Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Пра першы допыт

«Мне здаецца, я зразумела, што адсяджу, яшчэ 9 жніўня, калі выйшла з кватэры, каб пайсці на ўчастак і паздымаць што-небудзь», — расказала Дар’я.

Каля дзвярэй кватэры журналістку чакалі два чалавекі ў цывільным, якія адвезлі яе ў РУУС:

«І 12 гадзін запар тры следчыя, якія змянялі адзін аднаго, спрабавалі залезці да мяне ў галаву і прамыць мне мазгі».

Адпусцілі дзяўчыну толькі а другой гадзіне ночы:

«Дома я закрыла ўсе замкі, пабегла ў душ і спрабавала змыць з сябе гэта ўсё. У мяне было адчуванне, што мяне проста згвалтавалі… А праз два дні я зноў пайшла на працу».

Пра тое самае фота з суда

Чульцова расказала, як атрымалася тое самае «кананічнае» фота з суда, дзе яна і Кацярына Андрэева ўсміхаюцца ў камеры, нібы падбадзёрваючы тых, хто застаўся на волі. Паводле яе словаў, гэта была не ўсмешка, а смех, прычым шчыры:

«Мы ведалі, што так і будзе, і смяяліся з пракуроркі і з суддзі, быццам мы іх раскусілі: «Мы ведалі, што вы так зробіце, але нам пляваць».

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова на судзе

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова на судзе

Пра прашэнне аб памілаванні і тэрміны палітвязняў

У калоніі на Дар’ю ціснулі, каб яна падпісала прашэнне аб памілаванні. У нейкі момант у яе ледзь не здалі нервы, але ўрэшце гэта прайшло і патрабаванням сілавікоў дзяўчына не падпарадкавалася.

«Я казала кожны дзень усім, хто мяне выклікаў: «Я не магу прызнацца ў тым, чаго я не рабіла. Я не магу прасіць чалавека, які мяне пасадзіў, мяне адпусціць». Проста рука б не паднялася, а калі б паднялася, левая яе б схапіла».

Пры гэтым журналістка патлумачыла, што не асуджае людзей, якія ўсё ж падпісалі прашэнне:

«Гэта выбар кожнага. У кожнага свае прычыны напісаць [прашэнне] на памілаванне».

На думку Дар'і, асуджаныя, якія атрымалі вялікія тэрміны, такія як Віктар Бабарыка (асуджаны на 14 гадоў узмоцненага рэжыму) і зняволеныя па «справе Аўтуховіча», не адбудуць іх цалкам, «таму што і за год усё можа памяняцца, а за 10 гадоў і пагатоў».

Звязана гэта, лічыць яна, з ходам вайны ва Украіне:

«Калі Украіна выйграе, гэта ўсё пераверне».

Пра святы ў зняволенні

Першы свой дзень народзінаў за кратамі Чульцова правяла ў СІЗА на Валадарцы. У камеры на шэсць чалавек яна жыла яшчэ з трыма «палітычнымі» сукамерніцамі: яны змайстравалі ёй у падарунак самаробную газету з выразкай фота яе і Андрэевай з «Новага часу» (незадоўга да гэтага якраз прайшлі суды) і зрабілі торт:

«А ў наступны дзень народзінаў у калоніі я працавала, хоць была нядзеля».

На Новы год у калоніі можна было класціся пазней — у гадзіну ці ў дзве ночы, расказвае Чульцова: зняволеныя нават гатавалі, накрывалі сабе сталы, рабілі напоі з гарбаты каркадэ і ладзілі танцы з музыкай:

«Гэта нейкі рытуал: калі ты сядзіш у калоніі, гэта не значыць, што жыццё спынілася».

Пра тэлестудыю і фабрыку

У калоніі ёсць свая тэлестудыя пад назвай «Вектар», дзе асуджаныя самі здымаюць сюжэты. Дар’ю, аднак, адміністрацыя туды не пускала, таму што яна стаяла на прафуліку як схільная да экстрэмізму:

«Яны баяліся, напэўна, што калі я атрымаю доступ да гэтага, то рэвалюцыю зладжу!»

Пасада на тэлестудыі, па словах журналісткі, лічылася прэстыжнай, таму што пазбаўляла ад працы на фабрыцы, якой імкнуліся пазбегнуць усе зняволеныя:

«Ты ходзіш туды і шыеш, не разумеючы, што ты шыеш. Пастаянны крык, шум, хтосьці нечага пастаянна ад цябе патрабуе… На гэтай вытворчасці цяжка эмацыйна і фізічна», — прызнаецца Дар’я, дадаўшы, што «яны не ўспрымаюць цябе як чалавека — проста бачаць у табе раба, які павінен працаваць».

Пра побыт у калоніі

Цяжка даводзілася без звыклых сродкаў догляду: даводзілася купляць тое, што было ў краме ў калоніі — у асноўным беларускую касметыку.

Па словах Дар'і, «людзям, у якіх ёсць перадачы, з гэтым прасцей», аднак па факце ў калонію прапускаюць толькі шампунь, бальзам для валасоў і крэм, які даводзіцца расходаваць на ўсе часткі цела. Пры гэтым у СІЗА і ў калоніі можна было напісаць заяву на гуманітарку, куды ўваходзяць паста, шчоткі, пракладкі і мыла.

У калоніі нават ёсць цырульня — там працуе асуджаная, да якой можна запісацца бясплатна, а вось манікюр даводзілася рабіць самастойна.

Абутак і адзенне ў калонію «з волі» можна перадаваць толькі чорнага колеру. Раней, успамінае Дар’я, зняволеным дазвалялася насіць, напрыклад, рознакаляровыя шкарпэткі і дажджавікі, але потым забаранілі і іх:

«А калі бачыш кожны дзень чорнае, дэпрэсія табе забяспечаная».

Пра пачатак вайны ва Украіне

Дар’я расказала, як для яе пачалася вайна ва Украіне 24 лютага:

«Спачатку ты ў гэта не верыш, не разумееш, што адбываецца, — і вось вы ўсе пачынаеце ў гэтым варыцца».

Паводле ўспамінаў Дар'і, пасля пачатку вайны над калоніяй нізка і вельмі часта лёталі грузавыя вайсковыя верталёты — іншых самалётаў пасля перакрыцця неба відаць не было.

Калонія знаходзіцца на ўскраіне Гомеля, недалёка ад мяжы з Украінай, і падчас гулу самалётаў зняволеныя разумелі, «што туды дастаўляюць і хто дастаўляе»:

«Першы раз, калі я прачнулася ноччу [ад шуму], я падумала, што ляціць ракета [проста ў калонію], і ўжо развіталася з жыццём. Гэта было страшна».

Пра даносы на асабістае жыццё

Любоўныя сувязі ў зняволенні здараюцца, расказвае Дар’я, таму што «ў калоніі вялікая колькасць дзяўчат, і не ўсе з гэтых дзяўчат гетэрасэксуальныя».

Аднак любыя праявы пачуццяў тут жа становяцца вядомымі і імгненна спыняюцца:

«Даносы», — тлумачыць журналістка, дадаўшы, што «нехта адразу пабяжыць да опера і ўсё раскажа».

Пра вулічныя маршы ў 2020 годзе»

«Столькі людзей на вуліцы, калі ты выходзіш на праспект і не бачыш канца і краю гэтай плыні, — такія пачуцці перапаўнялі! Я памятаю: стаіш з камерай і забываеш здымаць, таму што глядзіш на гэтых людзей, усе гэтыя цудоўныя твары, і ўсе яны ідуць, усміхаюцца і адчуваюць нейкае яднанне паміж сабой. І ў гэты момант ты адчуваеш: вы адзін народ, адна краіна — і гэта было выдатна».

Клас
104
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
11
Абуральна
13