Яго фатаграфія пасля вызвалення шакавала свет: знясілены мужчына са знявечанай рукой. За чатыры месяцы палону Дзіянаў схуднеў на 40 кілаграм, і на фота было складана пазнаць гераічнага абаронцу «Азоўсталі». 

Мужчына быў сярод тых, каго акупанты трымалі ў калоніі ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласці, па якой быў нанесены ўдар. Міхаіл называе гэтае месца канцлагерам і расказвае, як захопнікі марылі палонных голадам.

«Да нас ставіліся, як да жывёл. Есці было немагчыма. На прыём ежы давалі 30 секунд. За 30 секунд трэба было з'есці ўсё, што можна. Хлеб быў адмыслова вельмі цвёрды, хлопцы, якім выбілі зубы, не паспявалі паесці. Было 30 секунд. А пасля ты павінен спыніцца. Потым ты павінен быў адразу ўстаць і бегчы. Так было ўвесь час.

«Паверце мне, пасля месяца голаду, калі вы заплюшчваеце вочы, вы забываеце пра сваю сям'ю, пра сваю краіну, пра ўсё. Адзінае, пра што ты думаеш, гэта пра ежу», — расказвае Дзіянаў.

Вайсковец таксама расказаў, як палонных катавалі за паднятую ягаду з зямлі. Іх білі палкамі, ужывалі электрашокеры і ўтыкалі іголкі пад пазногці.

З-за пастаяннага сталага знаходжання ў неверагоднай цеснаце ў Міхаіла пачаліся праблемы з нагамі — цяпер яму цяжка хадзіць.

Непапраўную шкоду здароўю мужчыны нанесла тое, што расіяне амаль не аказвалі параненым палонным патрэбную медыцынскую дапамогу. На момант здачы ў палон у Дзіянава была зламаная правая рука. Акупанты правялі аперацыю з дапамогай пласкагубцаў і без анестэзіі. За час знаходжання ў палоне з-за адсутнасці медыцынскай дапамогі костка вырасла паўкругам.

Цяпер яму трэба набраць 20 кг, перш чым ён зможа зрабіць карэкцыйную аперацыю на руцэ. А паляпшэнне псіхічнага стану хутчэй за ўсё зойме значна больш часу.

«Кожны траўмаваны. Я лічу сябе псіхічна моцным чалавекам, але для мяне шмат рэчаў страціла сваю каштоўнасць», — кажа Дзіянаў.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
79
Абуральна
110