Фота: фэйсбук Антона Маслыкі

Фота: фэйсбук Антона Маслыкі

Кацярына Еўдакімава і Антон Маслыка

Антону Маслыку 32 гады. Ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным каледжы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Ад 2018 года працуе ў кампаніі «Белэнергасувязь».

Антон захапляецца рок-музыкай. Адзін з яго куміраў — савецкі спявак Віктар Цой і гурт «Кіно». У 2009 годзе Антон з сябрамі стварыў сваю каманду «Неизвестный Маршрут». У ёй быў вакалістам і гітарыстам. Гуляў у амерыканскі футбол.

Фота: prisoners.spring96.org

Фота: prisoners.spring96.org

У Антона ёсць канал на тыктоку, дзе ён выкладаў відэа-ролікі пра ягонае кухарства, а таксама дзяліўся сакрэтамі і дасягненнямі ў броварстве і вінакурстве.

Жонка Кацярына таксама слухае рок-музыку, падлеткам хадзіла на канцэрты беларускіх гуртоў. 

Паводле праваабаронцаў, Кацярына і Антон выходзілі ў 2020 годзе на нядзельныя маршы пратэсту. Фотаздымкі з іх і выявілі аператыўнікі ў інстаграме. 

Еўдакімаву і Маслыку праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі.

Антона сілавікі бралі жорстка. Машыну, у якой разам з ім ехала жонка і дзеці, спынілі супрацоўнікі ДАІ. На вачах блізкіх Антона скруцілі, начапіўшы кайданкі, а затым кінулі ў следчы ізалятар.

Кацярына Еўдакімава, паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», з 1 верасня была пад хатнім арыштам.

14 кастрычніка суд Маскоўскага раёна вынес прысуд пары па абвінавачванні ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пракурор настойваў, каб ім прысудзілі па паўтары гады калоніі.

Суддзя Сяргей Кацэр адправіў Антона на 1,5 года ў калонію агульнага рэжыму, а Кацярыну пакараў 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Алена і Дзмітрый Паўловічы

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», Алену Паўловіч (Чарных) суддзя Міхаіл Макарэвіч з суду Партызанскага раёна абвінаваціў у «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і адправіў жанчыну ў калонію агульнага рэжыму на 2 гады. Яе мужа, Дзмітрыя Паўловіча, асудзілі на 1,5 года.

Фота: старонка «Укантакце» Алены Чарных

Фота: старонка «Укантакце» Алены Чарных

Праваабаронцы пішуць, што 34-гадовую Алену сілавікі схапілі сёлета 26 ліпеня і ўтрымлівалі да суда ў следчым ізалятары. Там знаходзіўся і муж.

«Алена — гаспадыня салону друку «Ліса» з Барысава. Пры вобшуку сілавікі прымусілі жанчыну здзіраць са сцяны бел-чырвона-белыя шпалеры», — адзначаецца ў паведамленні праваабаронцаў.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа з тым, як Алена здзірае ў сваім салоне шпалеры. У памяшканні сілавікі перавярнулі ўсё дагары нагамі. У «пакаянным» відэа прадпрымальніца і яе муж кажуць, што ўлетку 2020 году ўдзельнічалі ў пратэстах.

Фота: t.me/viasna96

Фота: t.me/viasna96

Спачатку Алену ўтрымлівалі «на сутках», а пазней перавялі ў СІЗА-1. Ейнаму мужу адразу прысудзілі 14 дзён адміністрацыйнага арышту, а потым таксама адправілі ў следчы ізалятар.

Алена Паўловіч прызнаная праваабарончай супольнасцю палітзняволенай. Дзеці знаходзяцца пад прыглядам бабулі.

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
14
Абуральна
66