«Ад няма чаго рабіць падалася ў гандаль»

— Ніколі і не думала, што стану прадаўцом, ды яшчэ і «ў каўбасах», якія не ем, — кажа мініяцюрная жанчына ў сіне-белай пілотцы і бойка закідвае кальцо «Кракаўскай» каўбасы ў халадзільнік.

Біяграфія ў Ядвігі Тадэвушаўны зямная: адвучылася ў васьмігодцы, потым скончыла вячэрнюю школу і ў 18 гадоў падалася на завод «Зеніт» — збірала мініяцюрныя фотаапараты «Эцюд». Тады ж выйшла замуж за будаўніка. Выгадавала дваіх дзяцей, апошнія гады працуе на пенсіі — «бо просяць папрацаваць». Ядвіга Тадэвушаўна ў сваёй краме «ў цане», а па выхадных гаспадарыць на лецішчы пад Вілейкай.

— Заробак на заводзе быў мізэрны — успамінае наша гераіня пачатак кар'еры прадаўца. — Пры звальненні далі восем рублёў — жыві, як хочаш. Куды ісці далей? Паштальёнам? Ад няма чаго рабіць падалася ў гандаль. Магазін №10 тады размяшчаўся ў падвальчыку на 17 Верасня. Загадчыца была Тамара Сіўчык. Прыйшлі дзве нявопытныя вучаніцы. Тры месяцы за намі назіралі, вучылі прадаваць. У выніку загадчыца пакінула мяне. Дзесьці праз год у Вілейцы пабудавалі цяперашні «Дзіцячы свет» з прадуктовым на першым паверсе. Перайшлі туды. Ужо 45 гадоў я ў гэтай краме.

Нядаўна за паўвекавую працу да прафсвята жанчыне далі грамату і прэмію, якую «яшчэ не патраціла».

Ядвіга Тадэвушаўна з ліку тых, хто заспеў дэфіцыт і перабудову, успамінае, што ў краме ў савецкія гады былі вітрыны «ад сценкі да сценкі».

— Цяпер каўбас — заваліся, назваў і гатункаў якіх хочаш. А тады што? «Доктарская» і «Аматарская». Вар'яцкія чэргі стаялі. У адны рукі — кілаграм каўбасы і адна курыца. І адстаяць за імі трэба было не адну гадзіну — усім не хапала, — успамінае жанчына.

«Нават перакусваю стоячы»

«Будні» Ядвігі Тадэвушаўны пачынаюцца а 7 раніцы і сканчаюцца а 10-й вечара. Змены па два дні, потым два выходныя. За паўстагоддзя Ядвіга Тадэвушаўна настолькі «набіла» вока, што адрэжа 400 грамаў каўбасы, і вагі не трэба. Назвы «зачытае», як урывак з «Анегіна» — хоць сярод ночы падымі.

— Так 45 гадоў у адным аддзеле: каўбаса і рыба, — здаецца, Ядвіга Тадэвушаўна і сама дзівіцца свайму стажу. — Неяк былі пытанні па здароўі. Села я пасля гэтага на касу. Месяц пасядзела — і ўсё на гэтым. Ну, не магу я сядзець. Столькі гадоў на нагах: то каўбасу паднесці, то мяса насекчы, нават перакусваю стоячы. Прывыкла, — усміхаецца Ядвіга Тадэвушаўна і дадае, што сама да каўбас абыякавая.

— Не ведаю, чаму. Я сала салёнае люблю. А, калі б каўбасы ела, дык якая б я была? А людзі ядуць усякую каўбасу: і за 30 рублёў, і за 10, а лепш за ўсіх размятаюць крывянку і ліверку — — удакладняе наша гераіня.

Аб пакупніках кажа так: людзі розныя, добрым для ўсіх не будзеш.

— Для ўсіх стараюся. Вазьму палку каўбасы, спецыяльна разрэжу, каб пакупнікі бачылі, што ўнутры. Іншы раз проста раю, што браць, што смачней, а што бюджэтней, — удакладняе прадавец.

Гаворыць, з людзьмі трэба пастаянна размаўляць нават за прылаўкам. 45-гадовай стабільнасці Ядвігі Тадэвушаўны здзівіліся не толькі мы.

— Ды ўсё знаёмыя здзіўляюцца, кажуць: «Кідай ужо, Ядзя, хопіць». Маладыя прыходзяць працаваць, расказваю ім, што амаль паўстагоддзя за прылаўкам. А яны: «Ого, людзі столькі не жывуць». У 58 гадоў вырашыла звольніцца. Пайшла да начальства заяву пісаць. Іду праз плошчу, і слёзы з вачэй. Спынілася, расплакалася. Не змагла. Засталася, — кажа напрыканцы Ядвіга Тадэвушаўна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Сава / Адказаць
14.08.2022
Слушны артыкул пра простую жанчыну якая любіць сваю працу. А то толькі пра айцішнікай да фермераў, што вырошчваюць брокалі з дурніцамі. Артыкулы ў стылі Беларускай Нівы 90х таксама цікавы
0
Месье Матьё / Адказаць
14.08.2022
О! крывянка... Канечне ж будзе йсьці на ўра, такая смаката. Ды й ліверка таксама. Шкада, што сальдзісону няма, я з'еў бы. Апошні раз еў яго, які маці рабіла... Такога ўжо ніколі мне не адведаць.
0
по следам позняка / Адказаць
14.08.2022
Месье Матьё , а чаго?
бо мы, не далей, як пазаўчора набылі цудоўны сальтысон у фірмовай мясной краме, якая хоць і знаходзіцца прама на вашым да маці шляху, але яе ўсё ж не так проста знайсці... партызанская рэспубліка
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру