«Думаю, што гэта няправільна, гэтая вайна не патрэбная. Тым больш мы жывем у XXI стагоддзі — усе хочуць жыць мірна, спакойна, кожная краіна хоча развівацца…

Думаю, што ўкраінскі бок, вядома, сапраўды мае рацыю — ён абараняе сваю краіну, сваю зямлю, сваю праўду, сваю Канстытуцыю, свой народ. Вельмі складана сказаць і прыняць, што Расія мае рацыю. Гэта вельмі цяжка сказаць, гэтага я не магу», — заявіў Вярхоўны лама Калмыкіі.

Тэло Тулку Рынпочэ падкрэсліў, што да гэтага моманту ён не каментаваў вайну ва Украіне, бо «не хацеў псаваць адносіны паміж уладай і нашымі будыстамі». Пры гэтым ён лічыць, што лідары будысцкіх грамад Расіі, выступаючы ў падтрымку ваеннай агрэсіі, наўрад ці так думаюць шчыра, калі з'яўляюцца сапраўднымі будыстамі.

Цяпер Тэло Тулку Рынпочэ знаходзіцца ў Манголіі, дзе праводзіць сустрэчы з жыхарамі Калмыкіі, якія эмігравалі з Расіі, а таксама дапамагае ім у арганізацыі размяшчэння.

У сярэдзіне чэрвеня Тэло Тулку Рынпочэ ў звароце з нагоды Дня нараджэння Буды ўжо выступаў з антываеннай заявай, але без канкрэтнай прывязкі да ўкраінскіх падзей.

49-гадовы Эрдні Амбадыкаў (Тэло Тулку Рынпочэ) нарадзіўся ў ЗША ў сям'і калмыцкіх эмігрантаў, з ранняга дзяцінства выхоўваўся ў тыбецкім манастыры ў Індыі, а духоўным лідарам калмыкаў стаў у 1992 годзе, усяго ў 20 гадоў. Акрамя яго, сярод калмыкаў тады ўвогуле не было людзей з адпаведнай будысцкай адукацыяй. 

Акрамя калмыкаў, у Расіі жывуць яшчэ два карэнныя народы, вернікі з ліку якіх у асноўным вызнаюць будызм — бураты і тувінцы. Калмыкі — адзіны будыйскі народ, радзіма якога знаходзіцца на тэрыторыі геаграфічнай Еўропы. 

Раней прадстаўнікі ўсіх традыцыйных канфесій Расіі — праваслаўя, ісламу, іўдаізму і будызму — падтрымалі ваенную агрэсію ва Украіне і заклікалі «малітоўна падтрымліваць ваяроў і ўсіх людзей добрай волі, якія змагаюцца супраць нацысцкіх, неанацысцкіх, тэрарыстычных і рэлігійна-экстрэмісцкіх сіл», маючы на ўвазе Узброеныя сілы Украіны і добраахвотніцкія фармаванні.

Клас
121
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2