«Амаль штодня бяру з сабой дадому для жонкі садавіну»

— Калі я працаваў у Wargaming, часта браў дадому ўсялякія прысмакі, накшталт добрых камякоў, якія ў краме 8 рублёў каштавалі. Часам — вафлі, батончыкі і «Ролтан».

А яшчэ цяпер працую ў іншай кампаніі і амаль штодня бяру з сабой дадому для жонкі садавіну: бананы, апельсіны, ківі, а яшчэ часам гарбату пакетаваную. Усё ж трэба сямейны бюджэт берагчы. Жонка толькі радая, дый я таксама. Але стараюся браць так, каб ніхто не бачыў, хоць камеры ў офісе — і пра нас ведаюць усё.

«Адчыняў лядоўню, выбіраў ссабойку — і харчаваўся без усялякага сораму»

— У нас аднаго часу стала знікаць ежа з ссабоек, якія стаяць у агульнай лядоўні. Паштовая рассылка на ўсю кампанію і заклікі да сумлення ў агульным чаце не дапамагалі. Спрацавалі толькі камеры назірання. 

Высветлілася, адзін з нядаўна нанятых супрацоўнікаў проста адчыняў лядоўню, выбіраў што спадабаецца — і харчаваўся без усялякага сораму. Часцей за ўсё праз гастранамічныя прыхільнасці гэтага хлопца пакутаваў аддзел тэставання. Відаць, дзяўчаты рабілі смачныя ссабойкі.

Так працягвалася даволі доўга — больш за месяц, — пакуль яго не злавілі. Акрамя пад’ядання чужых ссабоек камеры зафіксавалі яшчэ і некалькі фактаў начоўкі ў офісе. Вельмі дзіўна, улічваючы, што гэта быў распрацоўшчык-сеньёр з адпаведным гэтаму ўзроўню заробкам. 

Кіраўніцтва правяло з ім гутарку, але асобу не выдала — каб не было ўсеагульнага ганьбавання дый наогул канфліктаў. Тым не менш чуткі ў нас разносяцца добра, так што старажылы, вядома ж, дазналіся дэталей. А супрацоўнік неўзабаве па інцыдэнце пакінуў кампанію, але з іншай, не звязанай з гэтай гісторыяй, прычыны.

«Заўважылі, што малако стала сыходзіць хутчэй — на 2-3 пакеты за тыдзень»

— У нас у кампаніі быў пацешны выпадак колькі гадоў таму. На кухні ў офісе стаіць кавамашына — і побач з ёй скрыня з пакетамі ультрапастэрызаванага малака, якое не трэба ў лядоўні трымаць да распячатвання.

Офіс невялікі, на тыдзень сыходзіла прыкладна скрыня малака. І тут заўважылі, што малако стала сыходзіць хутчэй — на 2-3 пакеты за тыдзень, хоць людзей у офісе было столькі ж.

Сталі прыглядацца і ў нейкі момант заўважылі, што адзін з супрацоўнікаў перад сыходам дадому заходзіць на кухню за кантэйнерам ад ссабойкі — і заадно, раз на пару дзён, прыхоплівае з сабой са скрыні пакет малака.

Відаць, вельмі не хапала чалавеку кальцыю. З ім правялі ветлівую гутарку — і расход малака ў офісе нармалізаваўся.

Той супрацоўнік яшчэ пару гадоў працаваў у нас і без праблем глядзеў у вочы калегам. Я так зразумеў, што для яго ўся гэтая сітуацыя не была нязручнай. Накшталт: «А, дык што, няможна было браць дадому? Я думаў можна. Ну добра, няможна — дык няможна».

«Браў кавы, калі новы гатунак, — пакаштаваць. За 5 гадоў вынес паўкілі»

— Я браў дадому з офіса кавы, калі ў нас куплялі нейкі новы гатунак, — пакаштаваць. Рэч у тым, што ў офісе кавамашына варыла тое, што піць можна было толькі за адсутнасцю лепшага. А дома апарат наладжаны асабіста мной і пад мяне — такім чынам, я каштаваў сапраўдны смак новай кавы. 

Як высветлілася, я быў такі не адзін: бачыў, што адзін калега таксама так рабіў — у разгар працоўнага дня. Мы спакойна абмеркавалі гэта ля кавамашыны. Але больш пра гэта ніхто не ведаў. Я ж заўсёды прыязджаў у офіс першым, і ніхто не бачыў, як я бяру каву. Думаю, за 5 гадоў я вынес дзесьці паўкілі.

«Нязграбна ўзяла сваю сумку — адтуль усё пасыпалася»

— Больш за год таму працавала ў маёй камандзе адна дзяўчына, якая цягала дадому туалетную паперу і гарбату. Пры гэтым заробак у яе быў значна вышэйшы за сакральныя «па пяццот» долараў. 

Калі я даведаўся пра гэта, вядома, запытаў: «Навошта?» На што яна прадставiла жалезабетонныя аргументы:

— Па-першае, гэтыя рэчы — для супрацоўнікаў, а я супрацоўніца. Па-другое, праз аддаленую працу я не магу карыстацца гэтымі рэчамі ў офісе, таму карыстаюся імі дома.

Аднак мне падаецца, гэта ўсё ж паталогія.

Як я сам даведаўся пра звычкi дзяўчыны: аднойчы мы ездзілі ў офіс перападпісваць дакументы, і яна нязграбна ўзяла сваю сумку — адтуль усё пасыпалася. Мы былі ўдваix, тады і паразмаўлялі.

Мне здаецца, офіс-менеджарка таксама даведалася ці вылічыла яе, бо некалькі разоў яна пісала ў чаціку, што зноў папера кудысьці падзелася, і нават спрабавала пільнаваць, — а потым рэзка перастала ўздымаць гэтую тэму. 

А дзяўчына ад таго моманту прапрацавала ў кампанii яшчэ 3-4 месяцы ды потым сышла.

«Засядзеўшыся дапазна, узяў з сабой пачак печыва дадому — на раніцу да гарбаты»

— Некалькі разоў, збіраючыся за горад, заходзіў у офіс і браў вадзіцы і квасу ў дарогу. Офіс кампаніі быў якраз на выездзе з Мінска. 

Аднаго разу, засядзеўшыся дапазна, узяў з сабой пачак печыва дадому — на раніцу да гарбаты, бо было лянотна заязджаць у краму.

Сусед аўтара dev.by (згадвалі пра яго ў закліку: у сваю чаргу купляць туалетную паперу гэты чалавек прыносіў з кухні ў офісе Wargaming папяровыя ручнікі) нейкі дзіўны: у нас у туалетах заўсёды была нармальная туалетная папера, нашто браць ручнікі?

Клас
4
Панылы сорам
39
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
8