Так выглядаюць умацаванні абарончай лініі, якую будуе прыватная ваенная кампанія Вагнера. Фота 

Так выглядаюць умацаванні абарончай лініі, якую будуе прыватная ваенная кампанія Вагнера. Фота 

Прыватная ваенная кампанія «Вагнера» Яўгена Прыгожына пачала будаўніцтва абарончай лініі на тэрыторыі акупаваных Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Для яе будаўніцтва выкарыстоўваюцца траншэйныя машыны. Уздоўж земляных умацаванняў выстаўляюцца бетонныя «зубы цмока».

Да будаўніцтва абарончых збудаванняў у прыфрантавых зонах Прыгожын заклікаў яшчэ ў пачатку верасня.

«Вагнераўцы» спадзяюцца, што абарончая лінія перакрые для ўкраінскай арміі падыходы да Лісічанска і Луганска. Але Севераданецк, Крамянная і вялікая паўночная палова Луганскай вобласці застаюцца за межамі лініі.

На відэа «Медузы» можна пабачыць, як выглядае лінія.

Цікава, што сам Прыгожын пацвердзіў, што «вагнераўцы» будуюць абарончую лінію. Ён таксама заявіў, што ПВК «Вагнера» навучае людзей, «якія будуць абараняць межы» Белгародскай вобласці.

У кампаніі Прыгожына падкрэслілі, што ў Данецкай і Луганскай абласцях знаходзіцца «асноўная зона адказнасці» «Вагнера».

«На сёння «лінія Вагнера» актыўна будуецца на межах Луганскай і часткова Данецкай абласцей, а таксама ўнутры іх. Уласна кажучы, у асноўнай зоне адказнасці ПВК «Вагнер»», — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

«ФАН», прапагандысцкае медыя, звязанае з Прыгожыным, паказала інфаграфіку, дзе будзе праходзіць «Лінія Вагнера». Аказваецца, гэтая лінія праходзіць уздоўж Луганскай вобласці і дзеліць яе на дзве часткі — паўночную (якую да 24 лютага кантралявала Украіна) і паўднёвую (занятую прарасійскімі сіламі з 2014 года). 

Яна амаль супадае з лініяй размежавання 2014—2022 гадоў за выняткам раёна Лісічанска і Папаснай, занятымі сёлета.

Выходзіць, расіяне самі не вераць, што змогуць утрымаць поўнач Луганшчыны?

Дэманстратыўная публікацыя гэтай інфаграфікі па часе супала з навінамі пра эвакуацыю жыхароў Херсона акупацыйнымі ўладамі. Здаецца, мэта гэтай эвакуацыі, каб пад прыкрыццём мірных жыхароў з вобласці выйшлі расійскія войскі.

На днях выйшла «інтэрв’ю» камандуючага расійскім уварваннем ва Украіну генерала Сяргея Суравікіна. Мэтай інтэрв’ю было намякнуць на немінучасць адступлення з-пад Херсона, прычым зрабіць гэта максімальна публічна. 

У чым сутнасць гэтых дэманстратыўных паведамленняў пра немінучасць адступлення з-пад Херсона і інфаграфіка з «Лініяй Вагнера», якая прыкрывае толькі поўдзень Луганшчыны? 

Цалкам магчыма, што гэта выглядае як абрысы завуаляванай мірнай прапановы Украіне з боку Расіі. Расіяне паказваюць гатоўнасць сысці з Херсона і поўначы Луганскай вобласці, але пакідаюць сабе Крым, поўдзень Луганскай, Данецкай абласцей і — гэта пакуль пытанне — сухапутны калідор у Крым.

Такі кампраміс дазволіў бы і расіянам, і ўкраінцам падаць сябе пераможцамі, а нявырашаная тэрытарыяльная спрэчка закрыла б на нейкі час Украіне дарогу ў НАТА. Расіяне б зрабілі тэрытарыяльны канфлікт часткай зацягнутага перамоўнага працэсу (ускосна на гэта паказвае тое, што расіяне дагэтуль не могуць дакладна сфармуляваць, у якіх межах яны анексавалі ўкраінскія тэрыторыі, і не малююць ніякіх «чырвоных ліній» для ўкраінцаў). У Украіны быў бы час на аднаўленне сваёй цывільнай інфраструктуры, а ў расіян — магчымасць аднавіць свой ваенны патэнцыял і прынамсі часткова зняць санкцыі. 

Вызваленне часткі Луганскай вобласці мела б для ўкраінцаў важнае маральнае значэнне. Расіяне на сёння кантралююць толькі часткі Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей (што ўскладняе анексію гэтых рэгіёнаў і інтэграцыю ў расійскае прававое поле), але амаль цалкам кантралююць Луганскую вобласць. 

Яўген Прыгожын — былы кухар Уладзіміра Пуціна, якому кіраўнік Расіі давярае настолькі, што дазволіў яму стварыць магутную прыватную ваенную кампанію. Прыватную фармальна, а ў рэальнасці звязаную з расійскай вайсковай разведкай і Генштабам.

Па афіцыйнай версіі расійская прапаганды, новая лінія фартыфікацый «істотна абцяжарыць украінскім баевікам любыя спробы прасоўвання ў бок ЛНР». Маскоўскія СМІ ўжо параўноўваюць яе з лініямі Мажыно і Манэргейма.

Клас
6
Панылы сорам
18
Ха-ха
51
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
35