Сустрэча прадстаўнікоў палка Каліноўскага з Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаннем у Вярхоўнай Радзе Украіны «Дэмакратычная Беларусь». Кіеў, 19 кастрычніка. Фота: тг-канал палка Каліноўскага

Сустрэча прадстаўнікоў палка Каліноўскага з Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаннем у Вярхоўнай Радзе Украіны «Дэмакратычная Беларусь». Кіеў, 19 кастрычніка. Фота: тг-канал палка Каліноўскага

Двое каліноўцаў — Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — застаюцца ў палоне. Абодва яны ўключаныя ў спіс на абмен ваеннапалонных. Ці няма дыскрымінацыі ў дачыненні беларусаў пры вырашэнні, каго абмяняць?

«Я не думаю, што можа быць дыскрымінацыя з нашага боку. З расійскага боку можа быць, — мяркуе дэпутат Вярхоўнай Рады ад кіруючай партыі «Слуга народа» Багдан Яроменка. — Вы ж разумееце, што яны могуць паддобрывацца да Лукашэнкі».

Інфармацыі пра двух палоненых беларусаў у дэпутата няма. Дэпутаты рабілі запыт на працоўным узроўні ў СБУ, але адказ не атрымалі. 

«Гэта пытанне, дзе мы не лічым магчымым настойваць. Я вайсковымі палоннымі займаюся даўно, яшчэ будучы консулам, я разумею ўсю далікатнасць пытання — не дай бог што [лішняе] публічна выйдзе. Мы спрабуем праз вайсковае ведамства штосьці даведацца.

Вы ж бачыце — калі змаглі з азоўцамі выцягнуць іншых іншаземцаў, іх выцягнулі. Калі могуць, іх выцягваюць. Я не думаю, што ў нас ёсць нейкае перадузятае стаўленне да беларусаў. Як вас можна інакш успрымаць — вы такія, як мы».

Нядаўна каліноўцы заявілі пра палітычныя амбіцыі. Палітычны сойм палка цяпер прадстаўлены 10 чалавекамі.

«Гэта ў асноўным хлопцы, якія маюць баявы досвед і давер сваіх пабрацімаў. Калектывы іх высунулі, у нас праводзілся невялікія выбары. Цяпер гэты орган зацвярджае палітычнае бачанне — нашых кантактаў, кірункаў», — тлумачыць намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук.

Што да адносін са Святланай Ціханоўскай, то ён кажа, што агрэсіўнай рыторыкі да яе ў іх няма. «Асобным байцам мы не забараняем мець уласныя думкі. Але падкрэслю — мы не шукаем сабе ворагаў, у нас іх хапае».

Чаму ж палітычны блок палка тады не аб’ядноўвае сілы з Ціханоўскай?

«Мы стварыліся па ўласнай ініцыятыве, за ўласныя рэсурсы. Мы не бачылі заяў [з таго боку] па мабілізацыі ў нашы шэрагі, не бачылі заяў пра тое, што нам трэба амуніцыя. Мы рушым наперад і не бачым праблемы, каб нейкія палітычныя рэчы вырашаць самім, праз сваіх прадстаўнікоў», — даводзіць Кабанчук.

На свабодных выбарах у будучым, магчыма, хтосьці з байцоў і будзе ўдзельнічаць. Але найперш полк бачыць для сябе іншую задачу — стаць падмуркам для новага сучаснага беларускага войска.

Клас
32
Панылы сорам
13
Ха-ха
14
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3