«У нашым калектыўным несвядомым перамагла формула «ўсе беларусы — підарасы», — пасля нядоўгага падбору слова проста сфармуляваў Арастовіч адносіны ўкраінцаў да паўночных суседзяў.

«У гэтым грандыёзная праблема, што ў нас узяло верх [меркаванне] некаторых недальнабачных і не вельмі разумных крыкуноў, частка з якіх, на жаль, была заахвочаная з вельмі высокіх палітычных колаў.

Яно было падхопленае, таму што вельмі выгадна спекуляваць на «вставай, страна огромная», усіх ненавідзім, усіх пераможам. І вельмі неразумна паступілі ў дачыненні да беларусаў: раз з вашай тэрыторыі страляюць, вы ўсе нам вечна вінаватыя, вы ўсе нягоднікі, сволачы і г.д.», — патлумачыў Арастовіч папулярнаць антыбеларускіх настрояў ва ўкраінскім грамадстве.

Паводле Арастовіча, тыя, хто так гаворыць, не разумеюць беларускую сітуацыю і не хочуць разумець.

«Што там нечалавечы рэжым, што ў чымсьці ён больш бесчалавечны, чым пуцінскі — больш жорсткі, больш эфектыўна кантралюе Беларусь, высунуцца там супраць — гэта адразу стаць мішэнню. І пры гэтым, у вельмі несентыментальным варыянце, часам гэта азначае фізічна знікнуць або прайсці праз катаванні.

Тысячы людзей прайшлі праз турмы, тысячы жыццяў, тысячы лёсаў скалечаныя. Краіна маленькая, кантралюецца шмат што. І радасна падаць на расійскія «Іскандэры» і не даваць ім падымацца — гэта не такая простая сітуацыя. Прычым гэтая сітуацыя доўжыцца больш за 20 гадоў. Больш, чым Пуцін кіруе. Там пакаленне вырасла, выхаванае гэтым усім», — нагадвае ён.

Паводле яго, лёгка паўставаць супраць дыктатара, які, як Януковіч, два гады пакіраваў, і яго знеслі.

«А калі 22 гады Януковіч — гэта зусім іншая сітуацыя — і ментальна, і матэрыяльна, і ступень кантролю спецслужбаў нашмат вышэй. Я запэўніваю, што калі б у нас Януковіч кіраваў 22 гады, нам нашмат складаней было б быць героямі і падымаць майдан. Яшчэ пытанне, наколькі гэта было б магчыма ў прынцыпе», — чамусьці апелюе 22 гадамі Арастовіч, відавочна накладаючы на Лукашэнку пуцінскі тэрмін кіравання.

Ён прыводзіць у прыклад полк Каліноўскага і іншых добраахвотнікаў, якія ваююць цяпер ва Украіне.

«Яны дэманструюць экстраардынарныя баявыя якасці, проста цудоўныя хлопцы. І яны такую класную сучасную вайну «катаюць» — высокапрафесійную, з беспілотнікамі, з цэлеўказаннем, з усім астатнім. Наогул, супер хлопцы. Я заўсёды раю гэтым крыкунам, што беларусы — слабакі, пайсці палку Каліноўскага гэта расказаць».

Арастовіч канстатуе, што ва Украіне не змаглі вырашыць галоўную задачу, якую «трэба вырашыць — аддзяліць рэжым ад народа».

«Пры тым, што ў народа ёсць законна абраны прэзідэнт — Святлана Ціханоўская, — падкрэслівае ён. — Але ў нас і па Ціханоўскай любяць прайсціся асобныя прыдуркі, парасказваць, што яна слабачка, яна — нічога і г.д. Гэта законна абраны прэзідэнт Беларусі. Нагадваю, Украіна не прызнала Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам Беларусі. Таму мы дапусцілі шэраг вельмі сурʼёзных памылак у дачыненні да Беларусі. Яшчэ не позна іх выправіць».

Ад сябе асабіста дарадца Офіса прэзідэнта Украіны дадаў, што заўсёды падзяляў у Беларусі рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Беларусы для яго застаюцца брацкім народам.

«Беларускі народ знаходзіцца ў закладніках. Беларускі народ акупаваны пуцінскім рэжымам у значнай ступені. І пуцінскі рэжым абыходзіцца з ім гэтак жа, як ён абыходзіцца з нашымі людзьмі на акупаваных тэрыторыях. Адзінае, што там няма масавых забойстваў, але з гэтым (калі не з масавымі забойствамі, то з масавым тэрорам) паспяхова спраўляецца рэжым Лукашэнкі. Пуцінскім і не трэба — за іх робяць гэтую працу», — кажа ён.

Арастовіч падкрэслівае, што нягледзячы на татальны тэрор у краіне, у найбольш актыўнай фазе барацьбы за Кіеў беларусы «ўмудраліся запусціць забеспячэнне цягнікамі не наўпрост на Гомель, а аж праз брэсцкі палігон, што ўкраінцам «эканоміла некалькі дзён».

«Абаронная аперацыя за Кіеў доўжылася каля месяца. Некалькі сутак — гэта мела вырашальны выйгрыш. Невядома, якая доля выратаваных украінскіх жыццяў за кошт тых беларусаў, якія пашкодзілі чыгуначную сістэму і запусцілі расійскія вайсковыя грузы ў абыход. А я скажу, што яна вельмі вялікая».

У канцы ён яшчэ раз адмыслова звярнуўся да ўкраінцаў, якія не разумеюць, як беларусы прапусцілі расійскія войскі праз сваю тэрыторыю.

«Беларусы сапраўды знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як нашы на акупаваных тэрыторыях. Вы ж не заклікаеце нашых да масавага паўстання, разумеючы, што гэта немагчыма для звычайнага чалавека — змагацца на акупаваных тэрыторыях. Гэта могуць зрабіць толькі спецыяльна падрыхтаваныя людзі, з дзяржаўнай падтрымкай, якую мы даем нашым партызанам, а ў Беларусі гэта — невырашальная задача пакуль яшчэ. Ім няма адкуль узяць гэтую падтрымку.

Таму яшчэ раз кажу, беларускае пытанне — гэта адна з галоўных нашых памылак на працягу гэтай вайны», — яшчэ раз паўтарыў свой пачатковы тэзіс Аляксей Арастовіч.

Чытайце таксама:

Пазняк назваў галоўную памылку Украіны на беларускім кірунку

Ціханоўская звярнулася да Зяленскага

Ціханоўская сустрэлася з Арастовічам. Ён запэўніў, што ніводны ўкраінскі снарад не ўпадзе на Беларусь

Клас
290
Панылы сорам
15
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
14
Абуральна
18