Дзяніс Ціханенка. Скрыншот відэа

Дзяніс Ціханенка. Скрыншот відэа

Ідэя Нацыянальнага савета — правесці анлайн-выбары ў нейкага роду парламент, які, на думку аўтараў, дасць абраным сапраўдную легітымнасць, якой больш, паводле іх меркавання, ні ў каго няма. 

Валерыя Цапкалу можна смела лічыць натхняльнікам і галоўным правадніком ідэі гэтай арганізацыі, сабранай з людзей, якіх аб'ядноўвае непрыязнасць да Ціханоўскай. 

І хоць сам Валерый там афіцыйна не прысутнічае, ён актыўна дзейнічае праз жонку. 

Чытайце таксама: У Нацыянальны савет Цапкала і Карач увайшлі 17 чалавек. Хто гэтыя людзі?

Да гэтага хору днямі дадалася яшчэ адна фігура — Дзяніс Ціханенка. Яго прэзентуюць як прадстаўніка нейкага руху «Пахне чабор» і «Нашай партыі» (пра іх пагаворым ніжэй).

Відэа з яго выступленнем на адпаведным ютуб-канале запосціў у сваім тэлеграм-канале Валерый Цапкала. 

У сваім выступленні Ціханенка агучвае набор тэзісаў аб нібыта адсутнасці легітымнасці ў Ціханоўскай, неразуменні прынцыпаў работы платформы «Голас», неабходнасці стварыць «непрыдуманую легітымнасць» шляхам нейкага анлайн-галасавання. 

Падзеі 2020-га, паводле яго, ні пра якую падтрымку каго б там ні было не гавораць. 

Многія людзі, якія ўпершыню дакрануліся да палітыкі летам 2020-га, пэўна і не ўспомняць, хто такі і чым вядомы Ціханенка. 

Нагадаем, што гэта за фігура, якую дасталі з нябыту. 

Варта пачаць з таго, што Ціханенка — шматгадовы памочнік Ганны Канапацкай. Хто яна такая і на чыім баку сапраўды гуляла, стала ясна пазалетась. 

Ціханенка вёў яе сацыяльныя сеткі, падказваў, як дзейнічаць.

Галоўным іх «дасягненнем» ледзь не стаў развал апазіцыйнай партыі АГП — калі Канапацкую прызначылі ў парламент, Ціханенка пачаў разганяць неабходнасць стварэння асобнага руху з ёй на чале: «Наперад, Беларусь!»

Канапацкую тады абвінавацілі ў дэструктыўным сепаратызме, а яна перакінула стрэлкі на Ціханенку, якога з партыі выключылі. 

«У Ціханенкі ёсць патэнцыял да палітыкі, але ён чалавек авантурнага складу. Яго сяброўства з АГП скончылася скандалам. З партыі ён сышоў, падтрымліваў Канапацкую ў момант яе раскольніцкай дзейнасці. Устойлівых ідэалагічных пазіцыі і прынцыпаў у гэтага чалавека няма», — сказаў «Нашай Ніве» пра Ціханенку колішні старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Яшчэ адна запамінальная падзея з жыцця Ціханенкі — забалбатанне студэнцкага пратэсту супраць зменаў у Закон аб прызыве. 

Сітуацыя была такая: моладзь, незадаволеная прыняццем паправак, пачала гуртавацца і дзяліцца думкамі ў тэлеграм-чаце @ProtestBY Chat. Які, як неўзабаве выявілася, быў створаны і адміністраваўся Ціханенкам.

Той яўна не цікавіўся папраўкамі, але пераконваў, што дапамагае студэнтам, бо яму неабыякавая тэма. 

Ціханенка «асядлаў» той невялікі пратэст пад выглядам ментара для людзей, якія ўпершыню сутыкнуліся з патрэбай выказаць сваю нязгоду і шукалі кансультатыўнай падтрымкі ў метадах ды сродках. Статус памочніка дэпутата рабіў на іх уражанне.

Ціханенка дапамог выпрацаваць план пратэснай актыўнасці і запусціў збор сродкаў на яе фінансаванне — сродкі пералічваліся на яго рахунак у сістэме PayPal, прыйшло недзе 1500 рублёў.

Але самыя актыўныя ўдзельнікі пачалі звяртаць увагу, што «ад Ціханенкі сыходзіць занадта шмат балбатні», час губляецца, а сама тэма ўвогуле сыходзіць у бок і падмяняецца заклікамі Ціханенкі падтрымаць яго на выбарах. Бо, маўляў, са зменамі ў закон трэба змагацца, маючы заканадаўчую ўладу. 

Калі справа дайшла да арганізацыі мітынгу, Ціханенка схлусіў, што падаў дакументы ў гарвыканкам, а потым выдаліў чат і знік з сабранымі грашыма. 

Аб'яднацца яшчэ раз маладыя людзі ўжо не здолелі. 

Чытайце таксама: Памочнік Канапацкай кінуў моладзь, абураную законам аб прызыве. Невядома, дзе сабраныя грамадой грошы

Цяпер жа па піяр да гэтага чалавека звяртаецца ініцыятыва Цапкалы. 

Сам Ціханенка прэзентуецца як «палітолаг, палітычны кансультант, лідар партыі». 

Што ў Ціханенкі за партыі і ініцыятывы? 

Мы знайшлі нейкую фэйкавую арганізацыю «Пахне чабор», у якой 2 тысячы падпісантаў у фэйсбуку, якіх Ціханенка лічыць сваім палітычным капіталам. 

Спіс падпісантаў старонкі немагчыма ўбачыць — ён схаваны, бачна толькі колькасць з нулём персанальнай інфармацыі. 

Аб колькасці жывых людзей, а не ботаў, можна меркаваць па колькасці лайкаў пад жнівеньскімі допісамі з палітычнымі маніфестамі Ціханенкі — ад 6 (шасці) да 9 (дзевяці) штук, уключна з лайкам ад Валерыя Цапкалы і іншых актывістаў Нацыянальнага савету. 

З «Нашай партыі» (яе ствараў Андрэй Дзмітрыеў), з якой звязваюць Ціханенку, яго выключылі год таму і заявілі, што не нясуць адказнасці за яго ўчынкі.

Паводле інфармацыі ад «Кіберпартызан», апошняе афіцыйнае месца работы Ціханенкі — Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна Мінска, дзе ён з 2017 па 2019 год атрымліваў заробак, імаверна, як памочнік Канапацкай. 

Клас
6
Панылы сорам
65
Ха-ха
14
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?