34-гадовы Ілля сам з Барысава. Да суда яго трымалі ў жодзінскай следчай турме.

Пра працу ён расказваў няшмат. Згадваў толькі, што служыў, а апошнім часам, гаварыў, працаваў дальнабойшчыкам. Казаў, што сышоў з сілавой сістэмы, бо лічыў яе «маразматычнай».

«У камеры ён займаўся спортам, шмат чытаў — на Жодзіне не было магчымасці выбіраць кнігі, што прывозілі, тое і чытаў. Мы ўвесь час гулялі з ім у інтэлектуальныя гульні, у словы. І ён амаль заўсёды выйграваў. Ён пакінуў уражанне эрудзіраванага чалавека, з ім цікава было весці дыялог на многія тэмы — армія, палітыка», — згадвае адзін з сукамернікаў.

Пры вобшуку ў Іллі знайшлі дома пару патронаў (ён казаў, што засталіся пасля палявання). Праз гэтую знаходку яму дадалі крымінальны артыкул.

Што дзіўна, для былога супрацоўніка органаў мужчына быў вельмі гаваркі.

«У турме наогул лепш язык за зубамі трымаць. Ілля часам дастаткова наіўным падаваўся, такая вясковая простасць у ім была. Трохі дзіўна», — дзеліцца сукамернік.

Мужчына вельмі перажываў за жонку з дзецьмі, што яна адна з імі застанецца. Свой учынак з падпалам «БелТол» ён тлумачыў пратэстам супраць бязладдзя ў краіне.

«Ён разумеў, што яму не менш за 10 гадоў дадуць».

КДБ унёс Трубіна ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Суд над мужчынам праходзіў у закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах:

  • ч. 1 арт. 289 — акт тэрарызму;
  • ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму, здзейснены паўторна;
  • ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Крывела.

Пра затрыманне Трубіна стала вядома летась у жніўні. Нанесеная ім шкода папярэдне склала 450 тысяч рублёў, паведамляў СК.

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
15
Абуральна
25