоны ішоў лік і ў іншых банкаў: у сярэдзіне красавіка ВТБ паведамляў аб продажы кліентам 2 тон золата ў злітках. ПСБ за апошнія чатыры месяцы прадаў кліентам 1 тону залатых зліткаў.
Аднак акурат з таго часу золата стала імкліва таннець. Калі 3 сакавіка золата можна было купіць па 7264 рубля за грам, то цяпер толькі па 3201 рубля.
Такім чынам, расіяне ўжо страцілі 56% ад першапачатковых укладанняў, калі пераводзіць на грошы — то гэта больш за 2 мільярды расійскіх рублёў.





