Ілюстратыўнае фота Мінабароны Беларусі

«Калі глядзець з пазіцыі камандуючага, мне здаецца, што тая групоўка, якая была сабраная Расіяй, яна свае задачы выканала — зрабілі, што маглі, іншае пытанне, што ад іх хацелі.

Пуцін думаў, што Украіна не гатовая да такой вайны, а аказалася, што гэта Расія не гатовая, — адзначае дзейны палкоўнік. — Ісці заваёўваць Украіну без рэзерваў і з такім шырокім фронтам…

У цэлым, адыход ад Кіева, Чарнігава і Харкава быў лагічным з гледзішча мэтаў рускіх, гэта было ўключэнне логікі. 

Далей мы сабе бачылі так: ну ўсё, яны ўшчыльнілі фронт, цяпер ідзі сабе наперад, перамельвай артылерыяй і авіяцыяй лініі абароны, насядай, захоплівай плацдармы і прасоўвайся. 

Яны прыкладна так і дзейнічалі да моманту захопу Севераданецка і Лісічанска. Але… калі гэтыя гарады ўзялі, то ўсё застапарылася. 

Не ведаю, у чым там штука, выглядае, што ў «Хаймарсах». Яны пусцілі пад адхон саму філасофію расійскай арміі: «у нас невычарпальныя рэсурсы».

Ну так, можа быць і невычарпальныя, але адна справа іх мець, а другая — імі карыстацца. І вынішчэнне складоў боепрыпасаў і шляхоў іх дастаўкі — гэта ўжо практычны бок. 

Без доступу да «неабмежаваных рэсурсаў» вайна скацілася да валтузні за пасёлкі гарадскога тыпу, што ў «афіцыйных крыніцах» выдаецца ледзь не за бітвы на Курскай дузе. 

Пры гэтым у нармальнага камандзіра ў галаве пытанне: а куды паляцелі вашы тысячы ракет? Што яны там знішчылі, прарэдзілі жыллёвы фонд? Адкуль супрацьпаветраная абароны і авіяцыя ва Украіне? Чаму на фронт па дарогах едуць бранятэхніка, снарады?

Спецыялісту відавочна, што Украіна збольшага ваюе тым жа самым, чым і Расія. Заходняй дапамогі мала для перакульвання канфлікту такога маштабу, дый што там за дапамога?

Найноўшых тэхналогій Украіне як не давалі, так і не даюць, тыя ж «Хаймарсы» і ракеты да іх ужо вядомыя, прабачце, 30 год. 

Па факце, «вторую армию мира» спынілі рэактыўныя сістэмы канца 90-х, і гэта, канечне, смеху варта, гэта здзек з усёй філасофіі непераможнасці расійскай зброі. 

Памятаю, і ў Акадэміі, і на факультэце Генштаба нам казалі: «У нас самая лепшая ў свеце супрацьпаветраная абарона! Амерыканцы развіваюць авіяцыю! Мы іх не здагонім у гэтай сферы, але мы стварылі найлепшую ў свеце сістэму супрацьпаветранай абароны, якая нічога не прапусціць», — казалі. 

І што, і дзе яна? Я разумею, што нельга выбудаваць эшэланаваную абарону на маршы, калі групоўка ідзе на Кіеў, якую расстрэльваюць «Байрактары» (таксама старызна, дарэчы, ва ўкраінцаў не апошнія мадэлі «Байрактараў»).

Але калі фронт стабілізаваўся, з'явілася прыкрыццё, роля «Байрактараў» знізілася, і што далей?

Вы не можаце прыкрыць стратэгічныя масты і аэрадромы ад ракет 30-гадовай даўнасці, а што вы тады ўвогуле можаце прыкрыць? 

Таму другасным наступствам я бачу і зніжэнне продажаў расійскай зброі, якая выявілася ражном сумнеўнай эфектыўнасці. І беларускі ВПК, я думаю, гэта таксама адчуе.

Калі казаць пра настроі ў калідорах, то секта веруючых у «силу русского оружия» ў беларускай арміі будзе імкліва скарачацца па меры контрнаступу. 

У калектыве яўна прыціхлі размовы пра «радзіму ад Лісабона да Уладзівастока». Яшчэ два месяцы таму было папулярным меркаванне, што Расія ваюе левай нагой, што яе магчымасці такія, што яна можа весці яшчэ дзве-тры аналагічныя кампаніі адначасова, пагражаць Польшчы і балтыйскім краінам, узяць іх ледзь не на маршы. 

Але цяпер відавочна, што пра «рускую Рыгу» нельга разважаць нават у самых смелых фантазіях.

У калектыве размовы пра такія магчымасці спыніліся, іх ініцыятары ўжо разумеюць, наколькі яны смешнымі выглядаюць. 

Я гэта бачу так, што калі Расія правальна паказала сябе ў наступе, то ў абароне я б ад іх нічога не чакаў.

Ва ўкраінцаў на Данбасе масіўныя і глыбокія ўмацаванні, якія цяжка пераадольваюцца і вядуць да вялікіх страт нападаючых. 

А што там паспелі набудаваць рускія? Сцяну са шчытоў СОБРа? 

Таму ўкраінцам будзе і прасцей у атацы, і прапорцыі стратаў у наступленні ў іх будуць меншыя, чым у рускіх, якія не могуць аднавіць свае страты хутка, бо не маюць рэзерваў. 

Гэта так і атрымліваецца: рускія два месяцы бяруць сяло, потым за два дні яго аддаюць. 

З гледзішча ваеннага мастацтва і аператыўнай стратэгіі ўкраінцы прыгажуны, зычу ім захаваць больш жыццяў і выбіць акупантаў так, каб раз і назаўсёды. Гэта іх першая сапраўдная вайна за незалежнасць», — сказаў самы высокапастаўлены з апытаных афіцэраў Узброеных сілаў Беларусі. 

«Што ў нас думае народ? Існуе свайго роду падаўленасць. У Мар'інай Горцы, Брэсце, Віцебску… многія вечна на сумесных вучэннях, мерапрыемствах. А расійскае ССА размалацілі ў Гастомелі, пад Харкавам і Нікалаевым. Нічога яны не паказалі, загінулі, ну і ўсё, уласна. Эліта,— сказаў нам маёр сіл спецаперацый.

— У прынцыпе ясна, што было б з намі, калі б мы туды палезлі. Некаторыя гарачыя галовы, якія гатовыя ехаць ваяваць, яшчэ ёсць. Я думаю, было б карысна, каб яны ўзялі адпачынкі і паехалі дабраахвотнікамі за Расію пасупраціўляцца контрнаступу, хто вярнуўся — расказаў бы, як там, а то мы па вялікім рахунку ў інфармацыйнай блакадзе і запалоханыя контрвыведкай, кожны баіцца падзяліцца меркаваннем», — кажа афіцэр. 

«Калегі ў ах..і ад Украіны: такога яўна не чакалі, і можна сказаць больш, што для многіх гэта самы галоўны злом у жыцці, — сказаў капітан з іншага падраздзялення.

Яны не верылі ў Расію як мяккую сілу, у «рускі свет». Але была безумоўная вера ў грубую сілу Расіюшкі. Гэта заўжды адчувалася.

Маўляў, усё га*нянае і ў нас і ў Расіі: адукацыя, тэхніка, узровень жыцця… але вось армія!.. Армія — магутная. А аказалася, што і яна — га*но. Наступаць галоўны ваенны саюзнік не можа, і абараняцца — таксама. 

Уражвае таксама, як украінцы берагуць людзей. У маім уяўленні, контрнаступ — гэта такі накат на абарону масай людзей, а тут такога не відаць зусім. Ну і правільна. Тэхніка і боепрыпасы хутка адновяцца, а вось падрыхтаваных людзей лёгка не знойдзеш.

Людажэрная сістэма нічога не можа супрацьпаставіць разліку, гуманнасці, тэхналогіям і дэмакратыі, вось якія мае асабістыя высновы», — сказаў нам гэты малады афіцэр. 

«Той імідж самай моцнай на кантыненце арміі, які стваралі дзесяць год, з рэформы Сердзюкова, і ў які верылі ад Брэста да Уладзівастока, пераўтвараецца ў абсёр.

Па сваім калектыве назіраю, што нават «читающие официальные источники» нешта пачынаюць разумець, хаця трэба яшчэ пачакаць месяцок.

Бо нават нейкая шырокавядомая інфармацыя да нашых афіцэраў даходзіць з вялікім лагам па некалькіх прычынах:

— агульная герметычнасць вайсковай сістэмы,

— невалоданне замежнымі мовамі і, адсюль, немагчымасць спажываць самую аператыўную інфармацыю (тое, што брытанская выведка кожны дзень дае дэталёвыя справаздачы высокага ўзроўню, адкрытыя для ўсіх, гэта нейкая фантастыка, у нашай разведкі нашмат меншая інфармаванасць, але свае справаздачы яны цэняць як тайну Святога Грааля, да якой даюць дакрануцца ледзь-ледзь на палітінфармацыі, ды і, шчыра кажучы, трызненне там адно пад відам разведданых).

— у цэлым нізкі інтэлектуальны ўзровень афіцэраў, якія ў апошнія дзесяцігоддзі ўяўляюць сабой жывую ілюстрацыю адмоўнага адбору — не можа з абітурыента, які набірае 90 балаў разам з атэстатам, вырасці афіцэр-інтэлектуал. 

Таму працэсы пераацэнкі найперш сябе, хто ты ёсць як прафесіянал у параўнанні з тым, што ты насамрэч з сябе ўяўляеш, і твая структура, то яны пачаліся.

Але большасць «красаўцаў» яшчэ ў акулярах», — сказаў гэты афіцэр. 

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Можаце дапоўніць тэму? Пішыце аўтару на мэйл [email protected] ці наўпрост у тэлеграм @artsiom_harbatsevich

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
SHOS / Адказаць
10.09.2022
Ну так с вашего согласия ракеты шпулялись. А тут уже так говорят. Осмелели.
3
войска ВКЛ разбіла маскавітаў. / Адказаць
10.09.2022
Кожны беларус павінен ведаць пра бітву пад Оршай 8 верасня 1514 года, калі войска ВКЛ разбіла маскавітаў.

7
Равелкс / Адказаць
10.09.2022
Белорусские военные? Их мнение кому то важно?
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру