Рабочыя «Гродна Азот» стаяць за прахадной, 26 кастрычніка 2020 г.

Пасля фальсіфікацый на выбарах у 2020 годзе і гвалту сілавікоў людзі па ўсёй Беларусі пачалі аб’ядноўвацца. Ствараліся чаты, суполкі, ініцыятывы. Адной з такіх ініцыятыў стаў «Рабочы рух» — аб’яднанне рабочых, якія былі не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне. Людзі былі гатовыя адкрыта выказвацца і адстойваць сваю пазіцыю.

Калі стала зразумела, што большасць людзей не падтрымлівае Лукашэнку і яго сістэму, дыктатура вырашыла, што «не да законаў». За любы пратэст сталі караць нібы гэта экстрэмізм, усе ініцыятывы былі разгромленыя, недзяржаўныя арганізацыі патокам прызнаваліся «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

21 верасня 2021 года прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і «Рабочы рух». Адразу прайшла хваля затрыманняў: актывістаў хапалі і ў Беларусі, і ў Расіі. Некаторых людзей затрымлівалі яшчэ з 17 верасня, да афіцыйнага прызнання руху «экстрэмісцкім». Працаваў КДБ.

Пасля таго, як затрыманні актывістаў пракаментаваў Лукашэнка, стала зразумела, што пакаранне будзе суворым. 1 кастрычніка 2021 Лукашэнка параўнаў ініцыятывы «Руху» з ячэйкамі ІДІЛ, абвінаваціў у шпіянажы.

Ён заявіў: «Гэта звычайныя тэрарысты, яны ж цяпер прызнаюцца і кажуць, дзе хацелі ўчыняць тэракты».

«Правасуддзе» ў Беларусі працуе так, што, калі на справу звярнуў увагу Лукашэнка, значыць варта чакаць максімальна сур’ёзных артыкулаў і вялікіх тэрмінаў. Так і адбылося — шпіянаж і тэрарызм «рухаўцам» шыць не сталі, але абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. 

Спачатку затрымалі 13 чалавек, некаторых — проста за тое, што падтрымлівалі адносіны з прадстаўнікамі «Рабочага руху». Дзесяцярых — дзевяцярых мужчын і адну жанчыну — пакінулі за кратамі. Спачатку іх утрымлівалі ў СІЗА КДБ, пасля — у Гомелі.

Праца па «Рабочым руху» пачалася загадзя. Вядома, што аднаму з затрыманых людзі, якія працавалі на спецслужбы, нават перадалі несапраўдныя дакументы, якія пасля былі апублічаныя — гэта і стала доказам датычнасці рабочага да «Рабочага руху».

Затрыманым выставілі шэраг абвінавачанняў. Усіх дзесяцярых вінавацяць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК) і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзеле ў ім (ч.3 арт. 361-1 КК). Пакаранне вельмі суворае — пагражае да 15 гадоў.

Амаль усе затрыманыя працавалі на вялікіх беларускіх прадпрыемствах. Большасць — рабочыя.

Але не ўсе.

43-гадовы Аляксандр Капшуль працаваў на «Нафтане» юрысконсультам.

Добрая пасада і добрыя грошы, але ж прынцыпы аказаліся важнейшымі. 

Капшуль правёў на «Нафтане» 20 гадоў, але ў 2020 годзе быў звольнены за ўдзел у забастоўцы. Ён адкрыта казаў: у краіне прававы дэфолт, улада захопленая, а праваахоўныя органы пераўтварыліся ў карныя. 

Юрыст пачаў дапамагаць актывістам незалежных прафсаюзаў, бясплатна бараніў іх у судах.

Капшуля затрымалі ў Расіі, дзе ў верасні 2021-га ён быў па прыватных справах. Калі пачаліся затрыманні, Капшуль планаваў выехаць за мяжу, але не паспеў. 

Мужчына паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву.

Але проста па дарозе ў цягніку «Варонеж-Масква» ў Аляксандра праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць. І на хаду выскачыў з цягніка. 
Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку. Але змог дабрацца да мяжы з Украінай.

Мяжу Расіі з Украінай Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі работнікам КДБ.

Акрамя здрады дзяржаве і ўдзелу ў экстрэмісцкім фарміраванні, Капшуля яшчэ вінавацяць па ч.2 арт. 295 КК: незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй. Аказалася, падчас ператрусаў у яго недзе на лецішчы знайшлі старыя патроны (зброі не было). 

У Аляксандра засталася жонка і двое непаўналетніх дзяцей. У маі 2022 года памерла яго маці — на пахаванне мужчыну не адпусцілі. 

Вядома, што Аляксандр Капшуль трымаецца бадзёра, сябе і паплечнікаў па руху не абгаварыў.

Таксама юрыстам на «Нафтане» працаваў 44-гадовы Ігар Мінц.

«Ён быў вядучым юрысконсультам прадпрыемства. У стачку не сыходзіў, актыўнасці не праяўляў, у сазвонах актывістаў таксама не ўдзельнічаў, — кажа Аляксандр Сакалоў, прадстаўнік «Рабочага руху». — Да канца не зразумела, за што яго затрымалі. Магчыма, проста за сяброўства з Капшулем. Цяпер Мінцу ставяць у віну, што ён нібыта перадаваў Капшулю нейкую інфармацыю».

44-гадовая Ганна Аблаб працавала інжынерам на Беларускай чыгунцы. У яе трое дзяцей.

Аблаб была вядучым інжынерам аддзела распрацоўкі графікаў руху цягнікоў і арганізацыі «вокнаў» цэнтра кіравання перавозак Галоўнага ўпраўлення Беларускай чыгункі. 

Вядома, што КДБ сачыла за Аблаб. У выніку яе абвінавацілі ў спробе вярбоўкі «супрацоўніцы аддзела справаводства, праз які праходзіць уся важная дакументацыя».

На «Гродна Азоце» працавалі рабочымі Валянцін Цераневіч, Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка і Андрэй Пагерыла.

47-гадовы Цераневіч быў памочнікам майстра на «Хімвалакне» (прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад «Гродна Азот»), пасля стаў прадстаўніком страйкаму. Затым — намеснікам старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза «Гродна Азота».

Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла і Уладзімір Жураўка працавалі ў цэху «Аміяк-3» прадпрыемства «Гродна Азот». Шэлест сыходзіў у стачку, меў магчымасць выехаць з Беларусі, але застаўся, бо перажываў за блізкіх. У выніку яго затрымалі.

Шэлест з Пагерылам вывешвалі бела-чырвона-белы сцяг на гродзенскай тэлевежы, пазней іх за гэта пакаралі суткамі.

Усіх траіх рабочых яшчэ вінавацяць па артыкуле «Паклёп». Але няма ніякай інфармацыі, у чым той «паклёп» заключаўся. 

Сяргей Дзюба — чыгуначнік. Працаваў на чыгунцы больш за 20 гадоў, пасля забойства Рамана Бандарэнкі сыйшоў у страйк. Праз гэта яго пазней звольнілі.

У Дзюбы трое дзяцей. Пасля звальнення ён працаваў у таксі, затым збіраўся ехаць у Польшчу — знайшоў вакансію у грузаперавозках. Але яго затрымалі. На дзяржаўных тэлеканалах выйшла некалькі сюжэтаў, прысвечаных «Рабочаму руху». Дзюба, па версіі АНТ, прыцягваў у рух новых людзей, збіраў інфармацыю на месцах. Ананімны памежнік у кадры расказваў, што Дзюба нібыта распытваў пра сітуацыю на мяжы, звольненых, узаемаадносіны беларускіх памежнікаў з расійскімі.

У сюжэце казалася, што на чыгунцы рыхтавалася дыверсія, каб паралізаваць аршанскі і мінскі вузел.

Аляксандр Гашнікаў — рабочы з БМЗ. Ён слесар-рамонтнік, на заводзе працаваў больш за 10 гадоў. У ліпені 2021 адсядзеў 15 сутак за каментар, пасля чаго даведаўся, што хутка застанецца без працы: на працы гразілі, што ў кастрычніку не працягнуць кантракт.

17 верасня Аляксандр пайшоў у гараж і не вярнуўся дадому. Некалькі дзён пра яго знаходжанне не было вядома. Пасля высветлілася, што ён праходзіць па справе «Рабочага руху».

Сяргей Шамецько працаваў на «Атланце».

«Але ён не мае ніякага дачынення да «Рабочага руху». Высветлілася, што Сяргей шмат радыкальных рэчаў пісаў у чатах і Беларускай чыгункі, і «Рабочага руху» — прычым пад сваім сапраўдным імём і прозвішчам. Вось яго і прыпісалі да справы», — кажуць у «Рабочым руху».

КДБ — не ГУБАЗіК, але пасля затрымання на людзей ціснулі і маральна, і фізічна.

«Розныя спосабы былі: есці не давалі, не давалі спаць. Трымалі ў холадзе, — расказваюць у «Рабочым руху». — Такім чынам хацелі прымусіць даць паказанні. У большасці выпадкаў — не спрацавала».

Але ў чым заключаецца здрада дзяржаве? У тым, што рабочыя аб'ядналіся ў незалежную арганізацыю?

«Следчыя і КДБ мяркуюць, што людзі працавалі на замежныя спецслужбы і перадавалі ім інфармацыю пра прадпрыемствы, пра планы абыходу санкцый, — тлумачыць «Нашай Ніве» Аляксандр Сакалоў, прадстаўнік «Рабочага руху». — Гэта і палічылі «здрадай». 

Але абвінавачванні галаслоўныя, няма фактаў, дакументаў, іншых доказаў.

Абвінавачанне грунтуецца выключна на «працы» Аляксея Грузінава, агента, якога ўкаранілі да нас, які быў на нашых сазвонах. Ён вёў відэазапісы тых сазвонаў. І цяпер абмеркаванні і размовы выдаюцца за кантакты з замежнымі спецслужбамі».

Па словах Сакалова, большасць затрыманых віны не прызнае (некаторыя — часткова). 

«Людзі разумеюць, што адбываецца, рыхтуюцца да вялікіх тэрмінаў. Усе яны добрыя работнікі, многія працавалі на добрых пасадах і атрымлівалі добрыя грошы, але пайшлі на прынцып.

Гэта гонар і годнасць беларускіх прадпрыемстваў — а з імі абышліся вось так, — кажа Аляксандр Сакалоў. — Улада Лукашэнкі баіцца аб'яднання людзей і ў «Рабочым руху» яны ўбачылі арганізацыю, якая можа дзейнічаць.

І такім чынам вырашылі адпомсіць.

Справа шытая белымі ніткамі. Але гэта будзе паказальны суд, усім дадуць вялікія тэрміны, каб напалохаць іншых, каб беларусы баяліся аб'ядноўвацца».

22 жніўня 2022 года, амаль праз год пасля затрымання людзей, КДБ паведаміў, што раследаванне па справе скончанае. Увосені актывістаў будуць судзіць.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

«Сапраўдныя дакументы, але іншага чалавека». 14 чалавек трапілі ў турмы з-за агента. Вось як ён пранік у «Рабочы рух»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру