Фота: Pixabay

Фота: Pixabay

Сапраўдная трагікамедыя разыгралася на ўзбярэжжы Аўстраліі. Гарадок Стэнвэл Парк ператварыўся на поле бітвы між чалавекам і какаду за кантроль над смеццевымі бакамі.

The Wall Street Journal расказвае, што навукоўцы называюць мясцовую сітуацыю «гонкай інавацыйных узбраенняў». Пакуль какаду шукаюць шляхі да адкрыцця кантэйнераў, людзі адказваюць усё больш дасканалымі прыстасаваннямі, каб абараніць свае бакі.

Кожны аўторак, у дзень вывазу смецця, тут адбываецца вэрхал: птушкі раскідваюць усё, што можна — ад кававых кубкаў да запэцканых дзіцячых падгузак.

Незвычайныя птушыныя паводзіны па адкрыванні бакаў, на думку навукоўцаў, з'явіліся толькі ў апошнія гады — і цяпер з'яўляюцца прадметам навуковых даследаванняў. Навукоўцы кажуць, што гэта ўнікальная магчымасць даследаваць, як два віды могуць вучыцца: какаду вучаць іншых, як патрапляць у кантэйнеры; а людзі, змяняючы метады абароны, вучацца хутка адаптавацца да дзеянняў апанентаў.

Здаецца, што какаду перамагаюць. Некаторыя спрабавалі класці цэглу на накрыўку бака, але какаду вельмі проста скідалі яе і забіраліся ў кантэйнеры.

Каб адчыніць бак, какаду звычайна падымае накрыўку дзюбай і лапай. Толькі невялікі працэнт какаду можа рабіць гэта, але як толькі накрыўка адчынена, іншыя птушкі ныраюць у пошуках ежы. Жыхары кажуць, што птушкі фактычна пачалі працаваць зграямі.

Навукоўцы, што сочаць за сітуацыяй, проста ў захапленні таксама і ад разнастайнасці абарончых прыёмаў. У нядаўнім даследаванні яны знайшлі 52 розныя спосабы, якімі людзі абараняюць свае кантэйнеры ад какаду.

Метады вар'іраваліся ад уцяжарвання накрывак кантэйнераў да запіхвання старых красовак ці бутэлек з вадой у завесы спецыяльна распрацаваных зашчэпак. У адным выпадку нехта спрабаваў напужаць какаду гумавай змяёй. Іншы чалавек усталяваў шыпы, каб какаду не прызямліліся. Але ахоўныя сродкі ўсё роўна павінны дазваляць адчыніць накрыўку кантэйнера для смеццявоза, таму задача не такая простая, як можа здавацца.

Какаду добра вырашаюць праблемы, і пры гэтым, як правіла, не пераборлівыя ў ежы. Яны ядуць шмат насення, каранёў і ягад, але відавочцы кажуць, што бачылі какаду, што елі курыную галёнку ці запечаную рыбу.

Навукоўцы кажуць, што трэба правесці дадатковыя даследаванні. Яны праводзяць апытанне, каб даведацца, ці распаўсюдзяцца паводзіны, звязаныя з адкрыццём бакаў, на іншыя вобласці паблізу.

Але не ўсе злуюцца на разумных птушак. 22-гадовая супрацоўніца мясцовай кавярні называе іх «мясцовымі янотамі».

Фота: Pixabay

Фота: Pixabay

Клас
43
Панылы сорам
5
Ха-ха
50
Ого
10
Сумна
2
Абуральна
5