«Яны прыйшлі да іх, прыставілі пісталеты да галавы і проста сказалі: «Выконвайце!». І прарабілі гэта з усімі кампаніямі», — распавёў Максім Смелянец, уладальнік інтэрнэт-правайдара з Кіева, які працаваў у Херсоне.

Паводле звестак украінскага ўрада, некаторыя ўкраінскія інтэрнэт-правайдэры сапсавалі сеткі, каб не перадаваць іх расійскаму боку.

Яшчэ 29 мая Херсон заставаўся падключаным да глабальнага інтэрнэту, але 1 чэрвеня сувязь абарвалася. Расійскія ўлады перанакіравалі херсонскія мабільны і інтэрнэт-трафік праз расійскія сеткі.

Так у Херсоне аказаўся заблакаваны доступ да Фэйсбука, Інстаграма і Твітара, а таксама да ўкраінскіх навінных сайтаў і іншых крыніц незалежнай інфармацыі. Украінскія сотавыя сеткі ў горадзе таксама аказаліся адключаныя, і мясцовыя жыхары былі вымушаныя пачаць карыстацца паслугамі расійскіх мабільных аператараў.

Аналагічная сітуацыя склалася і ў іншых украінскіх рэгіёнах, якія апынуліся пад расійскай акупацыяй. Жыхары гэтых тэрыторый маюць доступ толькі да расійскага дзяржаўнага тэлебачання і радыё, а ў некаторых раёнах інтэрнэт і сотавыя сеткі і зусім адключаныя.

Як паведамілі выданню ўкраінскія інтэрнэт-аператары, на некаторых акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны лічбавая цэнзура яшчэ больш жорсткая, чым у самой Расіі: паводле іх звестак, у Херсонскай і Данецкай абласцях заблакаваныя Google, YouTube і месенджар Viber, якія ў самой Расіі застаюцца даступнымі.

Па звестках украінскіх уладаў, па стане на чэрвень каля 15% украінскай інтэрнэт-інфраструктуры па ўсёй краіне было пашкоджана або знішчана. Прынамсі 11% базавых станцый сотавай сувязі не працуюць праз пашкоджанні або адсутнасць сілкавання.

З-за гэтага некаторыя жыхары акупаваных Расіяй тэрыторый аказаліся адарваныя ад зносін са сваімі блізкімі. Каб дапамагчы людзям у гэтых рэгіёнах падлучыцца да глабальнай сеткі, украінскі ўрад дае бясплатны доступ да некаторых паслуг VPN.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
20