Незадоўга да выбараў-2020 у Беларусь прыйшла першая хваля пандэміі кавіду, падчас якой шмат хто сыходзіў на самаізаляцыю: «Храмы сталі адным з тых месцаў, куды людзі перасталі хадзіць. Тады ўсе беларускія прыходы сапраўды адчулі адток прыхаджан і падзенне даходаў, але дакладныя лічбы ніхто не лічыў, і падлічыць іх немагчыма», — расказвае «Нашай Ніве» святар.

Пазней людзі пачалі выходзіць з самаізаляцыі, але далёка не ўсе з іх зноў пайшлі ў храмы. Пасля былі паслявыбарчыя падзеі. «У людзей, якія не хадзілі ў царкву праз кавід, проста з’явіўся дадатковы стымул не вяртацца, — кажа святар.

Але ён удакладняе, што ў храмах паменшала не актыўных вернікаў, а тых, хто часам заходзіў туды на святы, каб падаць запіску ці паставіць свечку.

Пастаянныя прыхаджане таксама рэагавалі на неадназначныя выказванні святароў, але яны хутчэй змянялі адзін храм на іншы. Напрыклад, так рабілі некаторыя з прыхаджан Свята-Елізавецінскага манастыра, духаўнік якога Андрэй Лемяшонак вядомы сваімі праўладнымі поглядамі.

«Наша Ніва» атрымала нямала допісаў ад прыхаджан, якіх падзеі 2020-га і пазіцыя царквы прымусілі перагледзець сваё стаўленне да яе.

«Застаюся верніцай, але ў царкву не хаджу, малюся дома. Хадзіла нейкі час у касцёл, але пасля таго, як здзекаваліся з Тадэвуша Кандрусевіча, а папскі нунцый усміхаўся на сустрэчы з дзяржаўнымі служкамі, у касцёл цяпер неяк не хочацца ісці», — сказала «Нашай Ніве» жанчына.

«Уцаркаўлёным ніколі не быў, але па просьбах маці час ад часу заходзіў у цэрквы свечку за блізкіх паставіць ці запіску якую падаць. Але пасля заяў [патрыярха] Кірыла ў падтрымку вайны і супраць геяў паабяцаў не хадзіць у тыя цэрквы, дзе памінаюць патрыярха Кірыла», — дзеліцца чалавек.

«Пасля 2020 года, калі царква ў адным з невялікіх гарадоў закрыла вароты ў момант першага ланцужка салідарнасці жанчын і дзяўчат, я адразу ж стала атэісткай», — расказала жанчына.

Гісторыі трох вернікаў мы запісалі падрабязней.

«Я задумаўся: ці можна ім спавядацца, калі ў іх такая пазіцыя?»

Даніла (імя змененае) — 34-гадовы прадпрымальнік з Мінска, які цяпер жыве ў Варшаве. Ëн наведваў праваслаўную царкву толькі на вялікія святы, але ўсё роўна лічыць сябе веруючым чалавекам, які стараўся сачыць за галоўнымі праваслаўнымі святамі.

Пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе і пачатку пратэстаў стаўленне Данілы да царквы стала змяняцца:

«Я задумаўся: ці можна ім спавядацца, калі ў іх такая пазіцыя? Маю на ўвазе іх праўладную пазіцыю ці абыякавае стаўленне [да падзей у дзяржаве]. У царквы ёсць свае каноны, і яна павінна іх прытрымлівацца, лічу, што царква павінна быць па-за палітыкай. Мне здаецца, у нейкі момант царква ў Беларусі стала чымсьці накшталт рупара прапагандыстаў».

Спытаць пра гэта мужчына вырашыў у аднаго з маладых святароў. Даніла папрасіў парады, як быць, калі да царквы знік давер і яна, па меркаванні мужчыны, страціла свой аўтарытэт. Святар адказаў, што калі Даніла зараз расчараваўся, дык гэта праз тое, што раней ён ставіўся да царквы з зачараваннем, і што ўвогуле не трэба ставіць у фундамент царквы людзей, цяпер нібыта трэба проста знайсці для сябе іншы фундамент.

Сам святар, па словах Данілы, ведае пра царкву яшчэ больш негатыву, але ўсё роўна застаецца ў ёй, бо там ён «адчувае Хрыста». Выніковы адказ мужчыне быў такі: давярайце Хрысту і рэгулярна прычашчайцеся.

Такі адказ Данілу не задаволіў. З таго часу ён пераехаў у Польшчу, дзе часам наведвае мясцовую праваслаўную царкву. Беларус па-ранейшаму лічыць сябе веруючым чалавекам, але царкву ён больш не звязвае ні з чым духоўным, больш вызначае яе як публічную ўстанову. Святары ж для мужчыны ператварыліся ў наёмных працаўнікоў са сваімі кіраўнікамі і парадкамі.

«Адлегласць паміж мной і рэлігіяй засталася тая ж самая, а вось царква, на мой погляд, значна ад рэлігіі аддалілася», — падсумоўвае мужчына свой вопыт.

«У касцёле падабаецца беларуская мова на набажэнствах»

Кацярына (імя змененае) з Полацка замест праваслаўнага храма цяпер наведвае каталіцкія ці грэка-каталіцкія набажэнствы. Да 2020 года жанчына ставілася да царквы нейтральна і праваслаўе не займала важнага месца ў яе жыцці, але часам яна заходзіла ў царкву паставіць свечку ці напісаць запіску за здароўе ці за спачын.

Пасля пачатку мірных пратэстаў Кацярына стала ўспрымаць праваслаўную царкву інакш. Прычынай такога пераасэнсавання яна называе праўладную пазіцыю царквы ў дачыненні да мірных пратэстаў і падтрымку Расіі ў яе агрэсіі ва Украіне:

«Царква не асудзіла дзеянні ўладаў, гвалт над народам. [Мітрапаліт] Веніямін і іншыя царкоўныя дзеячы прысутнічаюць на праўладных мерапрыемствах, сустракаюцца з сілавікамі. Ёсць, канешне, і выключэнні, але іх нешмат. [Дадайце яшчэ] іх пастулат, што ўся ўлада ад Бога (гэтыя словы з Бібліі прызнаюць не толькі праваслаўныя, але і каталікі, і грэка-каталікі. — «НН»)».

Да 2020 года Кацярыну таксама не ўсё ў царкве задавальняла. Жанчына заўважала, што ў праваслаўных храмах «усё даражэйшае, чым у каталікоў».

Каталікі і грэка-каталікі аказаліся бліжэйшымі да Кацярыны праз тое, што ў гэтых канфесіях яна не бачыць падтрымкі праўладнай пазіцыі. Жанчына таксама адзначае, што ёй падабаецца беларуская мова на набажэнствах, а атмасферу там Кацярына лічыць больш дэмакратычнай, чым у праваслаўным храме: «У касцёле людзі бяруць непасрэдны ўдзел у літургіі, а не толькі слухаюць і моляцца. Можна пець разам малітвы, можна сядзець, а не толькі стаяць. Не трэба абавязкова быць у хустцы і доўгай спадніцы».

«Мяне больш не вывяртае, калі я чую кірылаў ці веніямінаў»

41-гадовую мінчанку Зою ў дзяцінстве ахрысцілі ў праваслаўнай царкве. Калі дзяўчына атрымлівала адукацыю, у яе ўзнікалі пытанні да рэлігіі, але гэта не перашкаджала, бо Зоя моцна не пагружалася ў праваслаўе. 

Пытанні былі рознымі: і аб правілах паводзін у храме, і пра тое, што жанчына прасочвала ўдзел царквы ў гандлі цыгарэтамі і алкаголем, таксама як і ўплыў царкоўных інстытутаў на дзяржкіраванне: «Мне вельмі не падабалася, што дзяржава і царква ўсё больш збліжаюцца і робяць гэта не для таго, каб жыццё людзей стала больш радасным і лёгкім, а наадварот, каб людзі галавы не маглі падняць, па буднях працавалі, а па выхадных — каяліся. Прыклад Расіі з яе «духоўнымі скрэпамі» таксама быў перад вачыма. Але да жніўня 2020 года ў мяне не было ніякай патрэбы нешта з гэтым рабіць, мне было прасцей лічыць сябе атэісткай».

Пасля пачатку пратэстаў і рэакцыі царквы на іх Зоі стала фізічна непрыемна суадносіць сябе з праваслаўнай царквой. Тая, кажа беларуска, не проста стала на бок гвалту, яна яго падтрымала і благаславіла:

«Такое нават уявіць немагчыма было, каб галоўны святар царквы ручкаўся і благаслаўляў гвалтаўнікоў і забойцаў. У мяне кроў з вушэй лілася, калі я чула, што нясе матушка Гаўрыіла са сцэны на праўладных сходах. Адзінкі з праваслаўных святароў выказаліся, адзінкі! І як з імі царква абышлася?»

Жанчына дагэтуль не можа гэта зразумець, чаму святары прамаўчалі. Апошняй кропляй для яе сталі словы вядомага святара Андрэя Лемяшонка: маўляў, маці Рамана Бандарэнкі павінна каяцца, бо дрэнна выхавала сына.

У нейкі момант беларуска больш не здолела прылічваць сябе да праваслаўнай царквы, адначасова яна адчула патрэбу ў суцяшэнні. Нейкі час яна вывучала, чым каталіцтва адрозніваецца ад праваслаўя.

Зоя адчувае ўдзячнасць каталіцкай царкве за іх пазіцыю і дапамогу простым людзям у 2020 годзе, асабліва яна выдзяляе асобу экс-кіраўніка беларускіх каталікоў Тадэвуша Кандрусевіча. Праз гэтую ўдзячнасць жанчына адзначала разам з каталікамі значныя святы накшталт Калядаў ці Вялікадня, але, як яна адчувае, для яе гэта было не выйсце.

Хацелася прайсці праз нейкі рытуал, пасля якога адносіны з праваслаўем можна было б лічыць скончанымі. У дадатак, у той час у Польшчы пачаліся жаночыя пратэсты супраць забароны абортаў, якую падтрымлівае каталіцкая царква, і Зоя зразумела, што не хоча для Беларусі ні праваслаўя, ні каталіцызму.

У выніку жанчына перайшла ў будызм. Расказвае, што ёй заўсёды падабаўся будысцкі светапогляд, таму прыход у будызм быў радасны. Зоя практыкуе нядаўна і няшмат, пакуль што больш вывучае рэлігію, але кажа, што ёй становіцца лепей:

«Мяне больш не вывяртае, калі я чую чарговых кірылаў, веніямінаў, гаўрыілаў ці лемяшонкаў ад царквы ці ад улады. Гэта людзі, якія мяне ніяк не кранаюць, а іх карма мяне ніяк не датычыць. Практыка дазваляе мне заставацца ў розуме, каб зберагчы сябе да таго часу, калі я буду патрэбная людзям і краіне. Да таго ж, цяпер цвёрда веру, што закон кармы дзейнічае незалежна ад веравызнання, таму дазвольце перадаць вітанне ўсім праваслаўным атэістам».

«Грэх Каіна». Як Масква страціла цяпер ужо і ўкраінскіх праваслаўных Маскоўскага патрыярхата

Новы мітрапаліт панізіў Фёдара Поўнага да ключара. Сам Поўны: Адкрыйце Вікіпедыю! Мяне павысілі!

Украінскі епіскап — патрыярху Кірылу: Вы адкажаце перад Богам за кожную слязінку матчыну, за кожную свежую магілку

Клас
73
Панылы сорам
5
Ха-ха
15
Ого
15
Сумна
17
Абуральна
15