Але для гэтага, як распавяла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Іна Гаўрыльчык, трэба выканаць некалькі ўмоў.

«Закон аб абароне правоў спажыўцоў кажа пра тое, што трэба пацвердзіць куплю пэўнага тавару ў гэтага прадаўца. Зрабіць гэта можна рознымі спосабамі: выпіскай з карт-рахунка, пазнакай на ўпакоўцы, якая пацвярджае, што тавар набыты ў гэтым гандлёвым пункце. Гэта пры ўмове, што тавар належнай якасці», — заявіла чыноўніца.

Некаторыя прадаўцы, карыстаючыся няведаннем пакупнікоў, адмаўляюцца прымаць тавар без таварнага чэка.

Але калі ад моманту пакупкі прайшло не больш 14 дзён і тавар знаходзіцца ў добрым стане (няма бачных слядоў эксплуатацыі), то прадавец абавязаны яго прыняць. І нават калі тавар быў ва ўжыванні, але мае відавочныя дэфекты (брак), яго таксама можна вярнуць без чэка, атрымаўшы грошы назад.

«Тавар неналежнай якасці, калі згублены чэк, таксама можна вярнуць. Да прыкладу, у складанага тэхнічнага тавару ёсць інструкцыя аб выкарыстанні або талон, у якіх абавязкова павінна быць адзнака прадаўца. Што таксама з'яўляецца доказам таго, што тавар набыты ў канкрэтнага прадаўца», — сказала Гаўрыльчык.

Па яе словах, яшчэ адзін варыянт — сведкавыя паказанні.

Нельга не згадаць, што ёсць тавары, якія не падлягаюць вяртанню. У лютым улады пашырылі гэты спіс. Сёння ў ім 36 пазіцый, у тым ліку біжутэрыя, ювелірныя вырабы, лекі, бялізна, прадметы асабістай гігіены, цацкі, навушнікі, паркет, ламінат, керамічная плітка, шпалеры, але ёсць і выключэнні.

«Да прыкладу, можна вярнуць шпалеры. Калі вы купілі 10 трубак, выкарыстоўвалі 8, а дзве засталіся нераспакаваныя, іх можна вярнуць, і прадавец не мае права адмовіць», — запэўнівае прадстаўнік МАРГа.

Нягледзячы на вышэйназваныя лайфхакі, набываючы тавары як у звычайных крамах, так і ў анлайне, лепш усё ж прасіць чэк і гарантыйны талон (калі ён прадугледжаны).

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0