Вызначыліся з электрасамакатчыкамі 

У новай рэдакцыі ПДР з'явіцца тэрмін «сродкі індывідуальнай мабільнасці (СІМ)». Згодна з правіламі, пад імі будуць разумецца электрасамакаты, гіраскутары, сегвэі, монаколы ды іншыя падобныя прылады. 

Ездзіць на іх можна будзе па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы альбо абочыне. Максімальная хуткасць такіх дэвайсаў мусіць быць не большая за 25 км/г. Чалавек, які на іх перасоўваецца, будзе лічыцца пешаходам. На электрасамакатах і монаколах забараняецца ездзіць у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.

За межамі пешаходных і жылых зон ездзіць на іх дазволена толькі з 14 гадоў. Таксама забараняецца перавозка пасажыраў па-за спецыяльна абсталяванымі месцамі, прадугледжанымі канструкцыяй самакатаў, сегвэяў і іншых падобных сродкаў. Пры руху ў цёмны час на СІМ мусіць быць уключаны ліхтарык, а чалавек на ім абавязаны насіць флікер.

Зменшыцца колькасць дакументаў, якія кіроўца мусіць мець пры сабе

Пачынаючы з 27 кастрычніка, кіроўцы абавязаны мець з сабою толькі два дакументы: пасведчанне кіроўцы і пасведчанне аб рэгістрацыі транспарту. Пры гэтым уладальнікі ID-картак маюць права сядаць за стырно, не маючы пры сабе вадзіцельскага пасведчання, у дадзеным выпадку правы заменіць біяметрычны дакумент, у якім ёсць неабходная для супрацоўнікаў ДАІ інфармацыя. Але важна памятаць, што тэрмін дзеяння ID-карткі і тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання — гэта розныя рэчы

Мець пры сабе страхоўку спатрэбіцца ў тым выпадку, калі яна выдадзена толькі ў папяровым варыянце. Калі ж у электронным, то вазіць з сабой папяровы варыянт не абавязкова. 

Нагадаем, што з 1 красавіка 2022 года была адменена неабходнасць афармлення талона да пасведчання кіроўцы і сертыфіката аб праходжанні дзяржтэхагляду, паколькі ўся інфармацыя захоўваецца ў базах даных.

Пасажыра могуць папрасіць дыхнуць у трубачку

Па новых правілах пасажыр абавязаны прайсці ў вызначаным парадку агляд на прадмет ужывання алкаголю альбо забароненых рэчываў, бо ў КоАП згадваецца адказнасць не толькі для кіроўцаў і пешаходаў, але і пасажыраў, у тым ліку ў нецвярозым стане.

Матацыклістам увогуле забароняць перавозку нецвярозых пасажыраў, апроч выпадкаў, калі такі пасажыр будзе перавозіцца не на самім матацыкле, а ў бакавой калясцы.

Уводзіцца забарона перасоўвацца на матацыклах (а таксама на роварах і СІМ), не трымаючыся рукамі за руль.

Прыемныя змены чакаюць аматараў квадрацыклаў, снегаходаў і мотаўсюдыходаў — ім дазволяць удзельнічаць у дарожным руху, але толькі па дарогах без асфальтавага пакрыцця. Нагадаем, што зімой 2018 года аматарамі такого транспарту зацікавіўся Лукашэнка. Тады ён патрабаваў жорсткага пакарання для «круцякоў» на квадрацыклах і снегаходах за язду па сельгасугоддзях.

Што чакае веласіпедыстаў?

Веласіпедыстам дазволяць не спешвацца на пешаходных пераходах, дастаткова буде зніжаць хуткасць і перасякаць праезную частку з хуткасцю пешахода (5 км/г). Іншае новаўвядзенне — абавязак мець флікер пры яздзе ў цёмны час сутак. 

У новых правілах удакладняць, што перавага ў руху лічыцца прадастаўленай, калі адлегласць паміж транспартам і пешаходам склала не менш за дзве паласы руху (пры іх наяўнасці). 

Павысяць максімальную хуткасць

Да 120 км/г павысяць ліміт хуткасці на аўтамагістралях і дарогах для аўтамабіляў для легкавых аўто, матацыклаў і грузавікоў масай не больш за 3,5 т. Максімальную хуткасць для аўтобусаў павысяць да 100 км/г. На астатніх загарадных дарогах за межамі населеных пунктаў дазволеная хуткасць і далей застаецца абмежаванай у 90 км/г.

Што яшчэ зменіцца з 27 кастрычніка?

Разам з новай рэдакцыяй закона з'явяцца новыя дарожныя знакі і разметка. Знайшлі адлюстраванне ў новых ПДР і акцыі па яздзе з уключанымі фарамі або дзённымі светлавымі агнямі, якія ДАІ штогод ладзілі ў апошнія і першыя дні навучальнага года. Цяпер у правілах прапісана, што ў перыяд з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня падчас руху трэба будзе ўключаць святло.

Некаторыя змены чакаюць і таксістаў. Ад 27 кастрычніка, яны маюць права не прышпільвацца рамянямі бяспекі ў межах населенага пункту толькі падчас перавозкі пасажыраў. 

Электрамабілям дазволяць ездзіць па паласе для руху грамадскага транспарту. Таксама забароняць стаянку на месцах для зарадкі электратранспарту. 

Пры ўездзе на кругавое скрыжаванне не трэба будзе ўключаць сігнал павароту.

А яшчэ з 27 кастрычніка на заканадаўчым ўзроўні забароняць не толькі размаўляць па тэлефоне без дадатковых прылад, якія дазваляюць рабіць гэта без рук, але і карыстацца іншымі не прадугледжанымі канструкцыяй транспартнага сродку прыладамі, калі для гэтага неабходна трымаць іх у руцэ альбо ўздзейнічаць на іх рукой. 

Цалкам азнаёміцца з ўсімі зменамі ў ПДР можна па спасылцы.

Чытайце таксама: 

Рыхтуем аўтамабіль да зімы. Параўналі цэны на новыя шыны ў Беларусі, Польшчы і Літве 

Кіраўнік Акадэміі навук распавёў, колькі будзе каштаваць першы беларускі электрамабіль

Клас
15
Панылы сорам
12
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
5