Пра расійскі пашпарт і «касякі» па жыцці

Валерый Сахашчык кажа, што «не гатовы апраўдвацца». Бо гэтае грамадзянства ён атрымаў «проста таму, што ў момант развалу Саюза знаходзіўся пад юрысдыкцыяй Расіі»: «Я не хадайнічаў аб яго атрыманні». Ён распавядае, што дастаткова шмат гадоў расійскі пашпарт не выкарыстоўваў, той застаўся ў Беларусі, а сам Сахашчык ужо сёмы год жыве ў Польшчы.

«І ўвогуле, я не лічыў, што гэта нейкая праблема», — кажа ён.

Ён пацвердзіў інфармацыю, агучаную штабам Ціханоўскай, што адмовіцца ад расійскага грамадзянства.

«Я ўжо звярнуўся з просьбай, каб склалі нейкую анкету, дэкларацыю, каб я адказаў на ўсе пытанні. Мне ў маім жыцці хаваць абсалютна няма чаго. Я ніколі не казаў, што я ідэальны, што я белы, пухнаты, што ў мяне няма ніякіх касякоў у жыцці і ніякіх шкілетаў у шафе, — сказаў ён. — Але я нікога не падманваў».

Сахашчык кажа, што ніколі не планаваў рабіць кар'еру палітыка і не рыхтаваўся да яе, «усё адбылося экспромтам».

«Я маю такую біяграфію, такое мінулае, якое маю. Я ганаруся сваім мінулым. Я не збіраюся ад яго адмаўляцца. Я насамрэч скончыў крамлёўскае вучылішча [Маскоўскае агульнавайсковае вучылішча]. Я гэтым вельмі ганаруся. < > Я служыў у Савецкай Арміі, пры Савецкім Саюзе я быў піянерам, камсамольцам, камуністам. Па парыве душы, са шчырых памкненняў я калісьці ўступіў Камуністычную партыю Савецкага Саюза і выйшаў з яе за паўгода да путчу, калі разабраўся, што гэта ўсё трошкі не тое, што я меркаваў, будуючы сваю будучыню ў гэтай партыі. Але як бы там ні было, гэта старонкі ў маёй біяграфіі, якіх я адракацца не збіраюся», — кажа ён.

На пытанне вядоўцы наконт таго, пра што яшчэ Сахашчыку варта было б распавесці, той адказаў: «У мяне так шмат «касякоў» па жыцці… Калі я пачну распавядаць, не хопіць ніякага эфіру. Я не быў ідэальным чалавекам. Ну я такі, які ёсць. У мяне трэці шлюб, нарэшце, шчаслівы, нядаўна адзначылі 10 гадоў, у мяне пяцёра дзяцей. Я вельмі шчаслівы са сваімі дзецьмі, у мяне трое ўнукаў».

Пра сваіх аднакурснікаў

Сахашчык кажа, што ён мала з кім кантактуе з тых курсантаў, з якімі калісьці вучыўся і якія цяпер — расійскія афіцэры.

«Засталося толькі некалькі чалавек, з якімі захаваліся нармальныя адносіны. Як гэта ні сумна, але большасць маіх аднакласнікаў прытрымліваюцца афіцыйнай ідэалогіі расійскай дзяржавы, якую я прыняць не магу. Але з нейкай колькасцю людзей працягваю кантактаваць. Для мяне прыемна тое, што вельмі многія мае салдаты былыя, якія жывуць у Расіі, выказалі падтрымку пасля майго выступу супраць уводу войскаў ва Украіну і працягваюць са мной кантактаваць і мяне падтрымліваць. Хоць, здавалася б, людзі не маюць вышэйшых адукацый, але чамусьці разумеюць жыццё лепш і глядзяць глыбей, чым іх суайчыннікі, якія са мной дзялілі курсанцкі хлеб», — распавядае ён.

Пра беларускіх вайскоўцаў з расійскімі пашпартамі

Вядоўца спытаў падпалкоўніка і пра тое, як расійскія пашпарты могуць уплываць на настроі беларускіх вайскоўцаў.

«Давайце не будзем звальваць усё ў кучу. Мне здаецца, гэта вельмі вялікая розніца — грамадзянства, атрыманае некалі аўтаматычна, і светапогляд, які чалавек мае на сённяшні дзень.

Светапогляд ва ўсіх розны. Нейкая колькасць афіцэраў спіць і бачыць сябе ў Расіі проста таму, што там больш плацяць. Але мне здаецца, колькасць такіх людзей моцна паменшала пасля ваенных няўдач Расіі. Думаю, што большасць беларускіх афіцэраў усё ж такі патрыёты сваёй Радзімы», — кажа ён.

Пра свой шлях

Сахашчык кажа, што ён ніколі не заяўляў, што «заўсёды быў правільным, што ўдзельнічаў у нейкіх пратэстах з 90-х гадоў».

«Не, я быў ваяром, я выконваў загады ў той арміі, у якой я служыў. Я прайшоў вялікі шлях трансфармацыі.

Пасля звальнення з арміі я прачытаў шмат кніг, я праехаў шмат краін, я ўбачыў на свае вочы, што такое свет, мая арыентацыя стала праеўрапейскай. Канчатковае маё выспяванне, напэўна, адбылося ў 2020 годзе, калі я ўбачыў, што краіну вывелі з прававога поля.

Я гэта не змог прыняць. І тады ўжо я сказаў, я мірыцца з гэтым не буду, мая грамадзянская пазіцыя такая, я буду неяк гэтаму супрацьстаяць, наколькі мне дазваляе закон».

Пра здароўе

Са слоў Сахашчыка, яго здароўе лепшае. Ён яшчэ павінен завяршыць абследаванне, але «дынаміка станоўчая».

Ці можа гэта быць атручэннем?

«Я не магу быць да канца ўпэўненым, але мне здаецца, што не. Са мной упершыню ў жыцці такое адбылося, таму складана судзіць. Але я думаю, што я проста «перагрузіўся», — адказаў ён.

Пра сілавы варыянт змены ўлады ў Беларусі

Сахашчык кажа, што неаднаразова выказваў сваё меркаванне, і яно не змянілася.

«Нельга дапускаць грамадзянскага канфлікту, тым больш грамадзянскай вайны ў Беларусі.

Я ўпэўнены, што можна знайсці цывілізаваныя прававыя шляхі, і ўвогуле, галоўная мэта мая, чаму я прыйшоў на гэтае месца, прыняў прапанову Святланы Ціханоўскай,

я спадзяваюся, што я змагу дагрукацца да людзей, якія прымаюць рашэнні ў Беларусі, каб пачаць дыялог, каб ліквідаваць раскол у нацыі, каб у нас перастала быць два тыпы беларусаў — правільныя і няправільны. Мы ўсе — беларусы.

Кожны бачыць свет па-свойму. На тое і прыдуманая дэмакратыя, каб даць людзям магчымасць выказаць сваё меркаванне і большасцю прыняць правільнае рашэнне, якое падыходзіць нацыі. Мне здаецца, трэба імкнуцца зрабіць гэта.

Ну а каб з намі пачалі размаўляць, у нас павінен з'явіцца нейкі патэнцыял. Ёсць такі стары тэрмін англійскі fleet in being, то-бок эскадра не заўсёды павінна выходзіць у мора, проста яе наяўнасць у бухце прымушае супрацьлеглы бок з ёй лічыцца і паводзіць сябе крыху па-іншаму». 

Ён кажа, што не заўважыў радыкальных настрояў у Кабінеце.

«Усё, што я бачыў, — гэта імкненне вырашыць усе праблемы ў рамках прававога поля. Тым больш, што мы ўсе знаходзімся ў Еўропе. Нават калі б мы хацелі здзейсніць нейкія супрацьзаконныя дзеянні, нам бы дакладна не далі. Так, мы цяпер праводзім кансультацыі з экспертамі ў гэтых краінах, якія наогул ёсць магчымасці ў нашай сітуацыі нешта зрабіць. Гатовых рашэнняў яшчэ пакуль няма, усё ў працэсе. Але я спадзяваюся, што гэта ўсё будзе рэальна».

Пра сваю місію ў Кабінеце 

Валерый Сахашчык кажа, што яму прасцей сфармуляваць, чаго ад яго дакладна не варта чакаць.

«Ад мяне не варта чакаць, што я пайду з аўтаматам страляць у маіх учорашніх вучняў і сяброў».

Ён кажа, што сам прайшоў сур'ёзную трансфармацыю светапогляду.

«Мне здаецца, я мог бы дапамагчы людзям у пагонах у Беларусі таксама ўбачыць свет трошкі іншым, таму што шмат няпраўды гаворыцца прапагандай. Людзі, якія не бачылі самі гэтага ўсяго, вераць, ствараюць вобраз ворага, пачынаюць ненавідзець таго, каго абсалютна няма за што ненавідзець», — кажа ён.

Ён прывёў гісторыю са свайго жыцця. 

«Я служыў у Нямеччыне на самым захадзе ГДР, камандаваў разведвальна-дэсантнай ротай. Адной з баявых задач маёй роты, задачай маёй непасрэдна камандзірскай групы было знішчэнне элементаў перадавога каманднага пункта першага армейскага корпуса ФРГ. Праз шмат гадоў я пазнаёміўся з чалавекам, які служыў на тым баку, на другім беразе Эльбы на гэтым камандным пункце першага армейскага корпуса ФРГ. Ну, гэта значыць, я, напэўна, б з ім сустрэўся… Цяпер гэты чалавек з'яўляецца маім блізкім сябрам, я досыць часта бываю ў яго ў гасцях. Ён жыве на паўночным захадзе Германіі.

Калі мы пазнаёміліся, аказалася, што ў нас усе жыццёвыя каштоўнасці супадаюць — абсалютна ўсе, і нам наогул няма за што было адзін аднаго забіваць. Для мяне гэта было нейкае азарэнне. Вядома ж, я тады быў гатовы выканаць загад. Я пайшоў бы праз гэтую Эльбу. Я б знішчаў гэты камандны пункт і забіваў бы гэтага чалавека. А цяпер я разумею, што гэта было б велізарнай памылкай».

Пра вайну і мір

«Стагоддзямі французы забівалі англічан, немцы — палякаў і гэтак далей. Цяпер Еўропа жыве як адна краіна, як адна сям'я. Людзі робяць бізнэс, адпачываюць, сябруюць. І ўсе ад гэтага выйгралі.

Нам варта імкнуцца пабудаваць грамадства па такім узоры.

Вайна павінна быць нейкай самай крайняй мерай, якая можа прымяняцца, толькі калі сапраўды на тваю радзіму напалі, і трэба абараняць свой дом.

Не можа быць апраўданнем для вайны нешта тыпу, а вось я думаю, што ён збіраўся на мяне напасці, а вось ён мне не падабаецца, у яго не тая вера, не той колер скуры, яшчэ што-небудзь не тое. Не можа гэта служыць апраўданнем. Людзі, якія распальваюць варожасць на любой падставе, павінны асуджацца, павінны зведаць крытыку і быць прыцягнутыя да адказнасці. Усе пытанні павінны вырашацца ў межах закона. Я не веру, што якая б ні была справа, самая высакародная, якая пачатая з беззаконня, можа нечым добрым скончыцца», — кажа ён.

Аб Пракоп'еве

Нядаўна з'явілася навіна, што Вадзім Пракоп'еў пакінуў полк Пагоня, каб дапамагаць Сахашчыку. Падпалкоўнік кажа, што пакуль не сустракаўся з Пракоп'евым і не можа расказаць пра яго канкрэтныя функцыі.

«Мы даўно з ім сябруем і супрацоўнічаем. Мне здаецца, што будзе правільна, калі ён будзе займацца тым, што ў яго добра атрымліваецца», — кажа Сахашчык.

Пра сваю будучыню

Сахашчык кажа, што ў будучыні не хоча быць палітыкам.

«Я мару пра тое, што я акажу нейкую дапамогу сваёй краіне ў замірэнні і з велізарным задавальненнем вярнуся да справы, якой займаўся да гэтага — будаўніцтва. Мне ўдалося стварыць вялікую паспяховую кампанію. Мне далі прыз за мінулы год «Будаўнічая кампанія, што найбольш дынамічна развіваецца ў Польшчы». Я шаную гэта, у мяне выдатны калектыў, і я з велізарным задавальненнем завяршыў бы свой працоўны шлях, сваю працоўную біяграфію гэтай справай. Мне 58 гадоў — гэта нямала».

Чытайце таксама:

Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай

Спецслужбы пры ператрусе знайшлі ў Сахашчыка расійскі пашпарт. Як гэта тлумачыць сам афіцэр? 

«Кейс Сахашчыка»: а колькі яшчэ палкоўнікаў і генералаў беларускай арміі маюць пад падушкай расійскі пашпарт? 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

6
"і выйшаў з яе за паўгода да путчу, калі" / Адказаць
17.09.2022
Дызайнер, ты гений! ти
ты ўжо ведаў, калі ўчора сказаў...

16.09.2022
А, так он еще и бывший коммуняка. За пол года до путча вышел?Ура, товарищи!Сакащик - наш президент. Даля не даст соврать.
https://d3rebrwga7u6ai.cloudfront.net/299391
6
антифантомасы не здаюцца. / Адказаць
17.09.2022
"Але мне здаецца, "
калі здаецца, хрысціцца трэба. ну ці звяртацца ў іншы кабінет - да псіхіятра. здаецца яму нешта там...
у сапраўднага стратэга мусіць быць цвярозая галава і чоткі разл ік
14
антисвета / Адказаць
17.09.2022
"Сахашчык кажа, што ў будучыні не хоча быць палітыкам."
о. яшчэ адзін... света таксама тыпу не хацела... але ж ужо не першы год не можа са сцэны сысці...

https://d3rebrwga7u6ai.cloudfront.net/299372
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру