Раніцай у аўторак паліцыя і вайскоўцы ачапілі перыметр вакол гістарычнага танка Т-34, які быў асноўным савецкім вайсковым помнікам у Нарве, пагрузілі яго на платформу аўтатрэйлера і са спецыяльным суправаджэннем вывезлі з горада.

Танк адправілі ў Эстонскі вайсковы музей, які знаходзіцца на ўскраіне Таліна ў былой рэзідэнцыі генерала Ёхана Лайданэра і дзе займаюцца вывучэннем войнаў, якія закраналі Эстонію цягам стагоддзяў.

Нарвенскі танк грузілі на прычэп чатыры гадзіны, падлічыла агенцтва BNS. У гэты час быў перакрыты папулярны памежны пераход з Нарвы ў расійскі Івангорад. Пра гэта раніцай паведамілі спачатку ахвотныя перасекчы мяжу, а затым расійскія мытнікі.

Паліцыя Нарвы яшчэ раніцай папярэджвала аб перакрыцці руху каля нарвенскага танка і бліжэйшых помнікаў, якое закране ў тым ліку пагранпераход у цэнтры горада, які карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Пецярбурга і Ленінградскай вобласці.

Паведамленняў пра пратэсты ў сувязі з дэмантажом помніка не паступала. Аднак паліцыя затрымала дзевяць чалавек, якія спрабавалі заклікаць іншых да гвалтоўнага супрацьстаяння, паведамляе выданне Delfi. Паводле яго звестак, да вечара да месца, дзе стаяў танк, пачалі сцягвацца людзі. Яны прыходзілі з кветкамі і свечкамі.

Пакуль грузілі танк, спецыялісты дэмантавалі і іншыя савецкія памятныя знакі: мемарыяльную дошку на цэнтральнай Пятроўскай плошчы (з-за гэтага і была парушаная праца мяжы), абеліск каля Нарвенскага замка і манумент «Тры штыкі»

Клас
38
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1