Мікалай Золатаў — адзін з падпісантаў Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў. Усе фота: zolotovnikolai / Instagram

Мікалай Золатаў — адзін з падпісантаў Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў. Усе фота: zolotovnikolai / Instagram

«Кожны раз мы кажам, што наш футбол знаходзіцца на дне, але потым апускаемся яшчэ ніжэй»

«Наша Ніва»: Сочыце за тым, што робіцца цяпер з беларускай зборнай?

Мікалай Золатаў: Так. Бачу, што акрамя ўсяго іншага на гульню ўплывае лагістычны фактар, бо ўжо два гады зборная Беларусі не гуляе дома. Калі раней каманда лётала чартарнымі рэйсамі проста з Мінска ў горад, дзе адбывалася гульня, і гэта займала 4-5 гадзін, то цяпер яны карыстаюцца рэгулярнымі рэйсамі. Трэба праз Казахстан даляцець у Турцыю, потым у Турцыі перасадка на рэйс у Сербію, дзе апошні раз гуляла зборная. Гэта не тыя ўмовы, у якіх можна нармальна рыхтавацца да гульні. Такі пералёт будзе вельмі цяжкім нават для звычайнага чалавека, якому не трэба на наступны дзень выходзіць на матч.

«НН»: Вам бы хацелася быць у сённяшняй нацыяналцы?

МЗ: Так. Маё меркаванне не змянілася, я заўсёды хацеў гуляць за зборную. Цяпер, калі шчыра, пра гэта не думаю — напэўна, маральна сябе падрыхтаваў да таго, што мяне там не будзе, і не разлічваў, што мяне паклічуць у зборную. Але хацелася б там быць.

«НН»: Шкадуеце, што пакуль усё не так?

МЗ: Не. Я разумеў наступствы сваіх словаў і выказванняў, таму ўвогуле не перажываю наконт гэтага.

«НН»: Беларусы цяпер часцей заўзеюць супраць гэтай каманды, чым за яе.

МЗ: Гэта пачалося яшчэ пасля выбараў 2020 года, але цяпер людзі ставяцца да каманды яшчэ больш негатыўна — магчыма, гэта звязана з апошнімі вынікамі зборнай. Я гэта адчуваю, і гэта бачна, але зноў жа, гэта пачалося не зараз. Шмат спартсменаў ніяк не патрымалі народ і не асудзілі злачынствы супраць яго, шмат хто падпісаў праўладны ліст.

Пасля гэтага людзі яшчэ больш раззлаваліся. Раней звычайныя аматары маглі дараваць паразу, нават у чымсьці падтрымаць, але сваімі дзеяннямі пасля выбараў футбалісты адвярнулі аматараў ад сябе. У людзей няма жадання перажываць за беларускую зборную на міжнароднай арэне. Дададзім яшчэ і дрэнныя вынікі, бо ў зборнай вельмі доўгая серыя без перамог.

«НН»: Што павінна здарыцца, каб да каманды вярнуліся фанаты?

МЗ: Думаю, павінна хаця б змяніцца ўлада ў беларускім футболе. Трэба, каб скончыўся ў футболе пераслед па палітычных момантах, каб не было такога цырку, калі клуб павінен ухваляць кандыдатуру трэнера ці футбаліста ў тых ці іншых інстанцыях. Такое ў беларускім футболе не павінна існаваць, і тады, магчыма, пачнуць выклікаць [у зборную] футбалістаў, якія асудзілі ў 2020 годзе гвалт з баку сілавікоў ці фальсіфікацыю выбараў. Тады і зборная наша будзе мацнейшая, і гледачы вернуцца на стадыёны — магчыма, іх будзе нават больш, чым было да таго.

«НН»: А як ставіцеся да папулярнага меркавання, што ў беларускім футболе павінна дамінаваць прыватная форма ўласнасці?

МЗ: Мне б гэтага хацелася. Я цяпер гуляю ва Украіне і бачу, наколькі тут развітыя прыватныя клубы, але ў Беларусі няма для гэтага магчымасцей. Возьмем «Рух» — усё роўна яго кіраўнік Зайцаў быў прыбліжаны да Лукашэнкі. Чаму не стала гэтага клуба? Таму што Зайцаў трапіў пад санкцыі, у яго пачаліся фінансавыя цяжкасці і ён перастаў бачыць сэнс у тым, каб траціць свае грошы на футбол.

На любыя прыватныя клубы ў Беларусі будзе ўплываць сістэма, бо ўсе алігархі ў нашай краіне так ці інакш да яе прыбліжаныя. Атрымліваецца, трэба, каб у першую чаргу змяніўся ўрад краіны, і тады стане магчыма, каб спорт стаў прыватным. Тады з’явяцца людзі, якія будуць укладваць свае грошы ў развіццё футбола, якія будуць зацікаўленыя ў ім і ў выніках.

«НН»: А пакуль што беларускі футбол чакае дэградацыя?

МЗ: Так. Яна ўжо даўно ідзе, напэўна, не першы год, проста пасля выбараў яна набрала хуткасць. Ёсць шмат якасных футбалістаў, якім забаранілі гуляць у Беларусі, такая ж сітуацыя з трэнерамі, яшчэ і пачалі ўводзіць ліміты па заробках, па колькасці легіянераў і моладзі на полі.

Мне здаецца, узровень беларускага футбола пачаў падаць яшчэ гадоў пяць таму. Калі ўзяць зборную, якая была ў нас у той час, і тую, якая цяпер, — гэта неба і зямля. Пяць гадоў таму ў камандзе гулялі ўсе лепшыя футбалісты, якія толькі былі ў Беларусі, а цяпер нехта не хоча ў зборную, нехта не можа, кагосьці не хочуць бачыць. І таму мы знаходзімся там, дзе знаходзімся. Кожны раз мы кажам, што наш футбол на дне, але потым апускаемся яшчэ ніжэй. Спадзяюся, што гэта сапраўды дно, ад якога можна адштурхнуцца.

«Веру, што ўсё будзе добра, бо калі ні ў што не верыць, навошта тады жыць?»

«НН»: Для сённяшняй Украіны важна, каб чэмпіянат па футболе працягваўся?

МЗ: Думаю, што важна, бо людзі ж ва ўсіх сферах дзейнасці працягваюць працаваць, плюс футбол для людзей — гэта нейкая аддушына, магчымасць абстрагавацца [ад вайны].

Тым больш яшчэ да таго, як чэмпіянат аднавіўся, было вельмі шмат шуму пра яго, пра тое, дзе і як праводзіць гульні. Футбол быў на слыху, людзі паміж сабой абмяркоўвалі яго, вакол правоў на трансляцыю зараз увогуле адбываюцца нейкія інтрыгі. То-бок адбываюцца нейкія рэчы, якія выклікаюць у людзей эмоцыі, і гэта ўжо добра. Мне самому пісалі ў сацсетках словы падтрымкі, украінцы шмат дзякавалі за тое, што прыехаў [ва Украіну гуляць], што не пабаяўся.

«НН»: Як гэта — матч ва ўмовах вайны?

МЗ: Майму клубу яшчэ з гэтым пашчасціла, бо ў нас падчас гульняў не было паветраных трывог і перапынкаў праз гэта. Той жа львоўскі «Рух», напрыклад, гуляў свой матч з «Металістам» чатыры гадзіны, бо былі трывогі. Гуляем без гледачоў, але кавід нас шмат чаму навучыў, таму больш-менш звыкліся з гэтым, ды яшчэ і рыхтаваліся да чэмпіяната два месяцы. Не магу сказаць, што для «Коласа» матчы зараз неяк адрозніваюцца ад часоў кавіду, калі на гульнях таксама не было гледачоў, проста мы разумеем, як трэба будзе дзейнічаць у выпадку паветранай трывогі.

«НН»: Ці не было страшна вяртацца ва Украіну і гуляць там зараз?

МЗ: Мне — не было. Жонка больш перажывала, але мне хутчэй было спакойна, калі я прыняў рашэнне вярнуцца. Калі вайна толькі пачалася, я пазваніў прэзідэнту клуба, ён сказаў прыязджаць на базу і ўсё для нас тут арганізаваў. Можа, яго спакой неяк перадаўся мне, і таму я ў той час не хваляваўся, таксама і зараз — вяртаўся без страху.

Толькі меркаваў, што могуць быць пытанні праз мову, бо мы гутарым па-руску. Але не сутыкнуўся ні з якім негатывам праз гэта.

«НН»: За час вайны да вас не было пытанняў праз тое, што вы — беларус?

МЗ: Часам на пунктах пропуску задаюць розныя дробныя пытанні пра тое, калі сюды прыехаў і што тут раблю, тым больш што мы трэніруемся ў [мястэчку] Кавалёўцы і даволі часта ездзім праз КПП. Але не было нічога такога, што нельга было б зразумець, усё ў рамках той сітуацыі, якая зараз ёсць. Так, трошкі непрыемна, але не заўважаў ніякіх нестандартных сітуацый ці скосых позіркаў. Ніякіх правакацыйных пытанняў ці агрэсіі ў мой бок праз беларускі пашпарт не было.

«НН»: Шмат хто з беларусаў меў ва Украіне цяжкасці з афармленнем міграцыйных дакументаў, вы не з іх ліку?

МЗ: У мяне скончыўся від на жыхарства, падаўся на новы і чакаю яго ўжо паўтары месяцы. Раней гэтае пытанне займала дзён дзесяць, можа, два тыдні. Зараз пасля руплівай праверкі, як я разумею, мяне яшчэ павінны выклікаць у СБУ на допыт, і ўсе гэтыя дадатковыя мерапрыемствы крышку зацягваюць працэс атрымання віда на жыхарства. Але зараз дзейнічае ўказ, згодна з якім можна знаходзіцца ва Украіне 180 дзён без віду на жыхарства, так што пакуль час ёсць.

«НН»: Вы робіце ўражанне аптыміста. Гэта так?

МЗ: Хутчэй так, чым не. Веру, што ўсё будзе добра, бо калі ні ў што не верыць, навошта тады жыць? Заўсёды хочацца верыць у лепшае, настройваеш сябе на лепшы вынік любой сітуацыі. Таму хочацца верыць, што ўсё наладзіцца і людзі зажывуць добра, і я веру ў гэта. А яшчэ ўсім усё вернецца — і тым, хто ва ўсім вінаваты, і тым, хто пацярпеў.

«НН»: Украіна — гэта месца, дзе можна застацца?

МЗ: Так. Калі скончыцца вайна, напэўна, мы з жонкай зоймемся гэтым пытаннем, бо сапраўды хочацца тут застацца. Ніколі не сутыкаўся з такім стаўленнем ў клубе, як тут, з такой атмасферай у камандзе, усё так здорава. Калі казаць і пра футбол, і пра побытавыя справы, той жа пошук жылля, нам тут вельмі камфортна.

«НН»: Але ж у вас атрымалася і пагуляць у Еўропе, узяць тую ж французскую «Бастыю» гэтым летам. Гэты клуб прайграе па стаўленні «Коласу»?

МЗ: Думаю, так. Там я сутыкнуўся з невыкананымі абяцаннямі, з фінансавымі цяжкасцямі — гэтага ўсяго я не чакаў. Не так там было добра, як абяцалі, у побытавым плане, у фінансавым. Пакуль што ва Украіне ўмовы нашмат лепшыя.

«Нельга пагаджацца са злачынствамі і думаць, што мая хата з краю, мне плоцяць заробак і ў мяне ўсё добра»

«НН»: Беларусь і Украіна могуць зноў стаць блізкімі краінамі?

МЗ: Лічу, што так. Але для гэтага трэба перамога Украіны ў вайне і змена ўлады ў Беларусі. Калі гэта ўсё адбудзецца, то цалкам верагодна, што добрыя адносіны паміж краінамі вернуцца.

«НН»: Для вас самога важна выказвацца ў падтрымку Украіны?

МЗ: Не магу сказаць, што для мяне важна толькі выказвацца, ёсць шмат дапамогі, якая застаецца незаўважанай. Лічу, больш важна дапамагаць Украіне па меры магчымасці грашыма і нейкімі дзеяннямі, дапамагаць справай, тым больш што зараз для гэтага тут вельмі шмат зроблена. Ідзеш у магазін цацак, а табе прапануюць дадаць да рахунку 10 грыўняў на карысць дзяцей, што пацярпелі ад вайны, на запраўцы прапануюць узяць спецыяльны кубачак за 5 грыўняў, частка грошай за які пойдзе на УСУ, у банку прапануюць патраціць дробязь на дабрачыннасць. Адзін чалавек дадасць 5 грыўняў, іншы 10 або 20 — уся гэтая дапамога вельмі важная.

«НН»: Вы самі карыстаецеся гэтымі магчымасцямі дапамагаць Украіне?

МЗ: Пастаянна, бо гэта насамрэч зручна. Апошні раз, здаецца, 500 грыўняў дадаў да рахунку. Бывае, трэба заплаціць за прадукт 80 грыўняў, а ў цябе банкнота ў 100 грыўняў, дык аддаш адразу 100, бо 20 грыўняў табе нічога не зменяць. Ці яшчэ на выхадах з гіпермаркетаў стаяць цялежкі, і людзі кладуць туды, што лічаць патрэбным — снікерсы, тушонкі, згушчонкі, то-бок усе прадукты, якія доўга не псуюцца. Потым гэта ўсё адпраўляюць на перадавую. Кожны вечар, бачу, збіраецца вялікая цялежка такіх прадуктаў, то-бок народ вельмі моцна аб’яднаўся і дадаткова дапамагае сваёй арміі.

«НН»: Вы перайшлі ў інстаграме на беларускую мову. Не думалі зрабіць гэта і ў звычайным жыцці?

МЗ: Задумваўся, але цяжка на яе пераходзіць, калі вакол няма беларусаў. Я вельмі добра разумею беларускую мову і ведаю, што мне хопіць недзе тыдня практыкі, каб на ёй гутарыць. У школе праблем з вывучэннем беларускай мовы не было.

Тут шмат людзей перайшлі на ўкраінскую мову, і я іх вельмі добра разумею, сам магу часам ужываць украінскія словы. Таму, каб перайсці на беларускую мову, галоўнае — знаходзіцца там, дзе людзі на ёй гутараць, і я думаю, што большасці насельніцтва не будзе цяжка загаварыць па-беларуску. Я б гэтага жадаў. У нас ёсць свая мова, проста нам трэба больш ёй карыстацца і пераводзіць на гэтую мову ўвесь уклад жыцця.

«НН»: Сумуеце па Беларусі?

МЗ: Так. Хацелася б прыехаць, можа, паехаць на зборы, не абавязкова дахаты. Сумую па Беларусі, але разумею, што невядома, калі там апынуся. Паехаць туды можна, але наступствы незразумелыя, хаця мне трэба вырашаць пытанні з дакументамі. Дрэнна, што праз гэта ўсё мае бацькі не могуць бачыць сваю ўнучку. Шмат пытанняў ёсць, але нічога страшнага, будзем верыць у лепшае.

Не жадаю нікога агітаваць, але людзі павінны разумна ацэньваць, што зараз адбываецца, чаму і праз каго. Калі ў цябе ёсць меркаванне, напрыклад наконт вайны ці выбараў, трэба не баяцца яго выказваць, нельга пагаджацца са злачынствамі, што зараз адбываюцца, і думаць, што мая хата з краю, мне плоцяць заробак і ў мяне ўсё добра. Можа надысці момант, калі ў цябе ўсё стане дрэнна і ты не будзеш разумець, што здарылася і чаму ты пацярпеў.

Зразумела, што трэба выказвацца з халоднай галавой і не спяшаючыся, можа нават з’ехаць за мяжу і выказвацца адтуль. Зараз паміж людзьмі часта бываюць канфлікты праз палітыку, але трэба навучыцца думаць сваёй галавой і не глядзець тэлевізар. Нельга называць добрым тое, што было ў нас пасля выбараў і што адбываецца зараз, падтрымліваць гэта. Я б такіх людзей выселіў усіх у нейкі ізаляваны горад ці краіну і няхай яны там жывуць у сваім свеце, калі ім гэта падабаецца.

Падтрымліваў пратэсты, вывозіў бразільца з-пад абстрэлаў ва Украіне, хэйціў каранавірус. Што за беларускі футбаліст едзе гуляць у Францыю?

«У 1996 годзе я думаў, што дабро хутка пераможа, а вось як аказалася». Былы трэнер зборнай па фехтаванні з'ехаў ад рэпрэсій і працуе на будоўлі

Каб не гуляць з ябацькамі, футбаліст сышоў з добрага беларускага клуба — і шчаслівы

Клас
27
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4