Фота: Office Life

Фота: Office Life

«Прыязджаюць аўтамабілісты ў горад, ёсць жаданне прыпаркавацца каля працоўнага месца, адміністрацыйнага будынка, гандлёвага цэнтра — адпаведна, увесь горад забіты. Пры увядзенні платнай паркоўкі адразу з'яўляецца 25-30% вольных месцаў, — тлумачыць Міхаіл Філіпаў неабходнасць павелічэння колькасці платных парковак у сталіцы. — Чалавек разумее, што лепш размясціць машыну на перахопліваючай стаянцы і перасесці на грамадскі транспарт. Адсюль ідзе зніжэнне нагрузкі на горад, памяншэнне затораў, экалагічная сітуацыя таксама паляпшаецца».

Дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы» расказаў, што хутка новыя платныя паркоўкі з'явяцца ў раёне плошчы Перамогі (гэта вуліцы Камуністычная, Кісялёва), а таксама на вуліцах Вызвалення, Шпалернай, Шорнай, працягу вуліц Ракаўскай, Даўгабродскай, Вакзальнай.

Цяпер у Мінску дзейнічаюць 63 платныя паркоўкі, з якіх дзве — закрытага тыпу. На іх адначасова можа размясціцца 5 162 аўтамабілі. Памер платы за паркоўку залежыць ад яе размяшчэння. Гадзіна стаянкі на адкрытай паркоўцы каштуе 1 рубель, на тэрыторыі Траецкага прадмесця — 2 рублі, на тэрыторыі Верхняга горада — першая гадзіна 5 рублёў, кожная наступная гадзіна — 2 рублі. Гэтыя грошы ідуць у гарадскі бюджэт.

У ДУ «Паркоўкі сталіцы» запэўнілі, што пераглядаць кошт платных парковак у найбліжэйшы час не плануюць. Змяніцца тарыфы могуць толькі на закрытай паркоўцы на вуліцы Талбухіна, аднак гэтае пытанне яшчэ прапрацоўваецца.

Акрамя таго, Міхаіл Філіпаў расказаў, што Мінск будзе пераймаць досвед Масквы ў плане выкарыстання відэа— і фотафіксацыі на платных паркоўках: цяпер для гэтага няма заканадаўчай магчымасці, але адпаведны дакумент ужо ўнесены на разгляд урада. Гэты ж дакумент прадугледжвае адказнасць для тых, хто не аплачвае паркоўку.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2