Фота: асабісты архіў
«Улада паказала, наколькі ім абыякавы лёс людзей»
У красавіку 2022 года Юрый Вашчанчук з’ехаў з Беларусі ў Польшу.
39-гадовы мужчына працуе ў IT-кампаніі, кіраўніцтва якой пасля пачатку вайны прапанавала супрацоўнікам рэлакацыю. Мужчына абраў Варшаву.
«Вялікія заказчыкі адмовіліся працягваць супрацоўніцтва з людзьмі, якія знаходзяцца ва Украіне (у сувязі з тым, што там могуць быць праблемы з сувяззю і ў цэлым небяспечна), у Расіі і Беларусі, — расказвае Юрый. —
Многія калегі паехалі ў Грузію, Літву і Польшчу. Выйшла, што ў нас быў выбар: сядзець без працы да моманту, пакуль кампанія не скасуе з табой дамову, ці пераехаць.
Цяпер сумую па родных, якія засталіся ў Беларусі, мясцінах, дзе я вырас, па сябрах».
Яшчэ да 2020-га Юрый часцяком думаў аб пераездзе ў іншую краіну. Нават удзельнічаў у латарэі грын-карт у ЗША.
Летась у мужчыны з’явілася добрая праца з годным заробкам і неабходнасць у пераездзе, як кажа сам Юрый, адпала.
«У іншай краіне варта прыкласці намаганні, каб стаць палітычна значным. Трэба пачынаць усё з нуля, а знаёмых няма і разумення, як усё працуе ў еўрапейскіх краінах, таксама. Гэта цяжка.
Убачыў, што палякі ў большасці сваёй разумеюць, што беларусы, народ — закладнікі абставін. Ведаюць, што мы пераязджаем у Польшчу не ад добрага жыцця.
У Варшаве ў мяне шмат знаёмых. Многія з іх з'ехалі з Беларусі з-за пераследу. Яны нават не могуць сабе дазволіць пабачыцца з роднымі. Гэта вельмі сурова, суперажываю ім», — кажа ён.
Мужчына зняў сваё знакамітае відэа ў 2019-м на парламенцкіх выбарах, гэта былі ліберальныя часы, абышлося без рэпрэсій. Сілавікі-лукашысты абмежаваліся размовай з бацькам Юрыя.
«Цікавіла іх, хто дапамагае мне матэрыяльна. Бацька адказаў, што ён і маці. Тыя спыталі, што стане, калі ў яго больш не будзе магчымасці дапамагаць. Вось такая была гаворка.
Пасля 2020-га я зразумеў, што быў наіўным хлопчыкам, які верыў у правасуддзе, вяршэнства права. Думаў, што ўлады неяк расправіцца са мной не змогуць. Шок, які быў разам з усведамленнем, што са мной магло б быць пасля таго відэа ў 2019-м, наступіў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Улада паказала, наколькі ім абыякавы лёс людзей», — кажа Юрый.
Як склаўся лёс дзяўчыны, якая ўкідала бюлетэні на парламенцкіх выбарах у 2019-м, Юрый не ведае.
«Мой знаёмы, які з ёй вучыўся, калі ўбачыў гэтае відэа, сказаў, што толькі з ёй магло такое адбыцца. Ва ўніверсітэце яна абсалютна не задумвалася, што робіць. Бязладнасць прыводзіць да такіх наступстваў», — кажа ён.
Тады Юрыя пазбавілі акрэдытацыі назіральніка па патрабаванні Ярмошынай.
Фота: асабісты архіў
Дзяўчына, якая тады спрабавала ўкінуць бюлетэні, мяркуючы з сацсетак, цяпер падпрацоўвае распаўсюднікам касметыкі ў «Фаберлік».
«Няўжо нельга навучыцца ў маладога пакалення, як трэба выпрошваць сабе свабоду?»
У 2020-м Юрый ізноў стаў незалежным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у Брэсце.
«У бок нас былі выказванні аб тым, што «дзяржава дала нам адукацыю, а мы нечым незадаволеныя». Я тады адказаў, што гэта ўсё за нашы грошы, за падаткі. Дарэчы, зразумеў, што яны ў нас высокія, калі прыехаў у Польшчу. Тут гэтая сістэма гнуткая, ёсць ільготы. У сілу пэўных заканадаўчых нормаў можна нават на нейкім высокім падатку выйграць», — расказвае Юрый.
Мужчына тлумачыць, што на парушэнні з боку камісіі ў дачыненні да незалежных назіральнікаў (напрыклад, нядопуск на выбарчы участак) ён рэагаваў ужо спакойна.
«Наеўся гэтых эмоцый, — кажа ён. —
Па адной жанчыне толькі з усёй камісіі было бачна, што яна трапіла на такое мерапрыемства першы раз. Па рэакцыі зразумела стала, што яе не задавальняе тое, што адбываецца.
Пасля падліку галасоў я азнаёміўся з пратаколам, выйшаў да людзей, каб пра гэта расказаць. Памятаю, які быў гул незадаволенасці. І тады з'явілася пачуццё, што час прыйшоў неспакойны».
У той дзень Юрый яшчэ не мог уявіць, што людзі прачнуцца і захочуць, каб іх пачулі. Яму падавалася, што Лукашэнка сыдзе сам.
«Зараз яму няма каму пакідаць уладу, нікому не давярае. Любы, хто прыйдзе на яго месца, стане распраўляцца з ім самім жа. Цяпер зразумела, навошта трэба трымацца сінімі пальцамі за крэсла», — разважае ён.
Калі Юрый галасаваў на рэферэндуме аб прыняцці змен у Канстытуцыі, на выбарчым участку ўбачыў Таццяну Мосіну. У 2019-м яна была старшынёй камісіі, дзе адбыўся ўкід бюлетэняў.
На рэферэндуме Мосіна, дырэктарка пачатковай школы №1 Брэста, зноў была ў камісіі.
«Мяне стала ўнутры трэсці, была злосць, — успамінае ён. — Для такіх людзей, як яна, за гэтыя два гады нічога не змянілася. Яны проста сталі больш узлаванымі на беларусаў, якія хацелі сумленных выбараў.
Калі б такія людзі спачувалі ці мелі высокамаральныя прынцыпы, не пайшлі б фальсіфікаваць.
Гвалт, які адбываецца, у тым ліку на плячах гэтых маўклівых людзей.
Яны маглі сказаць, што захварэлі ці з'яжджаюць куды-небудзь. Сто прычын можна было прыдумаць, каб у гэтым не ўдзельнічаць. Няўжо нельга навучыцца ў маладога пакалення, як трэба выпрошваць сабе свабоду?»
Фота: асабісты архіў
«Чэрачэнь як чалавек мне цяпер нецікавы»
На прэзідэнцкіх выбарах Юрый прагаласаваў за Святлану Ціханоўскую. «Разумеў, што чалавек, у якога муж у турме, будзе больш матываваны нешта рабіць для сваёй краіны, — тлумачыць свой выбар мужчына. —
Думаю, што галасаваць за яе было найлепшым варыянтам. Відаць, што ўлады яна не хоча. І менавіта ў такіх людзей яна мусіць быць. Тых, хто можа яе лёгка аддаць.
Лічу, што Святлана была б добрым прэзідэнтам, таму што дзяржава — гэта як вялікая сям'я: трэба чуць многіх, браць адказнасць на сябе, калі гэта неабходна».
Уразіла Юрыя, як Святлана Ціханоўская давала інтэрв’ю на англійскай мове. Ён кажа, што ніколі не мог уявіць, што прэзідэнт Беларусі зможа так спакойна і пісьменна размаўляць на замежнай мове.
«Для мяне гэтыя паказчыкі важныя. Яна жанчына, у нас у Беларусі павінна быць сацыяльнае раўнапраўе», — лічыць ён.
Раней Юрый быў прыхільнікам Сяргея Чэрачня і Валерыя Цапкалы. Ці застаецца ён ім цяпер?
«Чэрачань як чалавек мне цяпер нецікавы. Тады падпісаўся ў тым ліку за яго, каб даць магчымасць быць альтэрнатыўным кандыдатам.
Калі Цапкала быў кандыдатам, ён спрабаваў абудзіць людзей. Гэта ўсё добра, але цяпер ён знік з палітычнага поля. Калі чалавек не прыкладае ў гэтай сферы намаганняў, на яго нельга крыўдзіцца, гэта выбар», — кажа Юрый.
«Я не шкадую, што пакідаў за іх подпісы. Віктар Бабарыка, калі б стаў прэзідэнтам, змог бы супакоіць такіх людзей, як, напрыклад, мая маці, для каго перамены — пажар. Ён бы змог мякка пачаць мяняць гэты падыход. Кожны з альтэрнатыўных кандыдатаў меў патэнцыял змяніць краіну да лепшага», — мяркуе ён.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:
Назіральнік, які зняў на відэа ўкід бюлетэняў у Брэсце, расказаў усе падрабязнасці гісторыі
«Мясцовыя не могуць сабе дазволіць жыць так, як прыезджыя». Беларуска пераехала ў Партугалію і расказвае, як там жывецца
Пару мінчукоў, якія нібыта перадавалі даныя сілавікоў у ЧКБ, адправілі на «суткі»





