«Абвешчаная Крамлём частковая мабілізацыя дала шырокай грамадскасці адчуць наступствы паражэнняў у Харкаўскай вобласці і затым у Лімане, і спробы Крамля паказаць вайну як нешта абмежаванае і ў цэлым паспяховае разляцеліся ўшчэнт», — піша ISW.

Па адчуваннях аналітыкаў, паражэнне ў Лімане спарадзіла ў расійскім інфармацыйным мэйнстрыме яшчэ больш замяшання і крытыкі, чым вясновы выхад з Паўночнай Украіны і нават паражэнне ў Харкаўскай вобласці, менавіта таму, што наклалася на мабілізацыю.

ISW адзначае і тое, што вайсковае кіраўніцтва пачалі адкрыта і гучна крытыкаваць «патрыятычныя» вайсковыя блогеры дапушчаныя ў тэлевізійныя ток-шоў, і што з рэзкімі заявамі выступілі Рамзан Кадыраў і Яўген Прыгожын.

Пры гэтым Пуцін, нагадвае ISW, стараецца ў большай ступені кантраляваць інфармацыйную прастору і ў меншай ступені душыць яе, у яго няма такой машыны цэнзуры, якая была ў Савецкім Саюзе, і таму «беспарадак» у інфармацыі можа для яго быць больш небяспечны, чым для савецкай улады.

На ваенных жа блогераў Пуцін, па ацэнцы ISW, у значнай ступені абапіраецца — яны яму патрэбныя і для прасоўвання яго пазіцыі ў масы і дзеля атрымання нескажонай інфармацыі аб стане спраў на франтах.

«Час пакажа, колькі Пуцін будзе трываць (крытыку) і што будзе, калі і калі ён паспрабуе заткнуць ваенных блогераў з іх крытыкай — усё часцей крытыкай яго ж рашэнняў», — піша ISW.

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1