Палітзняволеная Вольга Класкоўская

Днямі чат «Беларускія адвакаты» быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Ён з’явіўся ў верасні 2020 года, у той час там было больш за 200 удзельнікаў, пасля іх заставалася 150—170. Яшчэ да прызнання экстрэмісцкім чат быў выдалены.

Ціск на адвакатаў узмацніўся з гэтага года, дзеліцца назіраннямі адзін з абаронцаў. Кожныя паўтара месяца здараюцца аблавы супраць чарговай групы адвакатаў.

Па яго ацэнках, за мінулы год каля 120 адвакатаў вырашылі не працягваць сваю дзейнасць.

«Абстаноўка вельмі напружаная. Многія адвакаты працуюць у страху і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. У такой сітуацыі рэалізаваць у належнай меры свае паўнамоцтвы ў якасці абаронцы па крымінальных справах становіцца цяжка, — кажа іншы суразмоўца. —

Адвакаты імкнуцца лішні раз не рызыкаваць сваёй ліцэнзіяй і кар'ерай. Таму часта адбываецца фактычна адмова ад абароны па «экстрэмісцкіх справах» пад рознымі падставамі. Многія адвакаты імкнуцца пераседзець гэтыя смутныя часы. Хто ў дэкрэце, хто абмяжоўваючы сябе ў працы. Нехта прыпыняе дзейнасць ліцэнзіі і займаецца іншымі справамі, працуе юрыстам у кампаніі. З'язджаюць у асноўным адвакаты, якім рэальна пагражае рызыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць».

У некаторых кансультацыях настойваюць, каб адвакаты не бралі палітычныя справы, або не дапускаюць да іх асобных абаронцаў, у кім не да канца ўпэўнены, заўважае іншы юрыст.

«Цяпер ужо пазбаўленне ліцэнзіі лічыцца нядрэнным зыходам, паколькі пачасціліся выпадкі адвольных затрыманняў адвакатаў і прыцягнення іх да адказнасці па надуманых падставах», — кажа адзін з суразмоўцаў.

На гэтым тыдні затрымалі адразу трох адвакатаў.

Міхаіла Макарава, які абараняў у судзе палітвязня Мікіту Дранца па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», і яго жонку, таксама абаронцу, Вікторыю Гулькову арыштавалі на 15 сутак — нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КоАП). Затрымалі таксама адвакатку Настассю Сагановіч. Сілавікі паведамлялі, што яна і Макараў быццам абвінавачваюцца ў перадачы «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам персанальных даных супрацоўнікаў ГУБАЗіК, СК, пракуратуры і суддзяў, якія разглядалі крымінальную справу «Рэвалюцыйнага дзеяння».

У пачатку верасня быў затрыманы адвакат Уладзімір Ангельскі. Ён абараняў адваката Віталя Брагінца, якога трымаюць на Валадарцы па «народным» артыкуле 342.

Чаму пазбаўленне ліцэнзіі палічылі недастатковым? Такая мера ж фактычна выключае адваката з удзелу ў судах.

«Гэта не забяспечвае дастатковую лаяльнасць», — мяркуе юрыст.

Улады хочуць дабіцца, каб адвакаты выконвалі ролю статыстаў у працэсах, аблягчалі ім задачу. «Я даўно чакаў, што будзе нейкая «справа юрыстаў», і нават здзіўлены, што да гэтага не дайшло».

Іншы адвакат тлумачыць тым, што ўлады хочуць давесці, што абаронцы сур’ёзна парушаюць закон. 

У юрыдычных кансультацыях Мінска загадчыкі даводзяць новыя ўказанні ад Мінюста. Запужваюць, што затрыманні працягнуцца. Па палітычных справах забараняюць «перашкаджаць» следству — пісаць скаргі, спрачацца са следчымі. За скаргі пагражаюць пазбаўляць ліцэнзіі.

«Калі будзеце замінаць следству — самі будзеце вінаватыя», — кажуць адвакатам. 

Па астатніх справах прынцыпы працы мяняць не прымушаюць.

Многія адмаўляюцца браць справы па лініі КДБ

Цяпер у краіне каля 1100 адвакатаў працуюць па крымінальных справах. Колькі з іх гатовы браць палітычныя? «Думаю, каля 10 працэнтаў», — ацэньвае адзін з адвакатаў. Іншы называе лічбу яшчэ меншую — 50—60 чалавек.

«Калі да мяне звяртаюцца і просяць падказаць адваката, я нават не ведаю, каго магу прапанаваць», — кажа абаронца.

Многія адмаўляюцца браць справы па лініі КДБ.

«Дакладна складаней знайсці абаронцу на справы, звязаныя з «дзяржаўнай здрадай» — праблема ў тым, што такія справы заўсёды закрытыя, адвакаты па такіх справах адчуваюць істотны ціск, напэўна, іх праслухоўваюць (а мабыць, і сочаць нейкім іншым спосабам). Бываюць выпадкі, што адвакатам па такіх справах забараняюць выезд з краіны,

— кажа адзін з юрыстаў. — Па іншых палітычных справах якой-небудзь істотнай градацыі, падаецца, не існуе»

«У той жа час адвакат не мае права адмовіць у юрыдычнай дапамозе з такой прычыны, таксама як і доктар не можа адмовіць у дапамозе пацыенту. Праблема ў тым, што за гэтым сур'езным парушэннем закона і правіл прафэтыкі калегіі адвакатаў не сочаць і адвакатаў да адказнасці не прыцягваюць па зразумелых прычынах», — дадае ён.

Тыя адвакаты, хто абараняе палітвязняў, кажуць, што адмовіцца ім не дазваляе прафесійная этыка і прынцыпы прафесіі.

Па адміністрацыйных справах, дзеліцца адзін з абаронцаў, людзі да адвакатаў цяпер амаль не звяртаюцца.

«Цяпер «суткі» часцей выкарыстоўваюць як падставу для ўтрымання пад вартай, каб выбіць патрэбныя паказанні па крымінальнай справе», — лічыць адвакат.

Ён прызнаецца, што ёсць недавер да некаторых абаронцаў, якія бяруцца за палітычныя справы.

«Падазраю, што хтосьці супрацоўнічае са следствам — свядома ці праз запужанасць. Некаторыя не ведаюць, якімі сродкамі можна карыстацца пры абароне ці баяцца імі карыстацца. Дый розныя людзі ёсць сярод адвакатаў — сустракаюцца хабарнікі, былыя супрацоўнікі пракуратуры.

Для мяне дзіўна, калі людзі прызнальныя паказанні даюць ці адвакат пагаджаецца з абвінавачваннем».

Бываюць выпадкі, дзеліцца суразмоўца, калі дзяжурны адвакат цісне на кліента больш, чым следчы.

«Я стараюся ў такое не верыць і бачыць добрае ва ўсіх калегах, але ж такое можа быць, і не только з прызначанымі за кошт дзяржавы адвакатамі, — мяркуе іншы суразмоўца. — Баюся, что дакладны адказ на пытанне мы даведаемся толькі пасля перамен у Беларусі».

«Абаронца» можа параіць поўнае супрацоўніцтва, прызнанне віны, закладанне іншых людзей»

Пра складанасці пошуку адвакатаў для палітвязняў расказвае заснавальніца ініцыятывы па падтрымцы палітвязняў Dissident.by Марына Касінерава:

«Шматлікіх адвакатаў, якія абаранялі палітычных зняволеных, пазбавілі ліцэнзіі, гэта першая прычына, чаму складана знайсці чалавека, які менавіта будзе абараняць, а не ўстане на бок следства. Бо часта людзі сутыкаюцца з сітуацыяй, што адвакацкую ліцэнзію маюць былыя следчыя ці людзі, якія даволі прыязна ставяцца да палітыкі Лукашэнкі. І гэта, безумоўна, робіць горш зняволенаму.

Такі «абаронца» можа параіць поўнае супрацоўніцтва, прызнанне віны, закладанне іншых людзей, пазбаўленне справы «палітычнасці» (калі раяць казаць, што ўчынак быў выключна хуліганскі і не меў палітычнай падаплёкі). Усё гэта супярэчыць правам чалавека. 

Другая вялікая праблема — гэта арышт адвакатаў, што кажа пра тое, што рэакцыя будзе ісці далей і ўзмацняць рэпрэсіі, бо на сёння небяспечна нават абараняць рэпрэсаваных, не кажучы пра іншую дзейнасць. 

Але ўсё ж ёсць тыя людзі, якія працягваюць сваю дзейнасць, а таксама ёсць адвакаты, якія шчыра і сумленна выконваюць сваю працу, спрабуючы дапамагчы. Я бы прасіла сваякоў рэпрэсаваных не маўчаць, а як мінімум дзяліцца інфармацыяй з праваабарончымі арганізацыямі і ініцыятывамі, каб мы маглі зафіксаваць усе парушэнні, надаць юрыдычную кансультацыю і дапамагчы па меры магчымасцяў. Маўчанне грае на руку толькі следству, у той час калі чалавек пазбаўляецца самага неабходнага — салідарнасці і падтрымкі звонку».

Паварот у справе адвакаткі, затрыманай за «перадачу даных сілавікоў»: яе муж працуе на Валадарцы і праходзіць пацярпелым па справе аб апублічванні яго даных

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Беня / Адказаць
16.09.2022
Прокуратура станет проадвурой. Эта правовая инновация станет новой главой одряхлевшего Римского права.
0
даведка / Адказаць
16.09.2022
Безвыходное положение у людей в провинции, где из нескольких адвокатов в местных юридических консультациях одни детки судей, жёны прокуроров либо вообще бывшие чекисты и следователи, замаравшиеся на службе в громких политических расправах, а заведующими ставят вчерашних выпускников юрфаков из числа актива БРСМ...
0
Лерка / Адказаць
16.09.2022
Страшны час. Але: "Многія адвакаты імкнуцца пераседзець гэтыя смутныя часы. Хто ў дэкрэце..." Так і бачу - о, смутны час, ці не нарадзіць мне дзіцяці? Ну вы сур'ёзна???
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру