У наступе пад Крывым Рогам удзельнічаюць чачэнскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Фота AP Photo / Andrew Kravchenko

У наступе пад Крывым Рогам удзельнічаюць чачэнскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Фота AP Photo / Andrew Kravchenko

Расійскі шавіністычны тэлеграм-канал «Рыбарь», які мае шматлікія крыніцы ў арміі і дазваляе сабе пісаць больш, чым афіцыйныя СМІ, пацвердзіў, што ўкраінскія войскі працягвалі развіваць поспех, дасягнуты ў панядзелак і аўторак 29 і 30 жніўня.

Па інфармацыі «Рыбаря», каля Андрэеўкі і Лазавога ўкраінская армія не толькі, насуперак сцвярджэннем расійскай прапаганды, утрымала Сухі Ставок, але выйшла да вёскі Брускінскае, праз якую ідзе галоўная дарога да Давыдавага Броду. Украінцы ўтрымалі ўсе захопленыя пераправы цераз раку Інгулец.

Карта фронту каля Сухога Стаўка па стане на пасля абеду 31 жніўня, згодна з «Рыбарем»

Карта фронту каля Сухога Стаўка па стане на пасля абеду 31 жніўня, згодна з «Рыбарем»

«УСУ ўсё ж такі пашырылі зону кантролю каля Сухога Стаўка і, заняўшы Кастромку, выйшлі на паўднёва-заходнюю ўскраіну вёскі Брускінскае, праз якую ідзе забеспячэнне групоўкі ў Давыдавым Бродзе», піша «Рыбарь».

Каля Пасад-Пакроўскага ўкраінскія войскі занялі Цярновыя Поды і выйшлі да Зялёнага Гаю. Мяркуючы па інфармацыі расійскіх блогераў, тут практычна на 30-кіламетровым фронце ўкраінцам удалося прасунуцца на 1—10 км.

Карта фронту каля Пасад-Пакроўскага па стане на пасля абеду 31 жніўня, згодна з «Рыбарем»

Карта фронту каля Пасад-Пакроўскага па стане на пасля абеду 31 жніўня, згодна з «Рыбарем»

На поўдзень ад Крывога Рога становішча расійскіх войскаў таксама застаецца крытычным. «Да сярэдзіны дня УСУ змаглі выцесніць падраздзяленні УС РФ з паўночных ускраін Архангельскага на запасныя пазіцыі», — піша «Рыбарь». «Вайсковыя кантынгенты ў Вольгіне і Высакополлі на дадзены момант паспяхова ўтрымліваюць абарону ўжо трэція суткі, — піша блогер. — Цалкам вярнуць кантроль над населенымі пунктамі не ўдаецца», — прызнае ён.

Расійская армія выкарыстоўвае авіяцыю, але абмежаваная ў перакіданні рэзерваў, бо Кахоўскі, Антонаўскі і Дар'еўскі масты пашкоджаныя агнём украінскай артылерыі.

«Пачатак наступлення праціўніка адначасова на цэлым шэрагу кірункаў не чакаўся, — прызнае іншы тэлеграм-канал, «Два майора». — Канкрэтная дата наступлення таксама не прагназавалася».

«Да Херсона прарыў не дапушчаны, фронт у цэлым выстаяў», — супакойвае блогер.

Канал прызнае, што расійскія войскі перайшлі да абароны, і суцяшае самога сябе і падпісчыкаў:

«Сам факт пераходу да актыўнай абароны (гэта таксама від ваеннай аперацыі, Курская дуга з гэтага пачыналася, але яна рыхтавалася) кажа, што праціўнік спрабуе ўзяць ініцыятыву (навязваць нам сваю волю на поле бою), пры гэтым не толькі на Херсонскім кірунку».

Украінскае камандаванне пакуль устрымлівалася ад паведамленняў пра вызваленне тых ці іншых населеных пунктаў. Украінская артылерыя працягвае наносіць масіраваныя ўдары, у тым ліку па далёкіх тылах праціўніка.

Клас
150
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
8