Фота: Радыё «Унэт».

Фота: Радыё «Унэт».

Сільчукоў наважыўся выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён жыве ў прыгарадзе Бостана з жонкай і трыма дзецьмі і выкладае музыку вучням сярэдніх класаў, пакуль спрабуе адрадзіць сваю кар'еру спевака ў ЗША, дзе ён застаецца адносна невядомым.

«Мяне ведаюць у Еўропе, але я ніколі не выступаў у Штатах, і гэта было для мяне як чысты аркуш паперы, новая старонка», — сказаў ён падчас нядаўняга інтэрв'ю ў Бостане.

Сільчукоў удзельнічаў у шматтысячных акцыях пратэсту, якія былі жорстка падаўленыя і прывялі да масавых рэпрэсій.

Спявак адмовіўся ад трох узнагародаў, якія атрымаў асабіста ад Лукашэнкі. Сябры папярэдзілі яго аб рызыцы.

«Мне добра плацілі ў Беларусі, і я меў усе перавагі. Я сказаў: «Так, яны плацяць мне, але я ім не належу»», — сказаў Ілля Сільчукоў.

Паводле яго слоў, яго публічная апазіцыя Лукашэнку прывяла да таго, што яго звольнілі з оперы і ўнеслі ў чорны спіс. Ён выкарыстаў свой барытон у кліпе на песню «Магутны Божа».

У сакавіку 2021 года сілавікі прыйшлі па яго жонку і абвінавацілі яе ў махлярстве. Ён успрыняў гэта як пагрозу разбурыць іх сям'ю.

«У многіх дзяцей у Беларусі абодва бацькі знаходзяцца ў турме», — сказаў ён.

Калі дзеці скончылі школу ў маі таго ж года, сям'я спакавала чатыры чамаданы з важнымі дакументамі і фотаздымкамі і вылецела з Беларусі ў Грузію, а затым у Сіэтл, дзе жывуць бацькі артыста. Сям’я прыехала на ўсходняе ўзбярэжжа каля года таму па прапанове Марыны Львовай, якая кіруе некамерцыйнай арганізацыяй «Беларусы ў Бостане».

Львова і яе муж упершыню ўбачылі Сільчукова на адным з яго апошніх публічных выступаў у Мінску і, па яе словах, «закахаліся ў яго голас». Але Марына таксама была ўражаная яго адвагай супрацьстаяць Лукашэнку.

«Ілля — сапраўдны патрыёт Беларусі, — сказала яна. — Вы не можаце быць паспяховым у краіне, якая з'яўляецца турмой, і, на жаль, наша краіна цяпер з'яўляецца турмой».

Сільчукоў зводзіць канцы з канцамі, навучаючы дзяцей 5-9 класаў у прыватнай школе Star Academy.

Сільчукоў вярнуўся на сцэну, супрацоўнічаючы з піяністам Паўлам Нерсесянам, дацэнтам Бостанскага ўніверсітэта, падчас двух апошніх канцэртаў у Бостане і Нью-Джэрсі.

Для канцэртаў ён сабраў рэтраспектыву некаторых са сваіх асабістых любімых твораў, якія ахопліваюць яго кар'еру ад першых урокаў спеваў да кар'еры ў нацыянальнай оперы. Ён завяршыў выступленне дуэтам са сваёй жонкай меца-сапрана.

Нядаўна ён быў на праслухоўванні ў Бостанскай лірычнай оперы і спрабуе дамагчыся праслухоўвання ў іншых оперных тэатрах ЗША, а таксама вядзе перамовы з амерыканскімі агентамі.

«Я гляджу ў будучыню з надзеяй», — кажа ён.

Сільчукоў падтрымлівае сувязь з сябрамі і калегамі ў Беларусі, якія працуюць у страху.

«Мы спадзяваемся, што яшчэ ўбачымся з імі, і абавязкова будзем спяваць свае песні на плошчах у наш сапраўдны Дзень незалежнасці», — сказаў ён.

Зорка беларускай Оперы Ілля Сільчукоў запісаў «Магутны Божа» ВІДЭА

«Сумленне даражэйшае» — Ілля Сільчукоў пра звальненне з Вялікага тэатра за «амаральны ўчынак»

Клас
32
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4