Фота: Pixabay
Меры могуць уключаць у сябе выпуск улётак пра тое, як выжыць пасля ядзернай атакі, а таксама ўтаймаванне спажывецкай панікі.
У канцы 1970-х і пачатку 1980-х гадоў брытанскі ўрад ужо выпускаў буклет «Абарані і выжыві», арыентаваны на грамадскасць, у якім апісвалася, «як зрабіць свой дом і сваю сям'ю максімальна абароненымі ва ўмовах ядзернай атакі».
Калі справа даходзіць да рызыкі ядзернай вайны з Расіяй, стратэгі разглядаюць як мінімум два варыянты развіцця падзей. Першы варыянт заключаецца ў тым, што Пуцін, даведзены да адчаю, атакуе буйны горад, выклікаючы незлічоныя смерці і разбурэнні. Другі — выкарыстанне малакалібернай тактычнай ядзернай зброі на фронце, напрыклад, недзе над лесам ці над востравам Змяіны.
Пытанне, якім задаюцца аналітыкі: калі б адбыўся нават менш страшны другі варыянт, ці аб'яднаўся б свет, каб асудзіць гэта? Ці згуртавала б чалавецтва такое парушэнне ядзернага табу, што захоўвала бяспеку на планеце цягам 70 гадоў?
Тым часам расійскі бок нагнятае напружанне. У тэлезваротах Пуцін дэманстратыўна спасылаўся на выкарыстанне ЗША атамных бомбаў у Хірасіме і Нагасакі ў якасці прэцэдэнту. Генеральны сакратар НАТА заявіў, што Расія сутыкнецца з «цяжкімі наступствамі», калі яна выкарыстае ядзерную зброю, у тым ліку малой магутнасці, ва Украіне.
Мэцью Бан, прафесар Гарвардскай школы Кенэдзі, ацаніў, што рызыка ядзернага канфлікту ва Украіне складае 10-20 адсоткаў. Некамерцыйная кампанія Swift Center for Applied Forecasting, якая займаецца «суперпрагназаваннем», ацаніла яе прыкладна ў 10 адсоткаў.
У часопісе Global Policy выйшаў артыкул пад назвай: «Ядзерная вайна як прадказальны сюрпрыз». Асноўная думка заключаецца ў тым, што заходняе грамадства сёння «самаздаволенае», і той факт, што мы перажылі халодную вайну, не азначае, што ў доўгатэрміновай перспектыве чалавецтву і далей будзе гэтак жа шанцаваць.





