Фота: Tut.by, БелТА

Мінскія бізнэс-колы назіраюць за развіццём канфлікту двух цяжкавагавікаў беларускай камерцыі. «Бізнэсмен удачы» Аляксей Алексін тыча палкі ў колы тытунёвай вытворчасці іншага мастадонта — Паўла Тапузідзіса. 

«Тытунь-Інвест» Тапузідзіса — канкурэнт алексінаўскіх «Энерга-оіла» і «Інтэр-Табака». Абодва бізнэсмены скалацілі капіталы на цыгарэтах — сфера эканомікі, куды ў Беларусі пускаюць толькі самых надзейных. 

Алексін у гэтай справе дабіўся большага. Яго пусцілі на дзяржаўную Гродзенскую тутынёвую фабрыку, і ён правёў там шматмільённую мадэрнізацыю на, як лічыцца, крэдытныя сродкі. Пры гэтым ён атрымаў эксклюзіўнае права прадаваць гродзенскую прадукцыю. 

Па дзіўным супадзенні кантрабандная прадукцыя менавіта гэтай фабрыкі заліла краіны Еўрасаюза неўзабаве пасля мадэрнізацыі. Літоўцы лавілі кантрабанду нават у вагонах з каліем. 

Журналісты-расследавальнікі лічаць, што аб'ёмы, якія паглынала кантрабанда, спісваліся на абароты манапольнай сеткі па продажы цыгарэт «Табакерка», якая спрутам раскінулася па ўсёй краіне і належыць таксама «Энерга-оілу» Алексіна.

Варта адзначыць, што кантрабандная прадукцыя фабрыкі «Тытунь-Інвест» Тапузідзіса ў зводках канфіскаванага ў Польшчы і Літве не фігуравала. 

У бізнэс-колах лічыцца, што Тапузідзіс не рызыкаваў гуляцца ў кантрабанду элітных марак цыгарэт, якія ён вырабляе па ліцэнзіі. 

Маўляў, як толькі вагоны з «Кэмэлам» ці «Рычмандам» з беларускімі акцызамі пачалі б з'яўляцца ў Еўропе, ліцэнзію на іх выраб у Тапузідзіса б адабралі. 

Алексін, у сваю чаргу, спецыялізуецца на айчынных марках тыпу «Фэст» і «Мінск». 

Статус-кво быў гадамі нязменны, і кожны з іх зарабляў на сваім і як мог. Але пасля пачатку вайны і ўвядзення маштабных санкцый супраць краін-агрэсарак рынак затрэсла. 

«Пасля ўвядзення санкцый на калій і дрэваапрацоўку ўзнікла сітуацыя, калі кантрабанду проста няма куды «зашываць» — праз граніцу мала што едзе.

Спрабавалі яшчэ неяк вазіць праз Расію у Еўропу, але рускім таксама ўсё перакрылі.

Такім чынам, з'явіліся звышаб'ёмы, якія раней ішлі на Захад. Іх цяпер трэба рэалізоўваць на ўнутраным рынку, а таксама акуратненька пхаць у Расію, якая гэта не вельмі любіць.

А столькі цыгарэт на ўнутраным рынку не трэба — таму Алексін не вельмі па-джэнтэльменску душыць Тапузідзіса, карыстаючыся сваім уплывам і блізкасцю да ўплывовых асоб на самым версе», — расказаў «Нашай Ніве» суразмоўца з дадзенай сферы. 

«Проста прыкрыць фабрыку Тапузідзіса немагчыма. Таму вышукваецца законны спосаб абмежаваць магчымасці канкурэнта, а ў стратэгічнай перспектыве — паставіць на калені і выкупіць, я думаю. Сэнс у тым, што і гродзенская дзяржаўная фабрыка, і «Інтэр-Табака» Алексіна працуюць згодна з выдадзенымі квотамі (у Беларусі дзяржава выдае і рэгулюе квоты на выраб тытунёвай прадукцыі. — НН). А вось у Тапузідзіса на фабрыку квотаў ужо няма і новых амаль не выдаюць.

Завод «Тытунь-Інвеста» ўжо які месяц прастойвае пад выглядам «мадэрнізацыі і рамонту», а па факце — стаіць, бо не выдаюць квот», — расказалі абазнаныя крыніцы. 

«У яго [Тапузідзіса] застаўся малы ліміт на сетку сваіх крам, вось на свае крамы і адгружаюць літаральна адзін тыдзень у месяц», — дадае абазнаная крыніца. 

Механізм вызначэння квот у Беларусі ў прынцыпе не празрысты — у адкрытым доступе няма інфармацыі аб іх памерах.

Публікаваць гэтыя звесткі перасталі з 2016-га. 

Адсутнасць квот у адкрытым доступе не дае магчымасці супаставіць колькасць вырабленых цыгарэт і максімальную гіпатэтычную колькасць, якую могуць выкурыць беларусы. А, значыць, і колькасць цыгарэт, якая знікае ў «нікуды».

Выдае квоты Мінэканомікі па ўзгадненні з «Белдзяржхарчпрамам», МАРГам, Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў і «іншымі зацікаўленымі». «Іншымі зацікаўленымі» — проста так і пішацца ў адпаведнай пастанове Саўміна ад 2016-га года. 

Крытэрыі таксама размытыя: «сыходзячы з балансу вытворчасці і спажывання ў Беларусі», прапановы юрыдычных асоб, сярэднетэрміновых прагнозных параметраў і паказчыкаў вытворчасці тытунёвых вырабаў, вынікаў выканання графіка вытворчасці тытунёвых вырабаў у годзе, які папярэднічаў 3-гадоваму перыяду, на які ўстанаўліваюцца квоты».

Пачынаючы з 2016-га, квоты выдаюцца адзін раз на тры гады з магчымасцю перагледжвання іх кожны год. 

Апошнія вядомыя памеры квот круціліся вакол 30 мільярдаў штук штогод і рэгулярна павялічваліся. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
жук і жаба / Адказаць
13.10.2022
як павукі ў шклянцы
0
Ёсік / Адказаць
13.10.2022
А я кінуў паліць даўно. Няхай арганізуюць двубой, пажадана з выкарыстаньнем зброі. Усё не нажаруцца.
2
даведка / Адказаць
13.10.2022
Вот назначат экс-министра Караева новым гендиректором "Гродно Азот" — он всё и разрулит с контрабандой.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру