Ігар Тур

Журналіст, палітычны аглядальнік АНТ.

Удзельнік праграм «Прапаганда», «Антыфэйк», «Галоўны.Тур», «Контуры» і іншых выступае прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі.

Тур трапіў у шосты пакет санкцый Еўрасаюзу разам з Гладкай і Азаронкам.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны «за прафэсіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі» супрацоўнік АНТ у чэрвені адпачыў у Егіпце.

Спыніўся ў 5-зоркавым гатэлі BARCELO TIRAN SHARM у Шарм-Эль-Шейху.

Пасля адпачынку ў краіне пірамід Ігар напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Калі б у мяне была магчымасць забараніць нешта адно людзям ва ўсім свеце на іх жа карысць — я, не разважаючы, забараніў бы ўсім людзям у свеце пісаць каментарыі ў інтэрнэце. Нават ахвяраваўшы магчымасцю прачытаць ад людзей з часам «дзякуй» за гэтае рашэнне ў каментарыях».

Аляксей Дзерман

Публіцыст, палітычны аглядальнік, галоўны рэдактар партала imhoclub.by

А яшчэ ён аўтар праграмы «Дзерман.Смыслы» на СТБ, у якой горача прызывае прыкласці ўсе намаганні, каб «вылечыць украінцаў ад нацызму, вярнуць ім здаровы розум, вярнуць Украіну ў славянскую сям'ю.

Прыкметныя і іншыя заклікі Дзермана. Вось толькі некаторыя з іх: зачысціць Акадэмію навук ад нацыяналістаў, якія падтрымліваюць святкаванне ўтварэння БНР, заняцца чысткай пятай калоны, забараніць бела-чырвона-белы сцяг, «беглым» шчыра пакаяцца і вярнуцца.

А вось як адрэагаваў Дзерман на прапанову асобных краін Еўрасаюза не выдаваць турыстычныя візы расіянам і беларусам.

«Вы там ужо зусім ахранелі, еўрапейскія жыхары неба? Менавіта таму я ўвёў супраць іх персанальныя санкцыі, ні рубля не патрачу на візы і паездкі да іх. Хай лепш замест рускіх да іх едуць нашы блізкаўсходнія і афрыканскія сябры, каб прывесці гэтых абарзелых расістаў у пачуццё», — напісаў Дзерман на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Лета аглядальнік правёў, мяркуючы па фота, у Азіі. Свае рублі Дзерман пакінуў у Таджыкістане, Кыргызстане ды Казахстане.

Але нават адпачынак на Іссык-Кулі не перашкаджаў думаць аб сверхзадачы сучаснага этапу — «пачаць інтэграцыю краін былой Мангольскай імперыі, каб мінімізіраваць уплыў Захаду і Еўропы на іх».

Максім Осіпаў

Літаратар, аўтар публікацый на SB.BY

Пазіцыя Осіпава, без сумненняў, — прарасійская. Расія для яго — гэта «матушка» і «супердзяржава».

Нягледзячы на тое, што, па яго ж прызнанні ў фэйсбуку, пералаяўся з украінскімі родзічамі і цяпер не мае з імі зносінаў (акрамя адзінага брата), ён працягвае распавядаць пра зладзейскі рэжым ва Украіне і падтрымлівае «святое рашэнне Расіі выкараніць фашызм».

А яшчэ Максім Осіпаў вельмі любіць паразважаць пра свабоду слова на Захадзе, якая, на яго думку, задушаная, пра бесчалавечнасць і фашызацыю нашых суседзяў.

Таму зразумела, чаму свой адпачынак Осіпаў цяпер праводзіць у «звышдзяржаве», дакладней — у Санкт-Пецярбургу.

Першая экскурсія Осіпава — у Фінскі заліў. Хоць здалёк і адным вокам паглядзець, як фашызуецца і загнівае Захад. Потым будзе што распавесці чытачам «СБ».

Марыя Пятрашка

Палітычная аглядальніца Белтэлерадыёкампаніі, рэдактарка аддзела замежнай інфармацыі

Марыя Пятрашка пасля падзей 2020 года стала адной з галоўных вядучых БТ. Чаго толькі не пачуеш у праграмах гэтай аглядальніцы: спецаперацыя па абароне Данбаса цалкам адпавядае міжнароднаму праву, у Еўропу вяртаецца Сярэдневечча, Расія спыніць аднапалярны бандыцкі светапарадак, і гэтак далей. Асобныя выказванні нават і не назавеш працай сапраўднага палітычнага аглядальніка, больш падобна на рэплікі «канапных экспертаў». 

Мяркуючы па сацсетках можна зрабіць высновы, што Пятрашцы гэтым летам было не да адпачынку. Але ўсё ж у Піцер яна завітала, каб, па яе ж словах, паглядзець парад ВМФ Расіі з набярэжнай.

Сваё захапленне расійскімі ваеннымі беларуская аглядальніца падмацавала словамі: «Сказаць, што гэта моц і сіла — нічога не сказаць. Нездарма Расія, ведаючы пра задумы Вашынгтона і намеры Кіева ўдарыць, ударыла першай». 

Павел Лазавік

Тэле— і радыёвядучы, намеснік дырэктара інфармацынага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Павел Лазавік асабліва не быў заўважаны ў распаўсюджванні наратываў беларускай прапаганды. Яно і зразумела, у ім больш жыве прадпрымальнік, чым медыйшчык. Свае старонкі ў сацсетках Павел выкарыстоўвае не толькі, каб посціць фота, але і каб рэкламаваць свае паслугі — вядучага на мерапрыемствах, вяселлях, вечарынах.

Але сваю пазіцыю «голас» Белрадыё ўсё ж акрэсліў: «Журналістыка — гэта не «кветачкі нюхаць» і распавядаць пра новыя віды раслін, гэта заўсёды ствараць і не рабіць раз'яднанняў паміж людзьмі і народамі».

Асабліва Лазавіку падабаюцца новыя «лідары меркаванняў», якія з’явіліся на тэлебачанні пасля 2020 года.

Сапраўднымі журналістамі ён лічыць тую ж Марыю Пятрашку, Ігара Тура, Людмілу Гладкую, Ксенію Лебедзеву — вядомых праваднікоў беларускай дзяржпрапаганды.

Сам Павел Лазавік гэтым летам добра адпачыў — трапіў у сапраўдную замежную вандроўку. Быў у Іспаніі і Партугаліі.

У сакавіку ў яго таксама атрымалася адпачыць — у Арменіі.

Клас
5
Панылы сорам
6
Ха-ха
13
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
44