Заробкі па краіне

На Белстаце ёсць даныя за жнівень — яны параўноўваюцца з заработнай платай, якая фіксавалася год таму, у жніўні 2021-га. 

Сёлета рост рэальнага заробку фіксаваўся ў лютым — на 10,7 працэнта. З сакавіка рэальныя заробкі падалі. У жніўні прасяданне склала 4 працэнты.

Сярэдняя намінальная заработная плата жніўня была 1666 рубля. Год таму — 1463 рублі, але на іх можна было купіць больш, чым сёлета.

(Намінальны заробак — сума, якую налічваюць работніку па дамове. Рэальны адлюстроўвае пакупніцкую здольнасць, колькасць тавараў і паслуг, якія чалавек можа набыць за гэтыя грошы).

Дзе заробкі раслі і падалі

На 10,7 працэнта за год павялічыўся рэальны заробак ў «турыстычнай галіне: аказанні паслугаў па браніраванні і спадарожная дзейнасці», што ўвасобілася ў 1852 рублях намінальнай заработнай платы. Летась было 1 389 рублёў.

Больш на 12,3 працэнта ў жніўні выраслі рэальныя заробкі ў «дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання». Намінальнай заработнай платы тут выйшла 4418 рублёў. Летась было 3 307 рублёў. 

Падзенне рэальнага заробку зазнаў грузавы паветраны транспарт — на 30,4 працэнта. Намінальная заработная плата тут склала 2129 рублёў. Летась яна была 2595 рублёў.

У пасажырскіх перавозках паветранага транспарту рэальны заробак таксама ўпаў, але на 22,1 працэнта. Сёлета ў жніўні было налічана ў сярэднім 3676 рублёў заработнай платы. Год таму — 4001 рубель.

Якая сітуацыя ў асобных рэгіёнах 

Гродзеншчына

Гэта адзіны рэгіён, дзе ў жніўні рэальны сярэдні заробак вырас. Ён павялічыўся на 1,4 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году. Намінальная зарплата склала — 1518 рублёў супраць 1267 рублёў леташняга жніўня.

Згодна са статыстычнымі звесткамі, найбольш у рэгіёне зараблялі работнікі інфармацыйных тэхналогій і інфармацыйнага абслугоўвання — 4729 рублёў. Хаця рэальны заробак жніўня ў іх зменшыўся на 3,2 працэнта.

Рэгіянальным лідарам росту рэальнага заробку стала раслінаводства. У параўнанні са жніўнем мінулага года ён вырас на 23 працэнты. Намінальная заработная плата склала — 1855 рублёў, а летась было 1281 рубель.

На 17 працэнтаў больш зарабілі занятыя навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. Іх намінальны заробак у жніўні быў 1703 рублёў супраць леташніх 1232.

Прасеў на 11,9 працэнта рэальны заробак у лесанарыхтоўцы. Жнівеньскай заработнай платы ім налічылі 1591 рубель. Летась быў 1531 рубель.

Мінск

У сталіцы рэальны заробак зменшыўся найбольш, чым дзе ў краіне. У параўнанні з леташнім жніўнем ён паменеў на 7,9 працэнта. Намінальная заработнага плата склала 2216 рублёў.

На 20,5 працэнта больш, чым год таму, у жніўні зарабілі ў турыстычнай галіне. Тут налічылі намінальнай заработнай платы 2382 рублі супраць леташніх 1677.

У жывёлагадоўлі рэальны заробак вырас на 19,8 працэнта, што адлюстравалася ў 3 839 рублях. Летась было 3236 рублёў.

Працаўнікам горназдабывальнай прамысловасці сталі плаціць на 6,6 працэнта больш, чым годам раней. Налічаны намінальны заробак склаў 6159 рублёў супраць леташніх 4899.

У жніўні найбольшы намінальны заробак мелі работнікі занятыя ў сферы інфармацыйных тэхналогій і інфармацыйнага абслугоўвання — 6228 рублёў. Летась ён складаў 6016 рублёў. Але, згодна са статыстычнымі данымі, іх рэальны заробак зменшыўся на 11,9 працэнта.

У сталічнай нафтаперапрацоўцы рэальны заробак зменшыўся на 22,1 працэнта. У параўнанні з леташнімі 2500 рублямі намінальная заработная плата прасела да 2285 рублёў.

Пацярпела і авіяперавозка. Рэальны заробак тут зменшыўся на 22,4 працэнта. Намінальны ж склаў 3534 рублі супраць леташніх 3864 рублёў.

Віцебшчына

На Віцебшчыне рэальны заробак у параўнанні са жніўнем 2021 года зменшыўся на 1 працэнт. Намінальная заработная плата склала 1441 рубель. Летась была 1234 рублі.

У «турыстычнай галіне: аказанні паслугаў па браніраванні і спадарожнай дзейнасці» рэальны заробак вырас на 20,1 працэнта, а намінальны склаў 2 102 рублі. Летась было 1 330 рублёў.

У вытворчасці цэлюлозы, паперы, а таксама вырабаў з паперы заробак вырас на 14,7 працэнта. Намінальная заработная плата тут склала 1 776 рублёў супраць леташніх 1 314.

У раслінаводстве рэальны заробак падрос на 14,4 працэнта: 1 595 рублёў. Летась налічвалі 1182 рублі.

У нафтаперапрацоўцы заробак вырас на 11,2%, што ўвасобілася ў 3 121 рублі намінальнай заработнай платы. Летась было 2 381 рубель.

У горназдабыўчай прамысловасці рэальны заробак зменшыўся на 12,4 працэнта, а ў намінале працаўнікам налічылі 1 358 рублёў. Летась было 1 315 рублёў.

Магілёўшчына

Тут сярэдні рэальны заробак у параўнанні са жніўнем 2021 году зменшыўся на 3 працэнты. Намінальная заработная плата склала 1374 рублі. Летась была 1200 рублёў.

Рэгіянальным лідарам росту заробкаў у жніўні стала нафтаперапрацоўка. Рэальная заработная плата тут узрасла на 36,2 працэнта. Намінальны сярэдні заробак склаў 1 542 рублі, супраць леташніх 960 рублёў.

На 18 працэнтаў больш сталі зарабляць занятыя навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. У жніўні ім налічылі намінальнай заработнай платы — 1793 рублі. Летась жа было 1414 рублёў.

Найбольшае прасяданне ў рэальнай налічанай заработнай плаце зазналі вытворцы мэблі — на 16,6 працэнта. Намінальны заробак у іх склаў 1296 рублёў. Летась выходзіла 1318 рублёў.

У Беларусі зменшыліся рэальныя заробкі

«Забараняецца ўсялякі рост цэн». На 29-м годзе кіравання Лукашэнка прыдумаў, як спыніць інфляцыю

Настаўнік для дзяцей па распрацоўцы гульняў тыпу Minecraft і турэмшчык. Паглядзелі вакансіі Магілёўшчыны

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1