Адам Калінін. Скрын відэа

Адам Калінін. Скрын відэа

Рэлакацыя ў лес

IT -спецыяліст Адам Калінін ужо амаль месяц жыве ў лесе на поўдні Расіі. Ён выступаў супраць вайны. За антываенныя акцыі суд прызначаў яму штраф і некалькі сутак арышту, а калі пачалася мабілізацыя, не стаў чакаць позвы і сышоў у лес.

«У мяне заўсёды перад вачыма быў варыянт: альбо я пайду ў краму, а потым мяне пад рукі павядуць у ваенкамат, альбо я буду ў не вельмі камфортных умовах у лесе, але на волі. Не зусім было лёгкае рашэнне», прызнае ён.

Апошнія некалькі гадоў ён часта хадзіў у паходы, так што досвед у яго быў. «Мы з жонкай у вольны час або ў адпачынку дастаткова часта кудысьці выязджалі, — расказвае Калінін. — Ёсць нейкі рыштунак, нейкі вопыт».

Свая зямля

Айцішнік успамінае, што навіны аб мабілізацыі шакавалі яго. Двое калег Калініна неўзабаве зʼехалі ў Цэнтральную Азію, але ён не захацеў пакідаць Расію. Па-першае, кажа ён, у яго няма знаёмых і сваякоў за мяжой, так што адʼезд моцна б ударыў па ягоным бюджэце.

«Другі момант, што тут і сябры, і сваякі. Неяк канцы ў ваду кідаць, зʼязджаць — вельмі-вельмі я да гэтага не гатовы. Наогул выглядае так, што я павінен зʼязджаць са сваёй зямлі, — разважае ён. — Чаму я гэта павінен рабіць, бегчы адсюль?».

Блізкія і калегі Адама ведаюць, што ён пайшоў у лес і падтрымліваюць яго. «Мая жонка — сапраўдны тыл! Без яе падтрымкі і ўдзелу не атрымалася б і паловы задуманага», — пісаў ён у сваім тэлеграм-канале аб жыцці ў лесе.

Офіс у лесе

Падрыхтоўка да сыходу ў лес заняла ў Адама Калініна каля тыдня. Многія патрэбныя інструменты ў яго і так былі: бензапіла, звычайная піла, сякера, мадэм, антэна і іншае.

Ён дакупіў яшчэ сонечныя батарэі. «Я больш-менш гэтай тэхналогіяй цікавіўся, нейкай альтэрнатыўнай энергетыкай і больш-менш нешта ў гэтым разумеў», — удакладняе ён.

Непадалёк ад асфальтавай дарогі Адам з жонкай арганізавалі склад прадуктаў. «Я купіў проста смеццевы кантэйнер. Ён вялікі, даволі танны і дазваляе захаваць там усе запасы, якія я ўзяў: кансервы, дашырак, чай, каву, цукар.

Гэта ўсё ляжыць у кантэйнеры, блізка да таго месца, дзе машыну можна прыпаркаваць, — распавядае ён. — І я перыядычна туды хаджу рэальна як у краму. Мне ісці да гэтага кантэйнера недзе гадзіну, калі не спяшацца. Я спакойна іду, бяру якую-небудзь колькасць гэтых прадуктаў, у заплечнік кідаю і іду назад».

У лесе Адам усталяваў два намёты: адзін для сну, другі для працы. «Офіс», як ён гэта называе, знаходзіцца ў трох хвілінах хадзьбы ад месца, дзе ён начуе.

«Яны ў мяне падзеленыя з той прычыны, што ў лесе добрае месца, там не дзьме, ёсць сонейка, палянка, усё класна. Але інтэрнэту няма. А там дзе офіс, там не вельмі з надворʼем, калі дзьме вецер, там даволі непрыемна знаходзіцца, але затое ёсць інтэрнэт», — распавядаў ён на відэа, дэманструючы свой шлях ад начлегу да працы. Там на сасне ўсталявана антэна, якая дазваляе прымаць даволі нядрэнны мабільны інтэрнэт.

Эка-фрэндлі

Звычайна Адам устае каля сямі раніцы. «Пачынае недзе ў гэты час віднець, птушачкі пачынаюць цвіркаць. Яны мяне будзяць, па сутнасці, такі натуральны будзільнік, — адзначае ён. — Устаю, неяк снедаю. У мяне самая любімая страва аўсянка з чарнаслівам, разынкамі, можа, згушчонка ці вяршкі з цукрам».

Звычайна ён гатуе ежу з дапамогай кампазітнага газавага балона і гарэлкі. Для гатавання і пітва выкарыстоўвае дажджавую ваду, якая назапашваецца на разасланай у лесе поліэтыленавай плёнцы.

«Мыюся я так умоўна, вядома, гэта проста сурвэткі вільготныя. А туалет: бяру маленькую лапатку, раблю ямку і потым усё гэта закопваю. Гэта такі супер-экатуалет», — адзначае ён.

Адам кажа, што не хапае душа і пральнай машынкі.

Калінін працуе восем гадзін у дзень па пяць дзён у тыдзень, а вольны час уладкоўвае сваё лясное жыллё.

«Я хачу зрабіць нешта больш сурʼёзнае, не палатку, нейкую хатку, можа быць. І для гэтага мне трэба будматэрыялы нарыхтоўваць, — тлумачыць ён. — Вось пайду, патрачу 20 хвілін, проста разметку нейкую зраблю на бервяне. Потым увечары, калі ўжо працоўны дзень мой афіцыйны заканчваецца, я магу пайсці і бензапілой адпілаваць гэты кавалак, які я размеціў. І вось так на працягу тыдня я такімі маленькімі порцыямі нешта раблю».

У яго няма досведу ў будаўніцтве, так што ён вучыцца па відэароліках на ютубе.

Спосаб справіцца з трывогай

Іншых людзей Адам за час жыцця ў лесе не бачыў. «У цэлым нармальна, — апісвае ён свае адчуванні ад пустэльніцтва. — Напэўна, гэта звязана, з тым, што я ў распрацоўцы працую. І, як правіла, людзі там больш інтраверты, не моцна гараць зносінамі жывымі. Я ад гэтага не моцна пакутую. Але хацелася б, вядома, пабачыцца з сябрамі, з жонкай».

Жонка плануе наведаць яго прыкладна праз тыдзень. «Пройдзе месяц, як мы не бачыліся, напэўна, — кажа Адам. — У мяне ёсць ужо спіс пажаданняў: печыва, цукеркі скончыліся, з такога простага, ну і сякая-такая прылада патрэбная. Я спадзяюся, што не будзе праблем з улікам таго, што паўваеннае нейкае становішча».

Адам мае тры вялікія аптэчкі, якія яму сабрала жонка. «Яна купіла цэлы набор. Мусіць, нават калі я кулявое раненне атрымаю, гэтая аптэчка мне дапаможа таксама. Я, дзякуй богу, нічым не карыстаўся з гэтага», — заўважае ён.

Па словах Адама, у лесе даволі лёгка атрымаць траўму, але з ім такога не здаралася.

Ён упэўнены, што мабілізаваным зараз даводзіцца значна горш, чым яму: «Людзі трапляюць у гэтыя навучальныя часткі, і яны там у нейкіх зусім дзікіх умовах. Напэўна, горш, чым я зараз. Нікому не патрэбны, сам сабе там усё даставай, усё купляй. І мала таго, незразумела, навошта ты тамака знаходзішся. Нехта доўгам радзіме гэта тлумачыць, нехта яшчэ неяк. Але я не бачу ніякіх плюсаў ад гэтага абсалютна. Нікога мы не абараняем, вядома ж, а нападаем. І гэта вельмі сумна».

Зіма будзе

Адам Калінін сумняваецца, што камусьці ўдасца знайсці яго ў лесе, хоць ён часам разводзіць вогнішча і выкарыстоўвае бензапілу. «Я ўжо ведаю гэтыя мясціны, некаторыя дрэвы запомніў. А для чалавека, які тут ніколі не быў, гэта больш складана.

З буйнымі дзікімі жывёламі ён пакуль не сутыкаўся. «Я бачыў вавёрку дастаткова блізка. Птушак розных. Некаторыя ўвогуле нават і не палохаюцца мяне. У мяне пад тэнтам ёсць месца, дзе суха заўсёды, дождж не пападае. Там у пыле птушачкі купаюцца і на мяне так пазіраюць, тыпу ці не буду я нічога з імі рабіць — і працягваюць боўтацца. А з буйных жывёл нікога не бачыў і не чуў, — удакладняе ён. — Ну, бачыў тут какашкі нейкія, але незразумела, чые». На ягоную думку, гэта маглі быць кабаны.

Адам кажа, што ягонае знаходжанне ў лесе зацягваецца. Ён ужо нарыхтаваў запас дроў і ў канале абмяркоўвае з падпісчыкамі, якую палатку лепш купіць на зіму.

Ён прызнае: «Я, калі сюды пераязджаў, думаў, ну, месяц недзе пабуду, а там, напэўна, альбо гэтая мабілізацыя скончыцца, альбо нешта прыдумаем. Шчыра кажучы, дакладнага плана не было. Я прыкладна разлічваў на месяц. Вось якраз месяц падыходзіць да канца. Цяпер, улічваючы навіны апошнія… Увогуле не выключана, што я тут і далей буду знаходзіцца».

Клас
86
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
12
Абуральна
10