«Наша Ніва»: З якой місіяй вы прыехалі ў Беларусь? 

Нікаля дэ Лакост: Мая місія нумар адзін — аб’ектыўна апісваць тое, што адбываецца. 

«НН»: І што вы ўбачылі? 

НЛ: Я ўбачыў, што тупік поўны, ніякіх перадумоваў для дыялогу няма, выйсці са становішча складана. Каб зразумець, як гэта зрабіць, я размаўляў з рознымі людзьмі. Але пабыў у краіне зусім трошкі — 10 месяцаў, пасля гэтага я выехаў і дзейнічаў з Вільні. 

«НН»: З кім паспелі пагаварыць? 

НЛ: Усе сустрэчы мы публікавалі на сайце місіі. Я сустракаўся з чыноўнікамі з МЗС, гаварыў з прадстаўнікамі рэгіянальных гарадоў: у Барысаве, Шчучыне, Паставах, Гомелі, Ракаве. Усе мае кантакты былі скіраваныя на тое, каб лепш зразумець, што ў вас адбываецца і прадставіць у адказ наш погляд — як мы бачым. 

Гаворачы з рэгіянальнымі чыноўнікамі я бачыў, што, насуперак афіцыйнай пазіцыі, яны вельмі хацелі працягваць супрацоўніцтва з краінамі ЕС. Я перакананы, што большасць у адміністрацыях і ў міністэрствах не ўхваляюць тое, што адбываецца, што і яны хочуць сяброўства з ЕС. Хочуць жыць па нашых стандартах. 

Да 9 жніўня Францыя і Еўрапейскі Саюз шчыльна ўзаемадзейнічалі з Беларуссю. Многія чыноўнікі пабывалі ў нас, паглядзелі, зрабілі сумесныя праекты. Гэта 9 жніўня паклала канец вялікаму руху да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва.

«НН»: А як вам Макей? 

НЛ: Я думаю, яму даводзіцца кіраваць ведамствам, у якім шмат нязгодных з існай сітуацыяй. З Макеем у мяне былі абмежаваныя размовы.

Я казаў яму, як мы бачым становішча ў Беларусі, як мы бачым, як выйсці з тупіка, ён паўтараў афіцыйную версію: «Захад ва ўсім вінаваты». І, увогуле, рэпрэсіі — гэта да МУС, а не да МЗС. 

17 кастрычніка 2021-га ў мяне быў апошні дзень у Беларусі, бо я не стаў уручаць даверчыя граматы. Такая была інструкцыя з Парыжа. І тады Макей праз сваіх работнікаў давёў мне, што або вы ўручаеце граматы, або мы не вітаем вашу работу ў Беларусі. Я выехаў. 

Ну, яшчэ я сустракаўся з Андрэем Савіных, але гэта была размова глухога з нямым. 

«НН»: А з сілавікамі нейкімі вы сустракаліся? 

НЛ: Сустракаўся з некаторымі былымі сілавікамі, але найчасцей — з аховай пасольства…

Гэта было троху анекдатычна: я кожны дзень казаў «Добры дзень», калі прыходзіў на работу, а яны адказвалі — «Здравствуйте», я ім «Да пабачэння», а мне — «До свидания». І толькі адзін чалавек аднойчы мне адказаў «Да пабачэння». Мы разгаварыліся.

Для яго гэта было важна — адказаць па-беларуску. Але дэталі размовы перадаваць не буду. 

«НН»: Не спыталі яго, чаму яны так робяць — кашмараць народ? 

НЛ: Думаю, у іх ёсць вялікі страх і няма мужнасці, каб нешта сказаць насуперак і дзейнічаць згодна са сваімі жаданнямі. Вялікі страх. 

«НН»: Чым вы ганарыцеся за час работы? 

НЛ: У Мінску мне ўдалося арганізаваць вялікую сустрэчу на карысць касцёла ў Будславе, пасля пажару. Гэта быў прыём, дзе прымаліся ахвяраванні. Усе канфесіі прынялі ўдзел разам з дыпламатамі. У Вільні я адкрыў французскі цэнтр для беларускіх студэнтаў у рамках ЕГУ. Я таксама ганаруся, што нам удалося папрацаваць з Офісам Святланы Ціханоўскай над рознымі праектамі, важнымі для беларусаў. 

«НН»: Чаму Беларусь важная для Францыі?

НЛ: Мы бачым уцягнутасць Беларусі ў вайну супраць Украіны. Гэта ўжо дастаткова для адказу на пытанне, чаму важная. Беларусь важная праз бяспеку ўсёй Еўропы. Нас хвалюе тое, што ядзерная зброя можа з’явіцца тут, што рэжым Лукашэнкі прадастаўляе тэрыторыю для атак на Украіну. Ды і, у цэлым, тут шмат сяброў Францыі. 

«НН»: Як думаеце, якая будучыня чакае Беларусь? 

НЛ: Я ўпэўнены, што будучыня Беларусі будзе выдатнай, там будзе дэмакратыя і свабода. Я шмат бываў у Беларусі да 2020-га, але ў 2020-м гэта ўжо іншыя людзі. І гэты вялікі разрыў паміж чаканнямі людзей і тым, што прапануе ўлада, ён нікуды не дзеўся. Гэта пытанне часу. Канечне, цяпер дэпрэсіўна, але святло будзе.

Я дзіцём бачыў дыктатуру ў Чылі, бачыў дыктатуру ў Польшчы студэнтам, калі ўсе думалі: усё — поўная безнадзёга, усё задушана, 40 тысяч салдат Варшаўскай дамовы ў краіне. Гэта быў 1987 год… Праз два гады — няма больш гэтага нічога. У вас гэтак жа будзе. 

«НН»: А што б вы сказалі Лукашэнку? 

НЛ: Тое, што сказаў яму прэзідэнт Макрон пасля 24 лютага актуальна і цяпер — нельга зрабіць Беларусь васалам Расіі. 

«НН»: Што б вы сказалі беларускім сілавікам і ваенным? 

НЛ: Я б сказаў, што яны могуць вельмі лёгка патраціць суверынітэт сваёй Радзімы. А вось вярнуць яго назад — складана ці немагчыма пры іх жыцці. Трэба быць патрыётамі не ўладаў, як ім унушаюць, а Радзімы-Беларусі. 

«НН»: Што б сказалі беларускаму грамадству? 

НЛ: Грамадства можа ганарыцца сабой — яно зрабіла першы крок, каб вызваліцца. Надзея не знікла, лепшыя часы будуць. Ёсць час падрыхтавацца да таго, што будзе ў хуткай будучыні. Беларусь не належыць аднаму чалавеку, яна належыць усім — рыхтуйцеся выказацца. 

«НН»: Што б сказалі сем’ям палітвязняў? 

НЛ: Я асабіста ведаю многіх палітзняволеных — перасякаўся з некаторымі да іх арышту. Я хадзіў на судовыя паседжанні, напрыклад, на працэс Віктара Бабарыкі. Мы, разам з прадстаўнікамі ЕС, рэгулярна сустракаліся з сем'ямі палітвязняў і ў Мінску і ў Вільні.

Я хачу сказаць што няма ні тыдня, калі ў Парыжы, у Бруселі не абмяркоўваецца Беларусь і палітвязні, асабліва палітвязні.

Усе мы не павінны забываць пра іх і рабіць усё — кожны на сваім узроўні, — каб дамагчыся найхутчэйшага вызвалення. 

Клас
82
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
6
Абуральна
12