Як паведамляе ФПБ, пяршасная арганізацыя была зарэгістраваная 27 верасня, а сёння, 10 кастрычніка, прадстаўнікі рэстарана атрымалі пасведчанне аб рэгістрацыі.

У сетцы рэстаранаў хуткага харчаванне працуюць каля 2 тысяч чалавек. З іх у прафсаюз уступілі сямёра.

«Галіновы прафсаюз і Мінская гарадская арганізацыя доўгія гады планамерна вядуць працу па стварэнні першасных прафсаюзаў ва ўсіх арганізацыях дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці. У тым ліку, з «Макдональдсам».

Больш за дзесяць гадоў ішла гэтая праца, доўгая, карпатлівая. І вось, яна прынесла вынікі»,

— заявіў на цырымоніі ўручэння пасведчання старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюзаў работнікаў гандлю Аляксей Кулібаба.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення прафсаюзаў Аляксандр Шчаковіч пажадаў работнікам «Макдональдса» адчуваць сябе

«часткай вялікай прафсаюзнай сям'і» і заявіў, што прафсаюз дапамагае работнікам ахоўваць свае правы, сочыць, каб усе распісваліся ў дакументах і дапамагае прадпрыемству «ўлівацца ў жыццё горада».

Пры гэтым на прафсаюзных сайце ці то з іроніяй, ці то сур'ёзна адзначылі, што 

«супрацоўнікам амерыканскага «Макдональдса» пакуль шанцуе менш. Работнікі сеткі ў ЗША гадамі патрабуюць стварэння ўласных прафсаюзаў з-за нізкіх заробкаў і цяжкіх умоваў працы, а кіраўніцтва кампаніі загразла ў працоўных спрэчках».

Два гады таму Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць прафсаюзныя ячэйкі на ўсіх прадпрыемствах, у тым ліку прыватных. За адмову ён прапаноўваў ліквідаваць прыватныя кампаніі. У той жа час незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ліквідуюцца, некаторыя з іх лідараў зняволеныя і прызнаныя палітвязнямі.

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
30
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
3