Бульбу можна знайсці ад 1 рубля за кг, цана на агуркі пачынаецца ад 1,5. Сярэдняя цана за кіло памідораў -1,5 рубля.

Кілаграм кукурузы абыдзецца ў 2—2,5 рубля, а вось за перцы давядзецца аддаць у два разы даражэй — 4 рублі. Зеляніна ёсць у некалькіх гандлёвых кропках — ад 1 рубля за пучок.

Для аматараў ягад на Камароўцы — рай. Так, дурніцы можна набыць за 10—14 рублёў за кг, чорную парэчку аддаюць за 10, а вішню і чарэшню можна знайсці ад 6. У некалькіх кропках яшчэ маецца трускаўка. Прадаюць яе ад 6 рублёў за кіло. Вінаграда на рынку стала больш, а кошт — ад 4 рублёў за кг.

 

Зʼявіліся на Камароўцы брусніцы, за кілаграм ягады ў сярэднім давядзецца заплаціць 7,5 рубля, але ў адной кропцы яна была знойдзена за 6. Шкляначку маліны ці ажыны можна набыць за 4—5 рублёў.

Кошт на кавуны пачынаецца ад 2 рублёў. Гэтую ягаду вам не давядзецца несці самім, прадаўцы яе даставяць да вашай машыны. Дыні таксама можна знайсці на рынку. Цэннік на іх і не самы салодкі — ад 3,5 рубля.

Ужо ў разгары яблычны сезон. Цана — ад 1,5 рубля за кг. Тут асартымент, як і з памідорамі. Тыя, хто хоча ўспомніць дзяцінства і атрымаць асалоду ад цвёрдых хатніх грушаў, могуць купіць іх на Камароўскім рынку ўсяго за 2—3 рублі.

 

Для аматараў варэння зʼявілася прапанова: дробныя і ўжо нетаварныя абрыкосы можна набыць ад 1 рубля за кіло. Добрыя абрыкосы каштуюць ад 4 рублёў за кіло. Персікі і нектарыны таксама ў багацці. Коштавы дыяпазон вялікі — ад 4 рублёў за кг да 12.

Інжыр прадаюць паштучна па 1,5 рубля, а за кілаграм апельсінаў просяць 4,5 рубля.

 

Грыбоў на рынку засталося ўсяго нічога. Апошнія лісічкі аддаюць па 30 рублёў за кг. 

— Хутчэй за ўсё, гэта была апошняя партыя лісічак. Надворʼе зусім не грыбное. Яшчэ і лясы закрытыя для наведвання. Застаецца толькі чакаць восень і дажджы, можа, хоць баравікі будуць, — падзялілася адна з прадаўцоў.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1