Пуцін і лідар самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін на цырымоніі падпісання дамовы ў Георгіеўскай зале Крамля. Фота: DMITRY ASTAKHOV / TASS

Пуцін і лідар самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін на цырымоніі падпісання дамовы ў Георгіеўскай зале Крамля. Фота: DMITRY ASTAKHOV / TASS

«Ставіць Расію ў становішча краін трэцяга свету»

Пуцін надаў непрапарцыйна шмат часу крытыцы Захаду — значна больш, чым у прамове перад анексіяй Крыма, звярнулі ўвагу многія, хто слухаў цяпер пуцінскую прамову. У 2014 годзе ён засяродзіўся на гісторыі Крыма і спрабаваў абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць паўвострава Расіі.

Цяпер жа Пуцін толькі на пачатку прамовы згадаў «рэферэндумы» на захопленых тэрыторыях, а амаль увесь астатні час 36-хвіліннай прамовы надаў супрацьстаянню з Захадам. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што Захад хоча выкарыстоўваць багацце Расіі і іншых краін у сваіх мэтах.

«Такі адкрыты пераход Пуціна да класічнага «антыкаланіяльнага дыскурсу» ставіць Расію ў становішча краін трэцяга свету, — мяркуе палітолаг Абас Галямаў. —

Літаральна ўсё, што цяпер кажа расійскі прэзідэнт, дзесяцігоддзямі казалі палітыкі з Уганды, Ганы, Лівіі, Ірака і іншых «перадавых» дзяржаў планеты».

Расія рухаецца ў бок «ідэалагізаванай аўтаркіі» — замкнёнай самаўзнаўляльнай супольнасці з мінімальнай залежнасцю ад знешняга свету, выказаў асцярогі ў размове з «Бі-бі-сі» эканаміст Андрэй Моўчан.

Такія рашэнні, як далучэнне ўкраінскіх тэрыторый, сведчаць аб тым, што Расія ўсё больш кантралюецца «сілавым класам», лічыць ён: «Гаворка ідзе пра шчыльна і жорстка арганізаваную краіну, закрытую ад усяго свету, якая знаходзіцца ў канфрантацыі з заходнім светам».

«Пуцін ператвараецца ў геапалітычнага Навальнага, які спрабуе арганізаваць каляровую рэвалюцыю супраць ЗША», — жартуе ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Таццяна Станавая.

Антраполаг Аляксандра Архіпава ацаніла прамову Пуціна з пункту гледжання страхаў. «Гэтыя страхі з прамовы прэзідэнта нічым уласна не адрозніваюцца ад страхаў Марыі Пятроўны, 74 гады, адукацыя вышэйшая, з чацвёртага пад'езда вёскі Гадзюкіна, — разважае яна. — Гэтая карціна свету практычна нічым не адрозніваецца ад карціны апакаліпсісу, апісанай прыкладна 1900 гадоў таму нейкім Янам Багасловам; толькі «агенты Захаду» трэба замяніць на «слуг Антыхрыста».

«Менавіта такая канспіралогія стварае калектыўную ідэнтычнасць, і Марыя Пятроўна адчувае сябе на адной хвалі з Уладзімірам Уладзіміравічам», — піша Архіпава.

«Тэрыторыі мы забралі, прапануем мір»

На думку Галямава, адзінай змястоўнай рэччу ў прамове Пуціна была фраза аб тым, што Расія прапануе неадкладна спыніць баявыя дзеянні і вярнуцца за стол перамоваў.

«Выбар народаў Данбаса» Масква пад сумнеў, аднак, ставіць не будзе. Ну і будзе абараняць іх «ўсімі наяўнымі сіламі». Карацей, атрымліваецца нешта накшталт: тэрыторыі мы ў вас забралі, прапануем мір», — пераказвае прапанову Пуціна палітолаг.

Галямаў нагадаў, што пасля імклівага контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці ўкраінская армія вядзе атакуючыя дзеянні ў Данбасе, імкнучыся замкнуць кальцо вакол ключавога горада Ліман, дзе пад пагрозай акружэння апынулася расійская групоўка.

«Пуцін ваюе не з Украінай і нават не з НАТА. Ён ваюе з рэальнасцю», — іранізуе Галямаў.

Ніводзін з чатырох рэгіёнаў, якія збіраецца далучыць Расія, не кантралюецца расійскай арміяй цалкам. «Паколькі ўсе чатыры суб'екты прынятыя ў «недавызваленым» (недазахопленым) выглядзе, гэта анонс працягу канвенцыйнай вайны, калі не адбудзецца выканання ўльтыматуму», — піша палітычны аналітык Аляксандр Баўнаў.

Баўнаў таксама звярнуў увагу на развагі Пуціна аб тым, што ЗША без ваеннай неабходнасці скінулі атамную бомбу на Хірасіму і Нагасакі і «стварылі прэцэдэнт».

«Здагадайцеся, для каго прэцэдэнт. Вось у Расіі і ваенная неабходнасць ёсць ці можа ўзнікнуць», — ацэньвае аналітык новую ядзерную рыторыку расійскага прэзідэнта.

А вось прыхільнікі Пуціна чакана апладзіруюць прэзідэнту. «Расія! Матухна! Дзякуй, родненькая, — напісала ў сваім телеграм-канале галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян. — Цяпер на нас глядзіць увесь свет, усе народы, якія дагэтуль не могуць стрэсці з сябе кайданы каланіялізму, дыктату і фашызму «калектыўнага Захаду». Мінулы раз так глядзелі на СССР — з надзеяй і верай. Не атрымалася. У гэты раз мы не маем права прайграць».

Чытайце таксама:

На цырымоніі анексіі Пуцін выступіў з высакапарнай, але неканкрэтнай прамовай. Будзе курс на процістаянне з Захадам, але чырвоныя лініі не вызначаныя

Зяленскі: Украіна не будзе праводзіць ніякіх перамоў з Расіяй, пакуль яе прэзідэнтам з'яўляецца Пуцін

Зяленскі: Украіна падае заяўку ў НАТА ў паскораным парадку

Клас
25
Панылы сорам
41
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
10