Пяціразовы найлепшы футбаліст чэмпіяната Беларусі і дзевяціразовы чэмпіён краіны зараз перажывае не найлепшыя часы. 36-гадовы Ігар Стасевіч ужо пару месяцаў знаходзіцца ў статусе беспрацоўнага, але, відаць, усё яшчэ спадзяецца пагуляць. Прынамсі аб намеры завяршыць кар’еру ад самога паўабаронцы не чуваць, хай сабе ён усё часцей свеціцца ў актыўнасцях, далёкіх ад спорту — напрыклад, разам з жонкай праводзіць фотасесіі ў ванне.

Аднак, як стала вядома «Трыбуне», Стасевіч месяц таму ледзь не вярнуўся ў чэмпіянат Беларусі. Прычым не куды-небудзь, а ў мінскае «Дынама», за якое выступаў з 2012-га па 2014-й гады. Але здзелка сарвалася ў апошні момант — па ініцыятыве так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, які, што цікава, ужо нават змякчыў сваю катэгарычную пазіцыю па не самым добранадзейным у ідэалагічным плане футбалісту.

«Трыбуна» даведалася падрабязнасці.

Як праводзіць гэты год?

Пасля сыходу з БАТЭ ў 2020-м кар’ера яшчэ нядаўна топ-гульца пачала імкліва скочвацца. Стасевіч не захацеў ісці на паніжэнне заробку ў родным клубе і адправіўся ў багаты Салігорск. Але калі ў фінансавым плане ў «Шахцёры» усё было ў адносным парадку, то ў астатнім — проста кашмар. Хай у сезоне паўабаронца згуляў у 32 матчах ва ўсіх турнірах (71 хвіліна ў сярэднім на полі), але статыстыка пры гэтым атрымалася гнятлівая: усяго тры галы і чатыры «асісты». Менш за 10 балаў за год Стасевіч набіраў да гэтага ажно ў 2013-м.

Сезон у Салiгорску запомніўся яшчэ канфліктам з галоўным трэнерам Сяргеем Гурэнкам. Па розных сведчаннях, Стасевіч быў адным з галоўных незадаволеных прапанаванымі спецыялістам нагрузкамі. З-за спробы бунту Ігар на месяц выпаў са складу «гарнякоў».

Пры зменшчыку Гурэнкі Аляксеі Багу Стасевіч акрыяў і толькі ў адным матчы не выйшаў з першых хвілін. Але пасля заканчэння чэмпіяната клуб развітаўся з трэнерам, які здолеў з «гарнякамі» узяць чарговае чэмпіёнства, а неўзабаве пасля гэтага з Салігорска з’ехаў і паўабаронца. Стасевіч (як і яшчэ адзін цяпер беспрацоўны футбаліст Аляксандр Гутар) не захацеў ісці на істотнае паніжэнне заробку, выкліканае ўведзеным федэрацыяй лімітам.

Без клуба футбаліст прасядзеў да 22 лютага 2022 года. За два дні да пачатку вайны ва Украіне Стасевіч падпісаў дамову з «Чайкай» з расійскай Футбольнай нацыянальнай лігі, якой на той момант кіраваў Сяргей Ташуеў. Але нешта ў Ігара не склалася ў Растоўскай вобласці. Ні пры Ташуеве, ні пры Сяргеі Чаранкове, які змяніў калегу ў канцы сакавіка, беларус не блішчэў. За некалькі месяцаў паўабаронца выйшаў на поле толькі ў 12 матчах ва ўсіх турнірах (у сярэднім 70 хвілін на полі) і набраў усяго чатыры балы. Прычым у актыве — ніводнага гола, а толькі «асісты». Хоць, варта прызнаць, некаторыя пасы былі па-сапраўднаму прыгожыя (толькі вось партнёры не карысталіся імі).

У канцы сезона Стасевіч атрымаў траўму, з-за чаго прапусціў заключную частку чэмпіянату. А ў чэрвені 2022-га па заканчэнні тэрміна кантракту пакінуў «Чайку».

Амаль вярнуўся ў чэмпіянат Беларусі, але не даказаў сваю «патрыятычнасць»

Пасля ад’езду з Расіі Стасевіч некаторы час знаходзіўся ў статусе беспрацоўнага, але калі адчынілася трансфернае акно ў Беларусі, ледзь зноў не апынуўся сярод гульцоў Чэмпіяната Беларусі. Паводле нашай інфармацыі, у паслугах паўабаронцы было зацікаўленае «Тарпеда-БелАЗ», але да канкрэтнай прапановы справа не дайшла. А вось іншы клуб, куды СМІ перыядычна адпраўлялі Стасевіча, аказаўся больш настойлівым. Гаворка пра мінскае «Дынама». Праўда, справа ўскладнялася тым, што Стасевіч яшчэ пасля падзеяў 2020-га трапіў у так званы чорны спіс футбалістаў і стаў «непажаданым» для спартыўных чыноўнікаў.

Рэч у тым, што ў жніўні 2020 года Ігар разам з аднаклубнікамі па БАТЭ адкрыта падтрымаў нападаючага барысаўчан Антона Сароку, які быў затрыманы праз тры днi пасля выбараў і адпраўлены на сем сутак арышту, але выйшаў датэрмінова на «хвалі» вызваленняў. А ў лістападзе 2020-га гулец выставіў на дабрачынны аўкцыён футболку зборнай Беларусі са сваім аўтографам. Атрыманыя сродкі пайшлі ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Лот з майкай Стасевіча выкупілі за 2750 долараў.

І няхай паўабаронца не прыняў удзел у запісе роліка, у якім беларускія футбалісты асудзілі гвалт з боку рэжыму Лукашэнкі, але ў спіс тых, каго непажадана бачыць у айчынным футболе, Ігар усё роўна патрапіў.

Варта адзначыць, што пасля сыходу з «Шахцёра» Стасевіч некаторы час трэніраваўся з дублем БАТЭ, журналіст Мікалай Іваноў тады пісаў, што «жоўта-сінія» разам з мiнскім «Дынама» «хацелі падпісаць гульца, але пераход у гэтыя клубы зараз немагчымы». Уладзіслаў Татур у той жа час паведамляў, што найбольш верагодным варыянтам працягу кар’еры футбаліста было «Тарпеда-БелАЗ», у трэнерскім штабе якога поўна знаёмых людзей». Але падпісанне з беларускімі клубамі аказалася немагчымым — зноў жа з-за спісу непажаданых і асабістай забароны Кавальчука.

Тым не менш, мінулым летам Стасевіч быў блізкі да вяртання ў ЧБ, прычым у падкантрольнае «міністру» «Дынама». Паводле інфармацыі «Трыбуны», крыху больш за месяц таму кіраўніцтва «бела-блакітных» звярнулася да чыноўніка з просьбай усё ж змякчыць пазіцыю па гульцу і дазволіць яму падпісаць кантракт з «Дынама». Кавальчук некаторы час падумаў і даў дабро, але пры адной умове — Стасевіч павінен запісаць такое ж відэа, якое запісаў іншы гулец мінскага калектыву Аляксандр Сачыўка. Гэта значыць, па сутнасці, публічна заявіць сваю сваю патрыятычнасць у найгоршым лукашысцкім значэнні, з пафасам расказаць пра тое, як ён ганарыцца «стаяць на полі і слухаць гімн РБ, назіраць за чырвона-зялёным сцягам, які развяваецца». Ды і ўвогуле прызнаць, што ўлады прыкладаюць каласальныя намаганні для развіцця спорту ў краіне і гэта дае значныя вынікі.

36-гадовы Стасевіч, які ўсё яшчэ не жадае заканчваць кар’еру, пагадзіўся на гэтыя ўмовы. Далей за справу ўзяўся Кавальчук. Чыноўнік асабіста напісаў сцэнар роліка, прычым, паводле нашай інфармацыі, спіч атрымаўся яшчэ больш «патрыятычным» і пафасным, чым у Сачыўкі. Выніковае відэа было загадана даслаць у Мінспорта на ўзгадненне.

У пачатку жніўня відэа было зроблена, а ролік, як і належыць, накіравалі Кавальчуку. Але так званы міністр заўважыў недазваляльныя, на яго думку, рэчы: як аказалася, Стасевіч праявіў ініцыятыву і замяніў некалькі фраз у падрыхтаваным для яго спічы. Пра якія менавіта абароты ідзе гаворка, нам, на жаль, даведацца не ўдалося. Аднак, як запэўніваюць нашыя крыніцы, сцэнар страціў максімальную пафаснасць і патрыятычнасць, якой дамагаўся Кавальчук.

У выніку чыноўнік паглядзеў відэа і практычна прамым тэкстам праз кіраўніцтва «Дынама» перадаў наступнае: «Ну, калі Стасевіч змянiў тэкст, тады і мы зменiм сваё рашэнне па ім. Падпісваць кантракт з гульцом забараняю». Гэтая забарона, дарэчы, негалосна распаўсюдзілася не толькі на «Дынама», але на іншыя беларускія клубы, якія маглі б потым выказаць жаданне запрасіць паўабаронцу. Па сутнасці, Кавальчук канчаткова зачыніў перад Стасевічам дзверы ў чэмпіянат Беларусі.

Каб даведацца, што наконт гэтага думае сам гулец, мы неаднаразова спрабавалі з ім звязацца. Аднак нашыя пытанні Стасевіч ігнараваў: у тых жа мэсенджарах запыты чытаў, але на іх не адказваў.

Зараз Ігар, якому 21 кастрычніка споўніцца 37, трэніруецца з «Іслаччу». Але не на сталай аснове, а для падтрымання формы — два-тры разы на тыдзень.

label.reaction.like
4
label.reaction.facepalm
13
label.reaction.smile
17
label.reaction.omg
6
label.reaction.sad
8
label.reaction.anger
57

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Hanba / Адказаць
10.09.2022
Hanba kavalchuku hanba
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру