Чым займаецца «ПрыватКапітал» і каму належыць

Міністэрства фінансаў паведаміла, што кампанія «ПрыватКапітал» не выканала абавязацельствы па выпушчаных раней аблігацыях. Гэтая фірма існуе з 2015 года. Яна спецыялізуецца на здачы ў наём уласнай і арандаванай маёмасці. Першапачаткова кампанія была заснаваная літоўскай структурай, потым належала грамадзянам Беларусі, потым — бізнэсоўцу Дзмітрыю Пярову.

Чаму паўсталі праблемы з аблігацыямі і прычым тут былы будынак Дома друку

У «ПрыватКапітал» тлумачаць, што праблемы па каштоўных паперах паўсталі з-за складанасцяў з інвестпраектам па рэканструкцыі будынка. Гаворка ідзе пра будынак каля станцыі метро «Акадэмія навук» у Мінску на праспекце Незалежнасці, які раней належаў Дому друку. На пачатку 2020 года «ПрыватКапітал» на аўкцыёне ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці выкупіў будынак за 6,22 млн рублёў. Гэта было роўна амаль 2,8 млн даляраў па актуальным курсе на той момант.

Будынак на праспекце Незалежнасці, 79, які з'яўляецца помнікам архітэктуры, выстаўляўся на таргі трэці раз з паніжаным на 50% коштам. З улікам гэтага пачатковая цана на сённяшніх таргах была 3 млн 527 тысяч 964 рубля 16 капеек. Падчас аўкцыёну ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці яна вырасла да фінальных 6,22 млн рублёў, што эквівалентна амаль 2,8 млн даляраў па актуальным курсе.

Функцыянальнае прызначэнне будынка пры продажы на аўкцыёне было пазначанае як адміністрацыйна-дзелавое. Гэта значыць, пакупнік, «ПрыватКапітал», павінен быў зрабіць на гэтым месцы бізнэс-цэнтр. Агульная плошча чатырохпавярховага будынка — 3558,6 «квадрата», плошча зямельнага ўчастка — 0,1711 га.

Пад будаўніцтва бізнес-цэнтра «ПрыватКапітал» размясціў аблігацыі. Па адным з выпускаў у жніўні трэба было рабіць выплаты, але ў кампаніі ўзніклі цяжкасці.

У «ПрыватКапітале» удакладняюць, што атрыманыя ад продажу каштоўных папер грошы накіравалі на аплату аб'екта нерухомасці. Як паведамляецца, інвестар павінен быў на працягу двух гадоў распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю па рэканструкцыі будынка.

«Нашай арганізацыяй былі затрачаныя значныя рэсурсы на рэалізацыю гэтага аб'екта ў адпаведнасці з умовамі аўкцыёну і патрабаваннямі заканадаўства, — адзначаюць у «ПрыватКапітале», тлумачачы, чаму з'явіліся праблемы з выплатамі па каштоўных паперах. — Аднак у працэсе двухгадовай працы па рэалізацыі аб'екта нерухомасці высветлілася пра немагчымасць яго рэалізацыі. Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці» ў аднабаковым парадку зарэгістравала вяртанне права ўласнасці на аб'ект нерухомасці, чым пазбавіла магчымасці на далейшую рэалізацыю праекта. Цяпер гэты факт абскарджваецца».

Судовыя разбіральніцтвы

У «ПрыватКапітале» паведамляюць, што цяпер кампанія «знаходзіцца ў стадыі судовых разглядаў па вяртанні раней пералічаных грашовых сродкаў ад продажу аблігацый». Фірма разлічвае атрымаць гэтыя грошы і накіраваць на выплату абавязацельстваў па аблігацыях.

У Эканамічным судзе Мінска на 19 верасня прызначанае судовае пасяджэнне паводле іску «ПрыватКапітала» да Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда. Прадмет спрэчкі — пазадагаворныя абавязацельствы, абавязацельствы з прычыны пазападстаўнага ўзбагачэння, а таксама аб вяртанні беспадстаўна набытай або ашчаджанай маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
9
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
2