Аб'ект пабудаваў Міхаіл Гуцэрыеў. Ён трапіў пад санкцыі як кашалёк Лукашэнкі. Уладальнікі прыватнай школы атрымалі ў дадатак эксклюзіўныя ўмовы і прывілеі ад беларускіх уладаў, якія дазваляюць ім траціць на ўтрыманне гімназіі не свае, а бюджэтныя грошы.

Як даведаліся журналісты з дапамогай «Кіберпартызанаў», Ірына Абельская з'яўляецца мамай пазашлюбнага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая.

Яе Лукашэнка абраў у 1990-х гадах на пасаду свайго асабістага доктара, а таксама даў статус галоўнага доктара лечкамісіі. Аднак у 2007 годзе, ужо пасля нараджэння сына, Ірына трапіла ў няласку і страціла працу. Лукашэнка стаў часта з'яўляцца на афіцыйных прыёмах з маленькім сынам, але на пытанні пра маці дзіцяці журналістам не адказваў.

Абельскую зноў заўважылі ў атачэнні Лукашэнкі на інаўгурацыі ў 2015 годзе. Па інфармацыі, атрыманай ад «Кіберпартызанаў», аб сумесных палётах Ірыны Абельскай і Аляксандра Лукашэнкі, у маі 2016-га Абельская вярталася з ім з Рыма. Лукашэнка тады афіцыйна наведваў Рым, каб сустрэцца з прэзідэнтам Італіі Сэрджа Матарэлам, а таксама наведаць у Ватыкане Папу Францішка.

Праз пару гадоў мама Мікалая Лукашэнкі стала галоўнай доктаркай абноўленага Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі, на ўзвядзенне якога з бюджэту выдзелілі 100 мільёнаў еўра.

У 2019 годзе Абельская з Лукашэнкам пабывалі ў Вене. Тады ў аўстрыйскай сталіцы Лукашэнка быў з афіцыйным візітам —сустракаўся з членамі ўрада і былым канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам.

Зрэшты, на публіцы ўвесь гэты час Лукашэнка з'яўляўся ў кампаніі сваёй новай асабістай доктаркі Святланы Канашэнка.

Тым часам у кар'еры Ірыны Абельскай у 2019 годзе з'явілася новая старонка. Будучы на дзяржслужбе — галоўным доктарам лечкамісіі — яна зарэгістравала кампанію «Гарызонты ведаў» для развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Тады ж у Драздах разгарнулася будаўніцтва прыватнай элітнай школы, якую Міхаіл Гуцарыеў паабяцаў узвесці Аляксандру Лукашэнку. Гуцарыеў жа атрымаў права на эксклюзіўную распрацоўку калійнага радовішча ў Любанскім раёне. За 2 гады ў будаўніцтва гімназіі і добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчай больш за 30 тысяч квадратных метраў расійскі мільярдэр планаваў укласці 12 мільёнаў даляраў.

Школа, якая атрымала назву Мінская міжнародная гімназія, складаецца з двух чатырохпавярховых карпусоў з падвальным памяшканнем. Звонку размяшчаецца стадыён, пляцоўка для баскетбола, міні-футбола, гандбола, а таксама гімнастычны гарадок і паркоўкі.

У самой гімназіі знаходзіцца радыёвузел, фота— і кіналабараторыя, пакой з навучальнай зброяй і многае іншае.

Будавала гімназію кампанія «СертусАвія», якая належыць кіпрскаму афшору «Блатберг Холдынгс Лімітэд», які звязваюць з Гуцэрыевым. Аператарам навучальнай установы стала Мінская міжнародная гімназія, заснаваная Ірынай Абельскай кампанія «Гарызонты ведаў».

Праз месяц пасля адкрыцця школы, у кастрычніку 2020 года, Ірына Абельская перадала сваю фірму «Блатберг Холдынгс Лімітэд».

Гэты ж афшор валодае рэзідэнцыяй у Радашковічах, якую Гуцэрыеў выкупіў у Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі.

Паводле звестак, якія Беларускі даследчы цэнтр атрымаў ад дзвюх незалежных адна ад адной крыніц, менавіта ў гэтую гімназію Абельская і перавяла свайго сына Мікалая Лукашэнку пасля таго, як ён у неспакойным жніўні 2020-га забраў дакументы з Ліцэя БДУ. Як на ўмовах ананімнасці распавяла адна з педагогаў, Абельская курыравала навучанне Мікалая Лукашэнкі, займалася падборам і дастаўкай настаўнікаў.

У Мінскай міжнароднай гімназіі вучацца таксама тры дачкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Акрамя іх, у элітную школу пайшла дачка кіраўніка аднаго з падраздзяленняў службы бяспекі Лукашэнкі —Аляксея Высоцкага, а таксама дачка Яўгена Бейзака — дырэктара Беларускага аддзялення клуба ўладальнікаў матацыклаў Harley-Davidson, мерапрыемствы якога часта наведвае Віктар Лукашэнка.

Выпускніцай гімназіі сёлета стане дачка сілавіка Сяргея Повара. Ён уваходзіць у хакейную каманду Аляксандра Лукашэнкі.

«Дзеці ў нас розныя, як і бізнэсоўцаў, так і чыноўнікаў, але падыход да ўсіх іх аднолькавы і нічым мы асабліва не адрозніваемся», — так кіраўніцтва гімназіі апісала журналістам сваіх вучняў.

Дарэчы, 11 жніўня ў гімназіі ў Драздах змяніўся дырэктар. Гэтую пасаду заняла выкладчыца з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Грынкевіч. 

Хоць асаблівай канкурэнцыі за працоўныя месцы ў гімназіі няма. Мяркуючы па вакансіях на сайце школы, перад самым пачаткам навучальнага года тут усё яшчэ патрэбныя настаўнікі.

Як нам распавялі па тэлефоне, суіскальнік павінен мець першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, досвед працы мінімум 5 гадоў, адрознівацца творчым падыходам да працы. Наўзамен прапаноўваюць заробак ў 1200 рублёў, пашыранага сацпакета няма, падвоз не арганізаваны, харчаванне платнае. Праўда, навучанне ў гімназіі для дзяцей настаўнікаў каштуе палову кошту.

Для кліентаў жа гімназіі цана пытання складае каля 3000 даляраў на год за адно дзіця. Як падлічыў Беларускі даследчы цэнтр, даход элітнай школы за адзін навучальны год можа складаць каля мільёна даляраў.

Аднак дзяржава часткова пакрывае выдаткі гэтай прыватнай установы адукацыі. Па вядомых тэндарах, з 2020 па 2022 гады Мінская міжнародная гімназія закупіла тэхніку для вучобы: ноўтбукі, музычныя цэнтры, капіявальныя машыны больш чым на 100 тысяч даляраў. Гэтыя грошы былі выдзелены з дзяржаўнага бюджэту.

Беларускае заканадаўства не забараняе дзяржаве фінансаваць прыватныя ўстановы, якія займаюцца эксперыментальнай дзейнасцю ў сферы адукацыі.

Аднак, гэтыя нормы ўступяць у сілу толькі з 1 верасня 2022 года. Чаму тады гімназія, заснаваная Абельскай і пабудаваная Гуцэрыевым, карыстаецца бюджэтнымі грашыма з 2020 года? З гэтым пытаннем журналісты Беларускага даследчага цэнтра звярнуліся да заснавальніцы гімназіі Ірыны Абельскай. Абельская адказала: гэтае пытанне «не па адрасе». Пасля гэтага журналісты Беларускага даследчага цэнтра звярнуліся ў саму гімназію, але ні ў бухгалтэрыі, ні ў адміністрацыі на гэтае пытанне ім адказваць не захацелі. Крыніцы даследчыкаў растлумачылі — падстаў для закупак за дзяржбюджэт у гэтай гімназіі не было. Усё вырашалася праз заснавальнікаў. Дарэчы, з усіх прыватных гімназій і школ пакуль менавіта Мінская міжнародная гімназія адзіная ў Беларусі зможа з 1 верасня 2022 года ўжо законна карыстацца рэспубліканскім фінансаваннем.

Але не толькі на тэхніку элітная прыватная гімназія бярэ грошы падаткаплацельшчыкаў. Кампанія закупляла харчаванне для «залатой моладзі» за кошт рэспубліканскага бюджэту з фармулёўкай «для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў і для іншых ільготнікаў».

Дзяржава кампенсавала гімназіі гатаванне дзіцячых абедаў на паўтары тысячы даляраў штомесяц.

Пры гэтым у самой школе нам сказалі, што ў іх ільготнікаў няма, а аплата харчавання ўваходзіць у кошт навучання.

Па большай частцы гэтыя тэндары праводзіліся праз закуп з адной крыніцы. Гэта значыць паўнавартасных таргоў не было.

У 2022 годзе кіраўніцтва гімназіі зноў, так бы мовіць, запусціла руку ў бюджэтную кішэню — замовіла ўборку тэрыторыі і карпусоў за 40 тысяч даляраў.

Зрэшты, у хуткім часе выдаткаў у «Гарызонтаў ведаў» стане больш — з 2024 да 2071 год прыйдзецца плаціць 80 тысяч даляраў у год за арэнду зямлі пад школу. Што пры штогадовым даходзе ў больш за мільён даляраў асаблівай праблемай не будзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
SHOS / Адказаць
30.08.2022
Талантливые люди талантливы во всем. Им надо помогать. Сарказм, если что
0
даведка / Адказаць
30.08.2022
Лукашенко везде, где коррупция. Незаконным бизнесом при нём занимаются даже госслужащие и военнослужащие.
0
о боже / Адказаць
30.08.2022
ирина степановна...
как антярэсна
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру