Ігар Банцар — рок-музыка, лідар гродзенскага гурта «Mister X», анархіст, актывіст і перформер. Гродзенец быў асуджаны за свой перформанс падчас пратэстаў 2020 года: станчыў без порткаў побач з міліцэйскай машынай. За гэта атрымаў паўтара года «хіміі».

Пасля адбыцця пакарання музыка не з’язджаў з Беларусі. Але 4 жніўня 2022 года ў Гродне ён зноўку быў затрыманы і адбываў пакаранне ў Мінску. За кратамі Ігара Банцара трымалі больш за 45 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля вызвалення ён вырашыў усё ж з'ехаць.

«Зараз у Беларусі банальна няма кан’юнктуры і плюралізм як такі адсутнічае. Калі мы гаворым пра палітычны спектр, то я са сваімі левымі поглядамі ўвогуле не ўпісваюся. І ўсе гэтыя размовы з міліцыяй ды ГУБАЗіК прыгнятаюць.

Калі наўпрост такбе кажуць, што ты не падыходзіш, у нашай рэчаіснасці абсалютна лішні элемент. Гэта надзвычай цяжка. І вяртацца ў Беларусь з усведамленнем таго, што, магчыма, ты нікому не патрэбны, апроч самых блізкіх… Два гады не быў у Варшаве, а калі сюды прыехаў — тут больш знаёмых ды сяброў. І тут я пачуваюся больш камфортна, на жаль. І гэта варта шчыра прызнаць», — паведаміў музыка беластоцкаму выданню MOST.

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
16
Абуральна
3