«Наша Ніва»: Летам прайшоў першы амерыканскі тур Маргарыты Ляўчук. Як з’явілася ідэя прывезці яе ў ЗША?

Аляксандр Чахоўскі: Яна была ў мяне даўно, але нядаўна я скантактаваўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Штатах. У 2021 годзе мы ў Беларускай радзе культуры вырашылі, што хопіць ужо жыць у парадку дня рэжыму, трэба ствараць свой. Культура і ідэнтычнасць перадусім, як і тлумачэнне праз культуру, хто такі беларус і што такое наша краіна. Так і нарадзіліся Дні беларускай культуры, якія мы праводзім пры падтрымцы нашых палітычных лідараў, беларускай дыяспары і творчай супольнасці.

Ёсць дата 7 ліпеня, сусветны Дзень беларускай культуры, у які нарадзіліся Марк Шагал, Янка Купала, калі адзначаецца Купалле. Вакол гэтай даты ёсць і іншыя Дні беларускай культуры, у якія беларускія творцы так ці інакш паказваюць сваю працу ва ўсіх краінах, дзе гэта магчыма.

Вясной у нас былі перамовы з амерыканскай дыяспарай, і я ім закідваў ідэю прывезці Маргарыту. А потым гэтая ідэя развілася, і прадстаўнікі [амерыканскай] Фундацыі Пятра Крычэўскага сказалі: «Прыязджайце, бачым патэнцыял на тры канцэрты». Але калі мы пачалі рыхтавацца, астатнія беларускія суполкі ў іншых гарадах таксама пра гэта даведаліся, і ў выніку ў нас было дзесяць канцэртаў у розных штатах.

«НН»: Гэта былі падзеі ўнутры дыяспар?

АЧ: Гэтыя канцэрты арганізавалі дыяспары. Усе яны прайшлі пад знакам дабрачыннасці: уваход быў ці за данаты, ці за квіткі, але ў любым выпадку грошы ішлі, напрыклад, на падтрымку ахвяр вайны ва Украіне ці палка Каліноўскага. Зразумела, што асноўны фокус быў накіраваны на беларускую супольнасць, але на нашых канцэртах былі і амерыканцы небеларускага паходжання, палякі, украінцы і літоўцы.

«НН»: Лічыце амерыканскі досвед паспяховым?

АЧ: Адзін з прадстаўнікоў беларускага кам’юніці ў ЗША расказаў мне такую думку. Калі беларусы пераязджаюць у іншую краіну, той нацыянальны культурны код, які ў іх ёсць на момант пераезду, быццам застаецца замарожаным. Яны інтэгруюцца ў амерыканскае грамадства, але ў ім беларускай культуры асабліва няма. Тое, з чым чалавек сутыкаецца ў новай культуры, не надта ўплывае на яго культурны бэкграўнд, гэтая сувязь з Беларуссю застаецца вельмі моцнай. Таму для нас было так цікава ладзіць гэтыя канцэрты, бо мы з гэтым бэкграўндам сутыкаліся.

А яшчэ гэта быў і вялікі выклік, таму што большасць людзей, што прыйшлі на канцэрты, увогуле не былі знаёмыя з акадэмічнай музыкай, а тут яшчэ і беларуская акадэмічная музыка. Тым не менш, калі такую музыку выконваюць таленавітыя артысты, такія як Маргарыта Ляўчук, Ілля Сільчукоў, Таццяна Лойша, калі правільна пабудаваная імпрэза, усё спадабаецца нават людзям, якія лічылі сябе негатовымі да акадэмічнай музыкі. Але ж стэрэатыпы існуюць, і яны ўплываюць на ўспрыняцце знаёмага і незнаёмага кантэнту.

Некаторыя творы ўпершыню гучалі за акіянам, і мы лічым пэўным дасягненнем тое, што мы гэта зрабілі. Дзве імпрэзы ў нас атрымаліся этна-акадэмічнымі, бо ў Мінеапалісе і Чыкага да іх далучыўся выбітны музыка і фалькларыст Сяржук Доўгушаў.

Падчас імпрэз я тлумачыў, што кожны твор значыць для нас, наколькі ён актуальны і як узнік, чаму і асобы, і творы тых жа Голанда, Манюшкі і Агінскага — гэта частка нашай музычнай спадчыны. У пачатку імпрэз бачыў у людзей трохі неразумеючыя позіркі, але потым гледачы сапраўды раскрываліся.

Як прадзюсар, заўсёды кажу, што мая задача — пасадзіць чалавека ў крэсла, і калі ўжо ён там, ён — мой. Людзі прыйшлі на імя, бо ведалі, хто такая Маргарыта Ляўчук, і не надта цікавіліся самой музыкай, але потым, калі чулі яе, цалкам змянялі стаўленне.

«Калі нехта думае, што Маргарыта Ляўчук адразу стала вядомай»

«НН»: Вы сутыкаецеся з хэйтарамі ў сваёй працы?

АЧ: Часам людзі не надта падзяляюць маю прадзюсарскую дзейнасць і працу ў Беларускай радзе культуры, праз гэта атрымаў некалькі хэйтарскіх каментароў.

«НН»: У чым вас абвінавачвалі?

АЧ: У тым, што Беларуская рада культуры нібыта толькі і займаецца тым, што прасоўвае Ляўчук і траціць на гэта ўсе грошы. Насамрэч, рада не сплаціла Ляўчук ні аднаго еўрацэнта, той жа амерыканскі тур быў цалкам зроблены за грошы беларусаў у Амерыцы і па іх ініцыятыве. Маргарыта, у сваю чаргу, з пачатку існавання Беларускай рады культуры зладзіла багата канцэртаў у падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры, шматлікія відэа на яе ютуб-канале заўжды суправаджаліся спасылкамі на данаты для рады, і гэтыя грошы мы размяркоўвалі на тых, хто пацярпеў [ад рэпрэсій].

Чытаю не ўсе каментары і паведамленні ў дырэкце, але збольшага заўважаю ў хэйтараў зайздрасць па прычыне нейкага траўмавання. У нас багата творцаў, і шмат хто з іх пацярпеў, не ва ўсіх атрымоўваецца нешта рабіць у новых умовах.

Шмат для каго вялікая праблема — гэта менеджмент. Бывае, што творцы даволі паспяхова будуюць кар’еру ў Беларусі нават без адмысловых чувакоў накшталт мяне, але калі яны з’язджаюць, не даюць рады. У Беларусі ўсе знаёмыя і ўсё сваё, больш-менш зразумела, як працаваць, так што менеджмент, можа, і не патрэбны. А тут ты раптам апынуўся ў новых умовах, а потым яшчэ і вайна, і цябе пачынаюць дыскрымінаваць, бо Украіна на першым плане, а беларусы — агрэсары.

«Не можаш сам — спрацуйся з менеджарам»

У некаторых артыстаў менеджмент адладжаны, яны запатрабаваныя і маюць графік занятасці, у іншых такога няма, і яны застаюцца ў цені. Каб перайсці ў вышэйшую лігу, ім трэба медыяпадтрымка, засвяціцца ў нейкім праекце, а каб гэтага дасягнуць, трэба зрабіць шмат падрыхтоўчай працы.

Калі нехта думае, што Маргарыта Ляўчук адразу стала вядомай, гэта не так. Мы пачалі з ёй супрацоўнічаць у 2012 годзе, і гэта была цяжкая праца. Кожны дзень мы штосьці рабілі, каб прасоўваць беларускую акадэмічную музыку, ладзіць незвычайныя імпрэзы, інтэграваць цікавыя музычныя прадукты ў звычайнае жыццё або карпаратыўныя святы. Калі трэба было ў Мінску нешта звязанае з класікай ці нешта незвычайнае, што было б ускосна звязана з класікай, усе ведалі, што па такое трэба звяртацца да мяне.

Марго часта можа крыўдзіцца, калі яе запрашаюць недзе выступіць бясплатна, «за ідэю». Умоўна з 8—9 гадоў яна кожны дзень працавала над сабой як над артысткай. Цяпер ёй 32, то-бок 24 гады чалавек кожны дзень працуе. Хацелася б, каб было разуменне, што гэта яе прафесія і яе хлеб, і каб людзі паважліва ставіліся да гэтага. Дабрачынныя праекты і імпрэзы мы і самастойна можам зладзіць, а калі паважаеце артыста і кудысьці запрашаеце — прапануйце ганарар. 

Трэба разумець, што для поспеху патрэбныя менеджмент, піяр, талковы маркетынгавы падыход у стварэнні мастацкіх прадуктаў.

Вельмі часта артысты займаюцца творчасцю, толькі каб сублімаваць сваю энергію, эга. Трэба задаваць сабе пытанні, што ты хочаш паказаць і якіх вынікаў дасягнуць для сябе, грамадства і чалавецтва. Не можаш задаваць іх — спрацуйся з менеджарам і твары, а ён сам прыдумае, хто твая аўдыторыя і як цябе прасоўваць.

І яшчэ. Мы з вамі разумеем, што такое свабода, павага, плюралізм думак і іншыя сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, то-бок што такое сапраўднае дэмакратычнае грамадства і якія з гэтага выцякаюць высновы. Але мы выраслі ў краіне, якая гэта ганьбіць. Годныя людзі ўвесь час адчувалі, што нешта там не тое, але ўсё роўна гэта так. Заўважаў за сабой, што калі ствараю нейкі праект з артыстамі, а потым нехта кліча гэтых жа артыстаў у падобны праект, у мяне пачыналася нейкай рэўнасць, але зараз бачу ў такіх выпадках толькі плюсы. Так працуе дзяржпрапаганда: яна не радуецца і не выстаўляе чыесьці поспехі, а пераварочвае іх.

То-бок у табе жыве гэткі маленькі камісар НКВД, які не дае табе парадавацца за чалавека, дык парадуйся ж за яго. Твой калега, суайчыннік нечага дасягнуў, паспрабуй гэта шчыра раздзяліць. Разумееш, што мог бы не горш — калі ласка, рабі!

Я не распараджаюся ўсімі рэсурсамі Беларускай рады культуры, мы — арганізацыя грамадзянскай супольнасці. Нашы з Маргарытай праекты мы робім асобна. Творчыя праекты могуць быць падтрыманыя радай праз конкурс. Табе могуць дапамагчы падрыхтавацца, пракансультаваць, але ты мусіш прапанаваць годную ідэю ці праект і мець разуменне яго каштоўнасці і працэсаў імплементацыі.

Адна з важных задач Беларускай рады культуры — выхаваць пакаленне менеджараў, якія змогуць дапамагаць нашым творцам рэалізоўваць іх творчыя прадукты. Ёсць і задача займацца прасоўваннем нашай краіны праз інструменты культуры, калі творцы самі па сабе, ім вельмі складана гэта зрабіць, а разам гэта значна прасцей.

«Калі б Марго не была такая смелая»

«НН»: 2020 год стаў для Маргарыты Ляўчук найбольш прарыўным?

АЧ: Не, у яе раней быў пэўны ўздым, хаця і не такі, як у 2020-м. Гэта быў час пасля 2017 года, калі Маргарыта трапіла ў фінал расійскага тэлевізійнага конкурсу «Вялікая опера» на канале «Расія-Культура». Цяпер усё гэта можа гучаць як зашквар, але тады так не было, і сама мэта конкурсу была вельмі класная. Сярод людзей, якія цікавяцца акадэмічнай музыкай, Маргарыта тады стала больш папулярнай.

У 2018 годзе мы зладзілі яе першы канцэрт з аркестрам і сабралі поўную залу мінскай філармоніі. Для маладой артысткі і не надта вядучай салісткі Вялікага тэатра гэта быў вельмі добры вынік. На гэты канцэрт я запрасіў некаторых оперных дырэктараў, з якімі ўжо праходзілі перамовы наконт запрашэнняў для Маргарыты выступіць у Еўропе, у выніку яна пазней паехала спяваць у Фларэнтыйскую і Талінскую оперы.

Марго вельмі нестандартная артыстка, і мы рабілі з ёй розныя смелыя рэчы — напрыклад, арт-ню фотасесія ў часопісе «Большой», якую псеўдапурытанская частка нашага асяроддзя ўспрыняла ледзьве не з жахам. Усе чамусьці прывыклі, што оперныя спевакі — гэта застылыя ў часе людзі ў фраках і крыналінах, але калі паглядзець на сучасную оперу, гэтага ўсяго няма.

Так што мы эксперыментавалі, і Маргарыта малайчына, што заўсёды гатовая да гэтага. Яна спявае не толькі оперу, Марго таксама выступала і з джазавымі кампазіцыямі, і з фолькавымі. Гэтакая кросжанравасць — вельмі істотная рэч для яе. І, канешне, 2020 год стаў пераломным, але ж яна не ўзялася зніадкуль.

«Пакарай іх, Божа, пакарай»

«НН»: Як з’явілася «Чырвоная зелень»?

АЧ: Мы з Маргарытай вельмі любім акадэмічную творчасць. Можа, я люблю яе нават больш, чым Марго, і таму яе час ад часу прываблівае нешта хуліганскае. І калі ты бачыш трэш, што з’яўляецца ў навінах, хочаш неяк адрэфлексаваць гэта публічна.

Ад пачатку «Чырвонай Зелені» я амаль ім не дапамагаў, апроч пэўных арганізатарска-капірайтарскіх намаганняў. Андрэй Павук даўно прапаноўваў нешта запісваць з Маргарытай, але ж зразумела, што ён — аматар у музыцы, а Маргарыта — суперпрафесіянал. Гэтае спалучэнне аматарства і прафесіяналізму выглядала для нас недарэчным, тым, што можна назваць дэвальвацыяй твайго ўзроўню.

Яны запісалі разам пару песенек, у тым ліку пад Новы год, і яны добра зайшлі. Потым была паўза,

а пазней узнікла тое дурацкае відэа [з праўладнага канала з песняй] «Пакарай іх, Божа, пакарай». Памятаю гэты шалёны позірк Маргарыты: «Давай, давай! Мы мусім зрабіць адказ».

Назву дуэта яны нарадзілі разам з Павуком, адразу ж з’явіўся начос. Мы вельмі хутка запісалі той відос, і ён паляцеў. Так што гэта ўзнікла стыхійна, хаця і выспявала з розных бакоў — напэўна, з майго боку менш.

«НН»: Зразумела, што сёння оперу ўспрымаюць не надта лёгка. Дык як атрымалася зрабіць оперную спявачку такой папулярнай?

АЧ: Усе гэтыя гады мы жылі разам, бо былі ў шлюбе, хаця пра гэта ніхто не ведаў. Кожны дзень я выконваў функцыю ментара: матываваў яе, падказваў і ўсяляк запускаў механізм працы, і гэта была ў чыстым выглядзе камандная праца.

Калі б Марго не была такая смелая, таленавітая з розных бакоў, харызматычная, адкрытая да эксперыментаў і ў жанрах, і ў падачы, нічога б не атрымалася. У яе вельмі шырокі дыяпазон, і ёй падабаецца, што сёння яна спявае оперу, заўтра здымае кліп «Чырвонай Зелені», а потым спявае джаз. Лічу, што гэта яе ўзмацняе. Хтосьці можа сказаць, што нейкая сфера заўсёды будзе прасядаць, але я так не лічу, бо калі ты ведаеш, як над сабой працаваць у оперным сэнсе, ты будзеш у форме. Іншыя праекты узбагачаюць цябе як артыста, бо дапамагаюць лепш уваходзіць у ролю на сцэне, а гэта дужа істотна. Напэўна, для Маргарыты гэта адна з частак формулы поспеху, бо яна ў гэтым сэнсе непаўторная.

«Блізкія адносіны — гэта перш за ўсё сяброўства, бо нельга вельмі доўга працягнуць на эмоцыях і фізіялогіі»

«НН»: Чаму вы хавалі свой шлюб з Маргарытай?

АЧ: У нас былі адносіны, але на сам шлюб мы пайшлі, проста каб яе не размеркавалі куды-небудзь далёка. Не было вяселля — пайшлі і распісаліся, мы і пра адносіны нікому не казалі. Гэта было нашай таямніцай, гульнёй, мы не хацелі публічнасці.

Блізкія сябры і нашы бацькі ведалі пра шлюб, то-бок мы не хавалі яго, а хутчэй не публічылі, а калі нехта з журналістаў пытаўся пра стасункі між намі, мы адказвалі на гэта, гуляючы.

Мы абое лічылі, я і дагэтуль так лічу, што сацсеткі — не тая інфармацыйная прастора, куды трэба выносіць асабістае. Можна запосціць туды нейкую рэфлексію наконт адносінаў ці шукаць там падтрымку, калі нешта здарылася. Але сядзець там пастаянна — гэта лішняе ў нашай прафесіі.

«НН»: Як вырашылі зладзіць вечарыну ў гонар вашага разводу?

АЧ: Калі мы рассталіся, вырашылі, што будзем працаваць разам, але пры гэтым адчувалі, што нам патрэбны перапынак. Прайшоў нейкі час, потым я змяніў сваю літоўскую лакацыю на тры месяцы ў Грузіі, дзе цалкам перазагрузіўся.

Калі я вярнуўся, мы яшчэ раз дамовіліся пра прынцыпы супрацы, і ўзнікла ідэя: ты класная і я класны, вяселля ў нас не было, дык, можа, зробім антывяселле? Пакажам людзям сваім прыкладам, што развод — гэта не катастрофа, і можна застацца ў нармальных адносінах, зробім эмацыйны пункт.

Блізкія адносіны — гэта перш за ўсё сяброўства, бо нельга вельмі доўга працягнуць на эмацыйных і фізіялагічных рэчах, патрэбны сябар, які будзе падзяляць твае каштоўнасці і якому ты можаш давяраць. Мы такімі і былі, у пэўным сэнсе і застаемся. Калі так атрымалася, [што вы не разам,] чаму ты не здольны эвалюцыянаваць, каб пакінуць сяброўства дзеля агульных дасягненняў і мэтаў, проста адносін? Ты сябраваў з чалавекам, і толькі з-за таго, што ён прапанаваў разысціся, заканчваць з сяброўствам? Лухта.

«НН»: Як вам цяпер працуецца разам?

АЧ: Нармальна, мы амаль што кожны дзень на сувязі і часта бачымся. Мне падабаецца, што Марго стала больш самастойная ў працоўным сэнсе, бо калі мы жылі разам, я закрываў большасць пытанняў, а цяпер я фізічна не магу гэта рабіць — у мяне ёсць уласнае жыццё і праца ў Беларускай Радзе культуры. Мы працягваем супрацоўнічаць, я займаюся яе кар’ерай наогул, прадзюсаваннем і фінансавым менеджментам, па-ранейшаму з’яўляюся яе ментарам. Марго неймаверна вырасла за апошні час, яна часта сама прыходзіць з прапановамі. Упэўнены, што хутка парадуем цікавымі праектамі і новымі кліпамі!

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук гатова адкрываць дзверы нагой, паказваць пашпарт і крычаць: «Я — беларуска!»

Аляксандр Чахоўскі: Бізнэсовец, які прадзюсуе оперы

Гісторыя аднаго мудрага рашэння 1915 года, ці Чаму Маргарыта Ляўчук у 2020-м дзейнічала так, як дзейнічала

Клас
92
Панылы сорам
10
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
10
Абуральна
21