«Сустрэча доўжылася гадзіну. Нас пасадзілі ў тую ж кабінку, што і год таму.

Выглядае ў параўнанні з мінулым годам нармальна. Бледная, канечне, бракуе сонца. Худая. Сказала, што важыць каля 45 кілаграм. Але больш энергічная, таму што год таму яна ледзь жывая была — тады яна вельмі хваравіта выглядала. Здароўе ўсё яшчэ турбуе. Яна па-ранейшаму пакутуе ад болевых адчуванняў у шыі з прычыны новаўтварэнняў у шчытападобнай залозе, працягваюць разбурацца зубы, і з нядаўняга часу з'явіліся праблемы з неўралогіяй у вобласці рэбраў. Вельмі перажывае за маму, усё распытвала.

Перадаў ёй прывітанні — яна вельмі дзякуе ўсім. Распавёў пра міжнародную падтрымку і рэакцыі на прысуд міжнароднай супольнасці — была радасная і задаволеная, што яе не забываюць.

Прысуд успрыняла адэкватна, кажа: «Бязглуздзіца». На амністыю нават блізка не разлічвае… Але спадзяецца на лепшае! Распавяла, што ў аснову абвінавачвання таксама ляглі задачы па крымінальным праве ў ЕГУ, калі артыкулы Крымінальнага кодэкса разбіралі з пункту гледжання абвінавачвання і абароны. У яе знайшлі файлы з рашэннем гэтых практыкаванняў, дзе яна распісвала, што трэба зрабіць, каб не падпасці пад той ці іншы артыкул. І гэта кваліфікавалі як падрыхтоўку да злачыннай дзейнасці. Марфа казала, што гэта ўніверсітэцкія заданні, але абвінавачванне заявіла, што яна дзеля пазбягання адказнасці так рабіла.

Марфа расказала, што, калі вазілі на апошнія працэсы і на прысуд, то ў галаве ў яе гучала «Месяцовая саната» Бетховена.

Да этапу ў калонію ёй дзесьці тры-чатыры месяцы — да апеляцыі. У гэты час яе яшчэ можна падтрымліваць пасылкамі, нават медыцынскімі, грашовымі пераводамі. Калі перавядуць у калонію — ужо не будзе такой магчымасці».

Падтрымайце Марыю Рабкову лістамі салідарнасці, пасылкамі, грашовымі пераводамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай

Чытайце таксама:

Апошняе слова Марфы Рабковай: Мы набліжаем надыход нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў свае сілы!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру