Скрыншот з відэа

Аляксандра Лукашэнку суправаджаў яго 18-гадовы сын Мікалай, які дзеля гэтага, трэба разумець, прапусціў заняткі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе ён нібыта вучыцца.

Госці прыбылі морам. У Аляксандра Лукашэнкі застаюцца праблемы з каленным суставам: ён заўважна кульгаў, падымаючыся ад прычала да кіраўніка Абхазіі Аслана Бжаніі, які сустракаў яго ў дзяржаўнай рэзідэнцыі. Прытым Лукашэнка рабіў выгляд, што яны з Бжаніяй старыя сябры, называў яго на «ты» і па імені, хоць раней пра іх асабістае знаёмства інфармацыі не было. 

Беларускую дэлегацыю правялі субтрапічным паркам. У нейкі момант перад гасцямі станцавалі імклівы абхазскі танец.

За сталом перамоваў Аслан Бжанія прывітаў Лукашэнку па-абхазску: «Бзіала уаабеіт, Аляксандр Грыгоры-іпа!», пасля гаварыў па-руску. Каб зрабіць Лукашэнку прыемнае, ён успомніў пра тое, што той калісьці, яшчэ ў далёкім 1996 годзе на саміце СНД, выказаўся супраць блакады Абхазіі. Больш свежых прыкладаў, відаць, не знайшлося. Таксама Бжанія выказаўся пра тое, як добра было б вярнуць адносіны паміж народамі на ўзровень як у «добрыя савецкія часы» — хоць увогуле ў абхазскай публічнай рыторыцы савецкія часы звычайна зусім не лічацца добрымі.

Лукашэнка падтрымаў настальгічную нотку і згадаў пра тое, як ён калісьці наведваў гэты край, па сваёй заўсёднай звычцы не звяртаючы ўвагу на дакладнасць фактаў. Паводле яго аказалася, што наведваў ён Абхазію 25—27 гадоў таму, калі яшчэ не быў абраны прэзідэнтам (хоць з 1994 года прайшло ўжо 28). Абхазы гэтае несупадзенне, відаць, заўважылі, але не ведаючы, як яго развязаць, напісалі ў афіцыйным пераказе выступлення Лукашэнкі, што ён быў у Абхазіі ў 25-27 гадоў, то-бок у маладосці. Хоць сам ён пасля ж удакладніў, што тады быў дэпутатам парламента.

Увогуле выступ Лукашэнкі абхазскае афіцыйнае агенцтва «Апсныпрэс» (аналаг нашага БелТА) пераказала дастаткова падрабязна. Але паказальна, што прыбрала адзін пасаж, калі Лукашэнка стаў нахвальваць кіраўніцтва Грузіі: «Шмат мы абмяркоўвалі праблему Абхазіі і з былымі кіраўнікамі Грузіі. Яны мне проста расказвалі пра Абхазію. Я зноў такі не буду канкрэтызаваць публічна гэта, але нічога кепскага я не заўважыў. Што здзівіла мяне. Нічога кепскага не заўважыў». Для абхазаў такія выказванні — «непаліткарэктныя». Калі б такое сказаў мясцовы палітык, то гэта, хутчэй за ўсё, мела б вынікам палітычны скандал.

Сучасная Абхазія — вынік крывавага канфлікту і плён жадання Расіі стварыць падкантрольную сабе тэрыторыю за Каўказскім хрыбтом. Насельніцтва Абхазіі на сёння складае ад 170 тысяч чалавек па ацэнках Тбілісі да 245 тысяч чалавек у ацэнках кіраўнікоў Абхазіі. Да грузіна-абхазскага канфлікту 1992—1993 гадоў насельніцтва складала каля 530 тысяч чалавек, з якіх было толькі 18% абхазаў і 47% грузінаў. На сёння доля абхазаў вырасла да 51%, а грузінаў — упала да 19%, прытым амаль усе яны жывуць ва ўсходніх Гальскім (99% насельніцтва) і Ткварчэльскім (63%) раёнах, куды мясцовым грузінам (мінгрэлам) праз нейкі час было дазволена вярнуцца пасля выгнання ў 1993 годзе.

Абхазы здолелі перамагчы ў этнічным канфлікце дзякуючы дапамозе Масквы. Фінальным пунктам стала ўвядзенне расійскіх войскаў у 2008 годзе. Абхазія, як і Паўднёвая Асеція і Прыднястроўе, несамастойнае дзяржаўнае ўтварэнне, залежыць ад расійскай абароны і фінансавання.

Аляксандр Лукашэнка, які стаў першым кіраўніком замежнай дзяржавы, які пабываў у Сухумі, гаварыў агульныя словы пра неабходнасць дружбы і развіцця эканамічных адносін, пра гатоўнасць памагчы абхазам тым, чым можна.

Пры гэтым згадаў, што нейкі «генерал» — меўся на ўвазе, хутчэй за ўсё, Віктар Шэйман, які сядзеў побач — бываў тут неаднаразова з нейкімі заданнямі і раней.

Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што гэты візіт не звязаны з ціскам Пуціна і слабасцю пазіцыі цяперашняй беларускай адміністрацыі: «У нас нармальная сітуацыя. Мы не пакутуем на ніякую геапалітыку. Мы проста, як і вы, мірны, добры, працавіты народ і хочам жыць у згодзе. А эканоміка, гандлёва-эканамічныя сувязі павінны стаць падмуркам нашых адносін. Іншага не дадзена».

Збяднелая і ізаляваная 200-тысячная Абхазія, аднак, не можа даць Беларусі ніякіх асаблівых выгад, не ўяўляе каштоўнасці як рынак, у той жа час яе прызнанне з вялікай верагоднасцю прывядзе да разрыву адносін з 5-мільённай Грузіяй.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Айфон Плафоныч / Адказаць
28.09.2022
Кепскія навіны для Абхазіі. Усе, да чаго дакранаецца гэты чалавек, ідзе за рускім ваенным караблём.
0
міністр Лакей / Адказаць
28.09.2022
Гэта найразумнейшы прадстаўнік лукашэнкаўскай абоймы - Умка, захацеў паслаць палітычны сігнал і выказаць свае адносіны да таго, што адбываецца. Пажурчаў залатым дажджом у трубку гаспадару.
0
счётчик Гейгера / Адказаць
28.09.2022
лу и пу взяли курс на построение мини СССР с передачей власти своим наследникам типа Коли, да и у абхазского "царька" кто-то есть....
А ведь ни один из них последние 30 лет не избирался, все "самоназначенцы " и "самоизбранцы"....
Жуть ! В 21 веке. Никогда не думал что такое возможно будет.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру