Расійская армія нясе істотныя страты ў вайне супраць Украіны. Але ў Маскве не любяць пра гэта казаць. Апошні раз расійскае Мінабароны паведамляла пра загінулых і параненых чатыры месяцы таму.

На фоне вялікіх стратаў ва Украіне ў Расіі ідзе масавы набор добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне. СМІ расказвалі пра адкрыццё 14 пунктаў вярбоўкі наймітаў у Сірыі. Сірыйскім добраахвотнікам абяцалі плаціць ад 300 да 1100 даляраў на месяц у залежнасці ад спецыяльнасці.

Шырокі набор наймітаў на вайну з Украінай вядуць і ў Расіі. Выданне «Важныя гісторыі» высветліла, што вярбуюць і беспрацоўных, і зняволеных. Актыўнасць праяўляюць так званая прыватная ваенная кампанія «Вагнер», якую звязваюць з «кухарам Пуціна», бізнэсменам Яўгенам Прыгожыным, і «Саюз добраахвотнікаў Данбаса», які ўзначальвае дэпутат Дзярждумы і экс-кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Барадай.

З 8 ліпеня другая арганізацыя абвясціла аб прыёме іншаземцаў. Журналіст «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» пад выглядам добраахвотніка патэлефанаваў, каб даведацца, ці возьмуць на вайну беларуса. Аказалася, з гэтым няма ніякіх праблем. На месяц абяцалі мінімум 2000 даляраў.

Афіцыйна ў «Саюзе добраахвотнікаў Данбаса» сказалі, што беларусы тэлефануюць кожны дзень. Маўляў, ахвотных сотні, але колькі з іх запісалася ваяваць, у арганізацыі не раскрываюць. Там таксама не змаглі сказаць, колькі беларусаў ужо ваюе за Расію ва Украіне. Па розных крыніцах, знайшося каля дзясятка чалавек. Праўда, некаторыя ўжо загінулі.

Васіль Курловіч. Крыніца: старонка ў VKontakte

Васіль Курловіч. Крыніца: старонка ў VKontakte

Сярод іх — ураджэнец Ваўкавыска Васіль Курловіч, які меў некалькі судзімасцяў, у тым ліку за наркотыкі.

Курловіч ваяваў на Данбасе з 2014 года. Служыў у агнямётнай роце, якая дыслакуецца ў Алчэўску Луганскай вобласці. За ўдзел у баях пад Дэбальцавым атрымаў узнагароду ад імя кіраўніка «ЛНР».

47-гадовы Васіль Курловіч, па звестках телеграм-канала Саюза маці, загінуў 22 сакавіка 2022 года.

«Мы з ім служылі ў адной роце, у сакавіку месяцы пры выкананні баявога задання загінуў ад снайпера, цела [тады] не маглі забраць, цяпер прайшоў час. Я не ведаю, забралі яго ці не», — расказаў Міхаіл Шагодзін, калега Курловіча.

Акрамя Курловіча, у сацсетках альбо іншых крыніцах журналісты знайшлі яшчэ пяць ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі на гэтай вайне. Гэта Павел Яўглеўскі, Пятро Лузанаў, Мікалай Маркаў, Уладзіслаў Чарноў і Андрэй Бабко. Украінская выведка ў сваю чаргу паведамляла пра пахаванне двух беларускіх наймітаў, не называючы іх імёны.

Але сярод беларусаў ёсць і тыя, хто працягвае ваяваць ва Украіне на баку РФ. Большасць беларусаў, якія ваююць у расійскіх і прарасійскіх падраздзяленнях ва Украіне, адкрыта пра сваю дзейнасць не распавядаюць. Але ў шэрагах «Арміі ДНР» мы знайшлі чалавека, які ператварыў сваю старонку «ВКонтакте» у ваенна-палявы дзённік.

Анатоль Малчанаў. Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте»

Анатоль Малчанаў. Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте»

Гэта 52-гадовы Анатоль Малчанаў, ураджэнец Вінніцы, які шмат гадоў пражыў у Гомелі, дзе меў судзімасці, у тым ліку за крадзеж і нявыплату аліментаў.

Яшчэ ў 2004 годзе трапіў у поле зроку КДБ за ўдзел у руху казакоў «Белая гвардыя».

У 2014 годзе быў у шэрагах «Крымскай самаабароны», удзельнічаў у блакаванні ўкраінскіх вайсковых баз. Пасля прыбыў у Славянск, дзе камандаваў ротай разведкі пад пазыўным «Собр». Атрымаў цяжкае раненне ў руку, перанёс аперацыю, ваяваў аж да канца 2014 года ў званні «падпалкоўніка узброеных сілаў ДНР».

З сакавіка 2022 года Малчанаў апублікаваў на старонцы ў «ВКонтакте» фота са зброяй у руках на фоне разбураных будынкаў на Данбасе.

Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте»

Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте»

У красавіку 2022 года ён напісаў, што яго рапарт аб пераводзе ў штурмавы батальён задаволілі, а ў чэрвені выклаў фота ў форме ўзброеных сілаў самаабвешчанай «ДНР».

Малчанаў у сацыяльных сетках у асноўным аналізуе сітуацыю на фронце, пра асабісты вопыт расказвае мала. Пагадзіўся на інтэрв'ю за 70 тысяч расійскіх рублёў. «Мяне ў гэтым жыцці цікавяць толькі сэкс і грошы», — напісаў Малчанаў у адказ на запыт. Мы не змаглі ўгаварыць яго на бясплатны каментарый.

Малчанаў — не адзіны беларус, які ваюе за сепаратыстаў ва Украіне. На пачатку мая ў тэлеграм-каналах з'явілася відэа з чалавекам у вайсковай форме і аўтаматам у руках, у якім журналісты «Нашай Нівы» апазналі Андрэя Грышуціна.

У свой час ён служыў старшыной роты ў спецназаўскай часці 3214 і малодшым сяржантам у палку патрульна-паставой службы міліцыі.

У 2012 годзе незаконна прадаваў насенне маку.

Ваяваў снайперам на Данбасе як мінімум з 2015 года. Пазыўны — Беларус.

Маці Грышуціна расказала, што яе сын жыве на Данбасе з 2014 года. Там ажаніўся і завёў дзіця. Адзін час працаваў у ДАІ. Калі пачалася вайна, 42-гадовы Грышуцін узяў у рукі зброю. «Ён цяпер ужо не беларус, а грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Ён там жыве. Гэта яго дом. Ён яго абараняе. Ён ніякі не найміт. Ён у мяне нармальны добры хлопчык», — сказала Ала Грышуціна, маці Андрэя.

Яна перадала сыну просьбу аб інтэрв'ю, але той адмовіўся. Па словах маці, на сына завялі крымінальную справу, у 2015 годзе да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі пра яго.

Засвяціліся на вайне і беларускія найміты з ПВК «Вагнер». Гэта ўраджэнец Оршы Аляксандр Ступніцкі.

Фота: старонка Аляксандра Ступніцкага ў VKontakte

Фота: старонка Аляксандра Ступніцкага ў VKontakte

А гэта — ураджэнец Рэчыцы Сяргей Сазанаў.

Фота: TUT.BY

Фота: TUT.BY

Раней абодва служылі ў сілавых органах.

Спачатку яны ваявалі на Данбасе, затым, паводле звестак СБУ, у Сірыі, а Ступніцкі яшчэ і ў Судане. Цяпер украінскія ўлады падазраюць іх у забойствах і катаваннях мірных жыхароў у Кіеўскай вобласці.

Ёсць сярод наймітаў расійскай ПВК і пачаткоўцы.

38-гадовы ўраджэнец Бабруйска Дзяніс Зуб расказаў, што ваюе па кантракце як снайпер з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне. Быў каля Харкава і Севераданецка. Сцвярджае, што забіў 42 украінскіх вайскоўцаў.

Фота: пашпартная база Рэспублікі Беларусь

Фота: пашпартная база Рэспублікі Беларусь

У 2014-2020 гадах, паводле розных ацэнак, на баку «ЛНР» і «ДНР» ваявала ад сотні да сямісот беларусаў. Цяпер іх можа быць менш.

Некаторыя баяцца крымінальнага пераследу. У Беларусі за наёмніцтва, якое прадугледжвае атрыманне матэрыяльнай выгады, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, у беларускім Крымінальным кодэксе ёсць артыкул за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны або замежным узброеным фармаванні. Яго яшчэ называюць ідэалагічным наёмніцтвам, за што пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «з тымі, хто сёння ваюе, мы разбяромся, калі яны вернуцца ў краіну». «Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэнне: калі ты пайшоў ваяваць — гэта значыць забіваць — не важна, на баку Данбаса ці супраць яго, то мы з цябе спытаем», — сказаў ён.

У сумеснай базе МУС і КДБ, апублікаванай ініцыятывай BYPOL, налічвалася 140 беларусаў, якія ваявалі на баку сепаратыстаў на Данбасе. Беларускія сілавікі палічылі, што яны нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і павінны адказаць перад законам.

Але гэта не перашкаджае некаторым з іх бесперашкодна прыязджаць у Беларусь. 19 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі беларуса, які ваюе на баку «ДНР». Гэта 46-гадовы ураджэнец Асіповічаў Сяргей Ланавенка.

Скрыншот: Алена Курхінен / YouTube

Скрыншот: Алена Курхінен / YouTube

Раней ён прыцягваўся да адказнасці за гвалт у дачыненні да інспектара ДПС.

Мы звязаліся з Ланавенкам праз тэлефон. Ён расказаў, што знаходзіцца на Данбасе з канца лютага. Спачатку дапамагаў уцекачам з Марыупаля, а потым узяў у рукі зброю. Ваюе ў складзе «народнай міліцыі ДНР» у раёне Аўдзееўкі, але не толькі там.

Ланавенка кажа, што на яго руках няма крыві нявінных людзей, ён ваюе з ідэйных меркаванняў. Яго заробак у разы меншы, чым у расійскай арміі, дзе атрымліваюць па 200 тысяч рублёў на месяц. Маўляў, калі б не валанцёры і трафеі, то давялося б туга.

У ліпені Ланавенка прыехаў у адпачынак у Беларусь. Кажа, што ні на мяжы, ні ў родным горадзе да яго не было пытанняў з боку сілавікоў. Ланавенка разумее, што парушае беларускі закон, і гатовы за гэта адказаць. «Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іх праца. Я толькі за. Тым больш, у мяне такая падрыхтоўка. Спецслужбы абавязаныя мяне трымаць у поле зроку. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, дзейнічаю па закліку сумлення», — сказаў ён.

Журналісты патэлефанавалі ў МУС, каб даведацца, якія там прымаюць меры супраць беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расіі. Намеснікі міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў і Генадзь Казакевіч адмовіліся ад каментарыяў па тэлефоне. У прэс-службе не адказалі на званкі і запыты «БРЦ». Але шэраг экспертаў мяркуе, што беларускія ўлады цяпер не будуць саджаць наймітаў, якія ваююць на баку Расіі.

Клас
9
Панылы сорам
20
Ха-ха
3
Ого
10
Сумна
4
Абуральна
53