Ад кальцавой у раёне Навінак да СТ «Калязея» — 18 кіламетраў і прыкладна столькі ж хвілін язды на аўтамабілі. Населены пункт знаходзіцца ў Беларуцкім сельсавеце, што на заходняй ускраіне Лагойскага раёна. За пяць кіламетраў ад таварыства можна знайсці і папулярнае месца адпачынку мінчан − вадасховішча на рацэ Вяча.

Да ўезду ў пасёлак вядзе добрая дарога. Трэба праехаць некалькі садовых таварыстваў (у адным, дарэчы, ёсць невялікая крамка), «інстаграмныя» палі і трэба звярнуць налева да лецішчаў. Відаць, што новая асфальтавая крошка ад асноўнай дарогі да варот з'явілася зусім нядаўна.

Да найбліжэйшага аўтобуснага прыпынку ад «Калязеі» − метраў 500. Тут некалькі раз на дзень ходзяць аўтобусы і маршрутка.

Тэрыторыя таварыства абгароджаная плотам. Побач з уваходам размясцілася прыгожая кампазіцыя з камянёў. Тут жа непадалёк — смеццевая пляцоўка.

Усе дарогі ўнутры пасёлка — грунтавыя. Дзе-нідзе яны выглядаюць прыстойна, але ў некаторых праездах у дождж можна і захраснуць.

Пасёлак складаецца з некалькіх паралельных вуліц і 281 участка. Ёсць гатовыя дамы, але многія катэджы — у працэсе ўзвядзення.

У таварыства ёсць свой сайт. СТ «Калязея» было зарэгістраванае ў 2010 годзе. Яно стваралася для супрацоўнікаў Вялікага тэатра оперы і балета, а таксама работнікаў іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у асваенні тэрыторыі. У адкрытых крыніцах можна знайсці і прозвішчы ўласнікаў участкаў. Сярод іх — заслужаныя артысты, вядучыя салісты опернага тэатра, музыканты Дзяржаўнай філармоніі. Увогуле, калі выбраць гэтае таварыства месцам для жыцця, ёсць шанец сустрэць на ранішняй прагулцы зорку айчыннай оперы або балета.

З камунікацый у пасёлку прысутнічае электрычнасць (тры фазы 380) і цэнтральны падземны водаправод. Таксама члены таварыства абмяркоўваюць пытанне стварэння кааператыва для правядзення газу.

Як і большасць новых садовых таварыстваў, «Калязея» больш падобная на добры катэджны пасёлак — вялікія ўчасткі, шырокія дарогі, дамы. Цяпер тут можна знайсці ўсе віды сучаснага домабудавання — дамы з бруса, «каркаснікі», катэджы з блокаў.

Мяркуючы па фатаграфіях у сацсетках, таварыства «Калязея» дастаткова дружнае і актыўнае — тут рэгулярна праводзяцца суботнікі і іншыя мерапрыемствы.

Што тычыцца членскіх узносаў, то яны складаюць 48 рублёў у квартал. Акрамя рэгулярных, у таварыстве ёсць і мэтавыя ўзносы — да прыкладу, на падсыпку дарог і іншыя патрэбы. У гэтым годзе яны вызначаныя ў памеры 600 рублёў. Таксама ў таварыства вялікія планы па асваенні тэрыторыі — у цэнтры пасёлка ў будучыні можа з'явіцца зона адпачынку.

Што тут прадаецца?

Праз Realt.by у садовым таварыстве «Калязея» прадаецца каля 15 аб'ектаў. Ёсць зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва, ёсць «скрынкі», якія прыйдзецца даводзіць да розуму, ёсць дамы, цалкам гатовыя да пражывання.

Самы недарагі варыянт — участак побач з лесам, без пабудоў, але з падведзенымі камунікацыямі. За надзел плошчай 10 сотак просяць 12 тысяч даляраў. Таксама ў продажы ёсць участкі коштам ад 15 да 33 тысяч даляраў (апошні — 20 сотак).

З недабудаваных катэджаў — ёсць вось такі дом плошчай 310 «квадратаў». Ён прадаецца за 29,9 тысячы даляраў.

Для тых, каго задавальняе сезонны адпачынак, ёсць дача з камінам і выхадам да лесу. Вада ў доме толькі халодная, туалет на вуліцы. Кошт — 45 тысяч даляраў.

Невялікі аднапавярховы дом (88 «квадратаў») з усімі выгодамі для пражывання круглы год прапануецца за 92 тысячы даляраў.

А вось гэтая ўтульная дача ў стылі «Праванс» каштуе 99 тысяч даляраў.

З больш змяшчальнага — дом плошчай 145 «квадратаў» 2020 года пабудовы. У катэджы вялікая гасцёўня, 4 спальні, 2 санвузла, амаль усе вокны — у падлогу, ёсць лазня. Тэрыторыя ўчастка — 20 сотак, гаспадарчы блок, навес для паркоўкі двух аўтамабіляў. Кошт — 190 тысяч даляраў.

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
11