Справу разглядала суддзя Аксана Копач, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Вадзім Карачун.
Палітзняволены Уладзімір Бранавіцкі — майстар спорту па паўэрліфтынгу. Быў затрыманы 17 чэрвеня 2022 года. Уладзіміра абвінавачваюць у тым, што з 1 студзеня па 16 чэрвеня 2022 года ён развешваў «пратэсную сімволіку» на лініях электраперадач у Баранавічах, а таксама на тэрыторыях Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за хуліганства.
Таксама вядома, што Бранавіцкі падпісваў ліст аб спыненні рэпрэсій ад імя спартоўцаў у канцы жніўня 2020 года.
Па матэрыялах абвінавачання, Уладзімір Бранавіцкі «у перыяд часу з 1 студзеня па 15 чэрвеня 2022 года ў цёмны час сутак, знаходзячыся ў грамадскіх месцах Баранавічскага раёна, з хуліганскіх памкненняў з выключным цынізмам 17 разоў размясціў на апорах электраперадач каля аўтадарог самаробныя вырабы з палотнішчаў ў бела-чырвона-белых колерах».
Мясцовыя жыхары паведамлялі пра сцягі ў міліцыю.
Ад паслуг адваката Бранавіцкі адмовіўся, сваю віну ў судзе цалкам прызнаў.
Падчас судовага следства абвінавачаны патлумачыў, што перасоўваўся па тэрыторыі раёна на ровары. Самастойна вырабіў адмысловае прыстасаванне з зачэпам і шпагатам, з дапамогай якога закідваў палотнішчы на правады электраперадач.
Баранавічскі філіял РУП «Брэстэнерга» выставіў матэрыяльную прэтэнзію ў суме 1277 рублёў, якую Уладзімір прызнаў. Яна будзе разгледжаная асобна ў межах грамадзянскай судавытворчасці. Пакуль жа пад арыштам застаецца аўтамабіль і іншая тэхніка Бранавіцкага.
Абвінавачанне запрасіла для Бранавіцкага адзін год калоніі агульнага рэжыму.
Менавіта такі прысуд і агучыла суддзя Аксана Копач.





